У Выдавецкім доме «Звязда» выйшла кніга паэтаў Брэстчыны — «Чыстая музыка неба»


У Выдавецкім доме «Звязда» выйшла кніга паэтаў Брэстчыны — «Чыстая музыка неба»

Берасцейшчына — багаты паэтычны край. Яркія, зорныя імёны ў кожным яе куточку. Ганцавіцкі край — Міхась Рудкоўскі, Іван Кірэйчык, Уладзімір Марук, Іван Лагвіновіч, Алесь Каско, Віктар Гардзей. Піншчына — Яўгенія Янішчыц, Валерый Грышкавец. Бярозаўская старонка — гэта Васіль Сахарчук, Ніна Мацяш, Алесь Разанаў, Раіса Баравікова. Жабінка — Васіль Гадулька, Іван Арабейка. Пружанскі край — Мікола Засім, фактычна забыты зараз... Ляхавіччына — Алесь Бадак, Леанід Пранчак. Камянеччына — радзіма паэта і перакладчыка Васіля Жуковіча. А багатая на гісторыю Століншчына колькі паэтычных зорак выпеставала — Леанід Дранько-Майсюк, Міхась Шэлехаў. Берасцейскі раён, самае памежжа з Брэстам — Мікола Пракаповіч. Баранавіччына — Валянцін Таўлай. Драгічынскі край — Мікола Федзюковіч. Івацэвіччына — Уладзімір Мароз. Лунінеччына — Аксана Спрынчан... І сярод згаданых яркіх, сапраўды зорных па свайму мастацкаму таленту імёнаў мы не згадалі і паловы яркіх творчых асоб, чые творы чытаюцца, прымаюцца душою і сэрцам і праз гады пасля нараджэння вершаў, пасля нараджэння запамінальных радкоў. 


«Зямля-магніт» — з першай кнігай пад такою назвай прыйшоў да чытачоў Мікола Федзюковіч. «Ясельда» — назва адной з першых кніг Яўгеніі Янішчыц. А вось радкі з яе верша «Тут»: «Услухайся ў назвы: Яголін, Агова,/ Гойнава, Гуслікі, Горбень, Звінчо — / Тут, дзе ласкава павераць на слова,/ Але правераць затым на плячо.../ Тут, дзе хапае да хлеба і солі/ І на сталах не канчаецца мёд./ Тут, дзе не скончыцца песня ніколі/ І не ўпадзе на калені народ!» Вось і галоўным лейтматывам зборніка, які скалалі падборкі, не, хутчэй — асобныя кнігі трох цікавых, прыкметных на фоне літаратурнага жыцця Берасцейшчыны і ўсёй краіны аўтараў, і з’яўляюцца прыцягненне, трывалая злучанасць з роднай прасторай малой радзімы. І гэта зусім ніякі не правінцыялізм, не вясковасць, у якіх часам, а ў некаторыя перыяды — і часта, папікаюць беларускую нацыянальную паэзію. Якая можа быць правінцыйнасць у кнізе паэта-вандроўніка па Берасцейшчыне, усяму беларускаму Палессю Міколы Купрэева «Правінцыйныя фантазіі»?! І ў яго, і ў роўных яму землякоў гучыць, яскрава выяўляецца беларуская прысутнасць у вялікім планетарным свеце. З усімі вынікаючымі драматычнымі, трагедыйнымі, з усімі высокімі і шчаслівымі адметнасцямі нашага выключна беларускага лёсу, як і свайго арыгінальнага лёсу, так і агульнасусветнага, агульначалавечага... 

У «Чыстую музыку неба», зборнік, які пабачыў свет у Выдавецкім доме «Звязда», таленавіты, чуйны да паэтычнага слова мастацкі рэдактар, старшыня секцыі паэзіі Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Шніп сабраў кнігі Міколы Антаноўскага — «Над высокім жытам», Міколы Бусько «Кладка між сэрцаў», Анатоля Шушко «Вечная прага святла». Розныя па творчых памкненнях аўтары. Кожны — са сваім уласным светабачаннем таго, што адбываецца вакол, што сілкуе светлае чалавечае жыццё. І, паўтаруся, — аднолькава падобныя вось у гэтай сакральнай беларускай блізкасці да роднага, самага грунтоўнага, самага, няхай сабе і вясковага, значнага ў філасофіі гуманістычнага развіцця часу і чалавека ў часе. Шкада, што ў памкненні за сучаснымі тэхналогіямі жыцця (ці ўсяго толькі — выжывання, а ніякага не жыцця?), грамадства ўжо звычайна не заўважае ні глыбіню, ні касмічныя па сваёй сіле жаданняў захаваць сапраўднае творы паэтаў «правінцыйных». А гэтай глыбіні і ў такой вось, мала падобнай на іншыя фаліянты, кніжачцы «Чыстая музыка неба» звышдастаткова. 

Глядзі ў раку, часцей разводзь цяпельца

І слухай, як у храме, лесу спеў.

Тады табе тваё падкажа сэрца,

Як трэба жыць, адпрэчыўшы свой гнеў.

............................................…

І, можа, час настане, што ніколі

Не будзеш адчуваць сваёй віны

За тое, што канавай стане рэчка,

Замест цяпельца палыхне пажар,

Дні раўнадушна дагараць, як свечкі,

З дрэў ападзе не золата — іржа...

Ды, ведай, каб адолець гэта ліха,

Не праганяй з душы сваёй надзей.

Паслухай, 

паглядзі, 

пагрэйся ціха —

Тады ідзі ўжо з верай да людзей. 

(Мікола Антаноўскі). 

Родны лес, жыта, рэкі і рачулкі, усё наваколле Пружаншчыны, з якой звязаў свой лёс ураджэнец Ганцавіцкага края Мікола Антаноўскі, спалучаны з лёсам, гісторыяй людзей і паселішчаў, якія перажылі Вялікую Айчынную вайну, якія праз трагедыі выйшлі з новым усведамленнем, што значаць блізкія страты, — усе гэтыя жыццёва-мастацкія вобразы і сімвалы не проста падгледжаны паэтам, яны выраслі разам з яго свядомасцю, яны прыйшлі ў яго творы як стрыжнёвыя перакананні той веры, якую ён пакідае нашчадкам розных будучых пакаленняў. Жыццё-выпрабаванне і для паэта становіцца літаратурай-выпрабаваннем, паэзіяй-выпрабаваннем. І не выпадковымі падаюцца ў паэтычных росшуках Міколы Антаноўскага і вось гэтыя радкі (з верша «Памяці Алеся Каско»): «Далячынь недалёка адбегла./А куды ўжо далей? За крыжы?/ Не рэзон: рай рыхтуецца пеклам/ На зямлі, дзе няўтульна душы. /Хаця верым, што свет наш сатканы, /Як вясёлка жыцця, з дабрыні,/ Без душы тут не станеш каханым,/А з душою — пакутлівей дні...»

Мікола Бусько нарадзіўся на Карэліччыне. Вядомае гродзенска-брэсцкае памежжа. З Карэліцкай старонкі выправіўся ў недалёкі цэнтр асветы, прамысловасці, у цэнтр большай мітуслівасці — у Баранавічы, дзе жыве і працуе многія дзесяцігоддзі. У маёй чытацкай памяці паэт і яго творы — з самай першай кнігі «У Нёмна на плячах», выдадзенай у «Мастацкай літаратуры» ажно ў 1986 годзе. З таго часу і пракладае аўтар «Кладкі між сэрцаў», сённяшняга зборніку лепшых вершаў, свае масткі, свае кладкі між убачаным, разгледжаным, перажытым і асэнсаваннем усяго святла, якое павінна вывесці нас у далёкую шчаслівую будучыню. 

Ты стала для мяне

надзейнай часткай,

Віноўніца нанесеных трывог

Якім ты будзеш, 

праведны пачатак

У свет яшчэ няходжаных дарог?

Выразна адчуваю рання подых,

Румянак золака сышоў на твар табе…

Цяпер, каханая, найлепшай долі вартая,

Хоць з высакоснай восені ты родам.

.............................................…

А ты пайшла?..

Ці лёс так загадаў?..

Ці лес так нашаптаў?..

Глухія крокі

Маркоту перамешвалі з паўзмрокам,

Разнасцежваючы світальна даль.

Хадою ценяў адыходжу…

Мне пара!

Бывай, маладзіковая памыснасць…

Спаткаліся на кончыку пяра

Тваё імя.

Рака

І святасць мыслі…

(М. Бусько. Кладка). 

Мікола Бусько сцвярджае..: «Вось мая/ Крэўная вотчына:/ Пушча,/ Уша,/ Касачы.../ Гэтую казку так хочацца/ Тым, хто за мной,/ Зберагчы...»

Тэстаментам роднай старонцы і сваёй Айчыне гучаць і вершы Анатоля Шушко (1954 — 2018) з кнігі «Вечная прага святла». Так, яго частка агульнага зборніка «Чыстая музыка неба» крышачку расхрыстаная. І не ўкладальнік кнігі гэтам віною. Такая ўжо была планіда ў высокага і яркага таленту, які паміж жыццём і паэзіяй выбіраў Паэзію, думаў выключна радкамі-вобразамі, быў у пастаянным пошуку сімвалаў, мо часам вельмі эмацыйна выплёскваючы перажытое... Ці ў гэтым віна самога творцы?!. 

Мне не можна ў любові табе не прызнацца,

Бо ўсе рэкі твае хвалі ўспеняць:

— Нягож!

Буг і Прыпяць, Дняпро, Стыр з Гарынню,

А значыць,

Нёман, Вілія, Віцьба з Дзвіною і Сож...

Колькі вен, капіляраў бруяцца, Радзіма,

Па ўсім целе тваім, каб не збыў чалавек.

Поіш, гоіш яго, як матуля адзіна,

Ты штодзень

і штомесяц,

штогод

і штовек.

Вось чаму я ў любові табе прызнаюся,

Вось чаму маё сэрца з крыніцаю — б’юць,

Вось чаму на цябе ўсёй душою малюся:

Тут жаўрук з цвыркуном песням гнёзды віюць.

Карані ручаін тваіх мкнуцца да кронаў

Самавітых лясоў і патоляць лугі,

Каб у небе святым свет птушыны

Стазвонна

Узвышаў родны край — любы рай, дарагі.

Дык прымай жа, Айчына, пачуццяў залеву,

Каб удзячнаму гімну жыцця не знямець,

Бо яму аднаму — Радаслоўнаму дрэву — 

Над табою штохвілі лістотай шумець!

(Анатоль Шушко. Маёй Беларусі). 

Чаго болей у гэтых радках — грамадзянскай патэтыкі ці лірычнай шчырасці?.. У маіх кніжных развалах у «паэтычным раздзеле» зборнікі вершаў Анатоля Шушко «Выток і прычасце» (1994), «Шаны» (2012), выдадзеныя і пасля яго смерці, за што асаблівае дзякуй жонцы Анатоля Іванавіча — сапраўднай захавальніцы яго творчай спадчыны, «Сэрцу соладка, ясна, трывожна» (2019), «Паэзія — душы маёй суладдзе» (2020) — побач з кнігамі народных паэтаў Беларусі Пімена Панчанкі і Рыгора Барадуліна, паэтаў розных і неабсяжных, паэтаў, чые творы застануцца ў беларускім паэтычным свеце назаўжды. Як, моцна веру ў гэта, — і лепшыя вершы Анатоля Шушко. 

У Міколы Бусько ёсць асаблівы «праграмны» верш, які даў назву і асобнай кнізе, — «Сузор’е шаляў»: «Адкрыйся мне, о, Нёман мой!/ Айчынным рэкам родны бацька!/ Жывуць ідэі ўразнабой —/ І гэта небу добра бачна. /Вунь Млечны Шлях запалавеў:/ Стагоддзяў прысак, шлак, руіны.../ Стаю, і чуецца павеў/ Часоў Вялікага Скарыны./ Сузор’е Шаляў прасачу:/ Суладдзе стрэлак, ход талковы./ Вісіць Сусвет, а рыфмачу/Звіняць аб тайнах дзеясловы./ І неба зорамі звініць/ Псалтыр раскрыў апостал Павел.../Той, Евангельскай чысціні/ Так нашым душам не хапае./ Празорцу нават і няўцям, /Што лёс Зямлі — апека Шаляў./Мяшае розум іншапланецян/ У нашы клопаты ўмяшацца...»

Паэзія Міколы Антаноўскага, Міколы Бусько, Анатоля Шушко, паяднаная ў адной кнізе «Чыстая музыка неба», знойдзе і свайго новага чытача. А Выдавецкаму дому «Звязда», як і іншым нашым фарпостам у барацьбе за жывучасць папяровай кнігі, застаецца пажадаць увагі да добрай сучаснай паэзіі. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Источник: https://zviazda.by/be/news/20230317/1679035841-u-vydaveckim-dome-zvyazda-vyyshla-kniga-paetau-brestchyny-chystaya-muzyka

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси