Падарожжа ў МармеЛаднае лета


Падарожжа ў МармеЛаднае лета

27.04.2023                                                          Новости


Трымаю ў руках новую дзіцячую кніжку Таццяны Дземідовіч. Яркая каляровая вокладка, інтрыгуючая назва – “МармеЛаднае лета”, фармат цікавы – такую прыемна ўзяць у рукі. На яе маленькі чытач абавязкова зверне ўвагу ў кніжнай краме ці ў бібліятэцы, пагартае старонкі, паглядзіць малюнкі, а пасля захоча даведацца, якую ж гісторыю яна распавядзе?

І тут паўстае пытанне зусім іншага кшталту. Ці не хаваецца за знешней прывабнасцю небяспека, жорсткасць, агресія, бруд? Такія прыклады на жаль ёсць. І таму сёння дарослых турбуе: што трапляе ў рукі да іх дзяцей?

І сапраўды: а што пад заманлівай вокладкай кніжкі “МармеЛаднае лета”, пра што распавядае аўтар даверліваму маленькаму чытачу?

Спяшаюся заверыць – Таццяна Дземідовіч аўтар “правераны” і “надзейны”. І не толькі у сэнсе бяспечнага чытання, а яшчэ – і якасці тэкстаў. У яе пісьменніцкім багажы “МармеЛаднае лета” не першае кніга для дзяцей. У 2021 пабачыла свет, а пасля і атрымала добры водгук у чытача і калег па творчаму цэху, кніга “Эх, Ромашкин!”. Не падманула чытацкую аўдыторыю пісьменніца і на гэты раз.

На старонках сваёй кнігі Таццяна Анатольеўна распавядае пра самае звычайнае, але ў той жа час і самае галоўнае ў жыцці маленькага чалавека – сям’ю і сяброўства. Без прамога ўказання словам кніга вучыць ставіцца з павагай да пачуццяў іншых, быць сумленным і шчырым, дапамагае хлопчыкам і дзяўчынкам убачыць у сабе і іншых крыніцу духоўнай шчодрасці.

Так, герой апавядання “Як мы варылі самы смачны суп” старэнькі нямоглы дзядуля хлопчыка Сашкі засмучаны тым, што часам не можа пачаставаць усіх сяброў праўнука, бо цукеркі чамусьці хутка заканчваюцца. У размове са старым сябры даведаліся пра яго дзіцінства, якое выпала на гады ваеннага ліхалецця. Іх вельмі ўразіў аповед дзядулі Фёдара пра нястачу і голад. І дзеці вырашалі зрабіць такі ж самы суп, які еў дзядуля, калі быў малым хлапчуком. Сябры не маглі ўзяць на веру, што суп з вады, хлеба і нясмачнай цыбулі можа быць для кагосьці незвычайнай смакатой. Але пасля шмат чаго зразумелі.

Маленькіх герояў кніжкі чакае яшчэ шмат цікавых адкрыццяў. Бо летнія вакацыі толькі пачаліся, наперадзе цэлае лета. А гэта значыць, што ў ціхім гарадскім дворыку штодзённа будуць збірацца сябры. А з сябрамі, як вядома, заўсёды цікава і час ляціць імгненна. І ў адзін такі летні дзень, дзеці, дзякуючы чуламу сэрцу бабулі адной з дзяўчынак, выратавалі са сметніку кніжкі, далі ім другое жыццё. Яны зрабілі з бабулінай шафы кніжны прытулак, адрэмантавалі ім вокладкі і старонкі, а пасля знайшлі і новае месца жыхарства, далучыўшы да добрай справы аднакласнікаў і знаёмых.

Разумная любячая бабуля яшчэ не раз з’яўляецца на старонках кнігі. Як і ў сапраўдным жыцці, “кніжная” бабуля для малят і анёл-ахоўнік, і сябра, і дарадчыца. Менавіта бабуля ў апавяданні “Як мы з Кацярынкай нуду перамаглі” падштурхоўвае заняцца дзяўчынак-сябровак чымсьці карысным і патрэбным. Таксама з бабуляй і яе мінулым звязана гісторыя “Як мы даведаліся бабуліну таямніцу”. Як і ўсе дзеці, сяброўкі Алена і Кацярынка вельмі цікаўныя. Асабліва да таго, што не дазваляюць дарослыя. Дзяўчаткі вылучылі момант, калі бабуля адлучылася ў паліклінніку, і залезлі без дазволу ў камору. Перад іх вачыма адкрылася неверагодная цікавая выява: на палічках спалі і бачылі шчаслівыя сны старыя рэчы. У снах рэчы вярталіся ў той час, калі яны былі патрэбныя людзям і прыносілі карысць. Па законах жанру, бабуля, канешне, вярнулася дахаты ў самы цікавы момант, – калі маленькія неслухі чыталі ліставанне яшчэ маладых і вельмі закаханых адно ў аднаго дзядулі з бабуляй. Паважаючы святое права чытача – першаму даведацца пра ўсё самае цікавае, пісаць, што было далей не маю права. Скажу толькі, што і старыя рэчы могуць здзівіць і сагрэць сваёй любоўю нават пасля столькіх гадоў…

А прачытаўшы апавяданні “Як я хацела самакат” і “Як і рабіла добрыя справы”, маленькі чытач задумаецца над учынкам гераіні, а ў лепшым выпадку пазнае сябе і захоча нешта выправіць у паводзінах. На маю думку, – гэта і ёсць сталенне.

Калі гаварыць пра будову кнігі, – яна складаецца з кароткіх, напоўненых гумарам гісторый. Гісторыі рэалістычныя, з немудрагелістымі, амаль дзённікавымі назвамі. Для прыклада: “Як мы сустрэлі новага сябра”, “Як мы даведаліся бабуліну тайну” ці –“Як мы шукалі Сашкін настрой”. Проста і зразумела. Тым больш, што іх распавядае трэцякласніца Алена Коцікава, галоўная гераіня кнігі. І можа камусьці з дарослых, хто будзе разам з маленькім чытачом вандраваць па старонках “МармеЛаднага лета” , аповед галоўнай гераі сагрэе душы мілымі згадкамі школьнай бесклапотнай пары – сваё вераснёўскае сачыненне – “Як я правёў лета”.

А калі глыбей зазірнуць кніжныя радкі – то, за лёгкім гумарам, дзіцячай непасрэднасцю, недарэчнымі здарэннямі і прыгодамі, адкрываюцца іншыя далягляды. І ўжо бачыцца, як знаёмы ўтульны дворык, з цягам часу ператвараецца для сяброў у нешта больш значнае, роднае, дарагое.

Іна ФРАЛОВА

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси