«Зоркі над Дзяржыншчынай» – новая кніга Антона Анісовіча


«Зоркі над Дзяржыншчынай» – новая кніга Антона Анісовіча

14.06.2023                                                          Новые книги


Днямі з’явілася на свет новая кніга нашага земляка члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Антона Анісовіча. Яго чарговы, сёмы па ліку, вершаваны зборнік пад назваю «Зоркі над Дзяржыншчынай» у поўнай меры раскрывае рознабаковыя прыхільнасці і інтарэсы аўтара.

І на гэты раз Антон Анісовіч праявіў адданасць свайму творчаму крэда, прысвяціўшы большасць вершаў роднаму краю. Такія шчырыя пачуцці да малой радзімы тлумачацца тым, што родам паэт з маленькай вёсачкі Саковічы, што прытулілася каля падножжа вышэйшай кропкі Беларусі гары Дзяржынскай. Менавіта тут, у вясковым асяродку з маляўнічым прыродным ландшафтам, прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады. Адсюль жа ён працягвае чэрпаць духоўныя і творчыя сілы.

Зараз Антон Браніслававіч жыве ў аграгарадку Путчына. Не парываючы сувязь з малой радзімай, ён доўгія гады працаваў настаўнікам, быў кіраўніком установы адукацыі. Вясковы інтэлігент не толькі аддаваў шмат энэргіі рабоце ў школе, але і знаходзіў час для ўдзелу ў грамадскім жыцці вёскі. Адначасова яго дзейная натура патрабавала выхаду прыродных схільнасцей і задаткаў. З дзяцінства ён валодаў ігрой на баяне і стаў душою і акампаніятарам творчага калектыву «Гуляначка» пры мясцовай установе культуры. Яго першая спроба /пяра таксама была ўдалай, і творы паэта пачалі з’яўляцца на старонках перыядычнага друку. Ён стаў актыўным удзельнікам народнага літаратурнага клуба «Выток» пры Дзяржынскай раённай бібліятэцы. У асяроддзі аднадумцаў канчаткова сфарміраваўся яго паэтычны стыль, які, у спалучэнні з сакавітай беларускай мовай, надаў яго творам самабытна-індывідуальны характар. За гэты час Антон Анісовіч атрымаў вядомасць не толькі як літаратар, але і нястомны краязнаўца.

Першая частка новай кнігі, названая «Шляхамі Дзяржыншчыны», увабрала вершы, звязанныя са знакавымі мясцінамі раёна. З вялікім пачуццём гонару за родны край паэт прысвячае вершаваныя радкі такім населеным пунктам, як Путчына, Татаршчына, Якуты, Негарэлае, Фаніпаль, Станькава. Пачэснае месца ў гэтым спісе, безумоўна, займае Дзяржынск. Варта адзначыць, што некаторыя вершы гэтага цыкла напісаны ў форме балад і паданняў, звязаных з мінулым нашага краю. А патрыятычны настрой аўтара і яго душэўная занепакоенасць за лёс Бацькаўшчыны выразна бачна ў вершы «Малітва», дзе прызыўна гучаць наступныя радкі:

 

Люблю я лясы і жытнёвыя нівы,

Улетку напіцца крынічнай вады.

Малюся, каб працаю край быў шчаслівы,

Каб гора не ведаў, бяды.

 

Усё, што адбываецца ў жыцці, асабістым і грамадскім, аўтар прапускае праз сэрца і паэтычным радком даносіць да кожнага чытача свае перажыванні і думкі, развагі і парады. Кожны радок – прызнанне ў вернасці і любові да роднай Беларусі і малой радзімы, даніна павагі і памяць пра подзвіг продкаў, якія з годнасцю пераадолелі ўсе выпрабаванні часу, клопат пра яе будучыню.

У другой частцы кнігі пад назваю “Званы Сафіі” Антон Анісовіч палемізуе з той радыкальна настроенай часткай насельніцтва, якая стала ахвярай маніпуляцый калектыўнага Захаду і за іудзіны грошы ў 2020 годзе выйшла на пратэстныя мітынгі. Адначасова паэт нагадвае падобным асобам пра сапраўдны патрыятызм, які праявілі нашы продкі, адстаяўшы ў гады Вялікай Айчыннай вайны свабоду і незалежнасць для сучасных пакаленняў.

І як працяг размовы гучаць разважанні аўтара над праблемамі сучаснасці. Яны аб’яднаны ў трэцюю частку кнігі з назвай «Палатно жыцця». А завяршаюць гэты паэтычны роздум «антосікі» – вершаваныя чатырохрадкоўі з філасофскім сэнсам, якія ўжо сталі візіткай аўтара.

З’яўленне на свет новай кнігі – гэта заўсёды прыемная падзея для тых, хто цікавіцца літаратурай. Новы творчы праект Антона Анісовіча – выдатны падарунак для прыхільнікаў беларускай мовы і паэтычнага слова. А пазнаёміцца з выданнем можна, наведаўшы чытальную залу гарадской бібліятэкі.

 

Віктар УРАНАЎ, Партал Дзяржынскага раёна

 

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси