24.01.2023 Новости
Выйшаў з друку зборнік твораў сучасных пісьменнікаў Гродзеншчыны, прысвечаных вобразам класікаў беларускай літаратуры, пад назвай «Песнярам Айчыны» (Гродна, «ЮрСаПрынт», 2022). У кнізе прадстаўлена творчасць членаў Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і іх сяброў, а таксама маладых, пачынаючых аўтараў.
У анатацыі да выдання гаворыцца: «У зборнік увайшлі творы гродзенскіх пісьменнікаў, прысвечаныя класікам беларускай літаратуры Янку Купалу, Якубу Коласу, Цётцы, Максіму Гарэцкаму, Францішку Багушэвічу, Максіму Багдановічу, Уладзіміру Караткевічу і іншым песнярам беларускага краю. Другі раздзел кнігі ўключае творы студэнтаў філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Зборнік падрыхтаваны да юбілейнага 140-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама да ўшанавання Года гістарычнай памяці». Сярод аўтараў першага раздзела выдання (ён мае назву «Купала і Колас, вы светачы нашы») – члены Саюза пісьменнікаў Беларусі: Людміла Кебіч, Браніслаў Ермашкевіч, Віктар Куц, Ганна Скаржынская-Савіцкая, Людміла Шаўчэнка, Таццяна Сучкова, Алена Руцкая, Вікторыя Смолка, Аліна Сабуць, Дзмітрый Радзівончык (Гродна), Ірына Войтка (Слонім), Мікалай Іваноўскі (Ваўкавыскі раён), Ала Клемянок (Смаргонь), Уладзімір Руль (Воранаўскі раён), Наталля Цвірко (Шчучынскі раён), Таццяна Яцук (Навагрудскі раён). Таксама на старонках кнігі сустракаем творы іншых аўтараў з Прынёмання, напрыклад, прадстаўнікоў Гродзенскага гарадскога літаратурнага аб’яднання «Надзея», паэтак Святланы Глембоцкай і Людмілы Мілосты, празаіка Ірыны Салаты, настаўніцы з Слоніма Ірыны Ганісеўскай.
Другі раздзел зборніка называецца «Пад светлым іменем Купалы» і змяшчае творы студэнтаў філфака ГрДУ імя Янкі Купалы. Гэта Кацярына Гудзіновіч, Дар’я Дзяшук, Вольга Навіцкая, Вераніка Саўко, Ксенія Урбановіч, Дар’я Шабельская, Ангеліна Янкелайць. З прадмовай ««Мілая, слаўная моладзь»: у вянок класікам» да другога раздзелу кнігі выступіла член СПБ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы, літаратуразнаўца, літаратурны крытык Аліна Сабуць. Аўтарамі прадмоў да зборніка сталі старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ Людміла Кебіч і старшыня СПБ Алесь Карлюкевіч. Аўтар ідэі зборніка Л. А. Кебіч. Складальнікі Л. А. Кебіч і А. Э. Сабуць. Камп’ютарны дызайн і вёрстка З. М. Клішэвіч. Выдавец і паліграфічнае выкананне – Таварыства з абмежаванай адказнасцю «ЮрСаПрынт».
Акрамя твораў-прысвячэнняў класікам айчыннай літаратуры, на старонках кнігі чытача чакаюць фотаілюстрацыі, фотапартрэты аўтараў і кароткія біяграфічныя даведкі пра іх. Прэзентацыі калектыўнага зборніка Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі «Песнярам Айчыны» адбудуцца ў дзяржаўных установах адукацыі і культуры Гродна і Гродзенскай вобласці.
Прэс-служба Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ
НАТХНЕННЕ ТРАДЫЦЫЙ
Па-першае, хацеў бы падзякаваць не толькі аўтарам гэтай кнігі, якія ў сваім жаданні выказаць светлыя словы ў адрас класікаў аб’ядналіся разам, а падзякаваць аўтару ідэі зборніка, кіраўніку пісьменніцкай супольнасці Гродзеншчыны, паэту і празаіку Людміле Кебіч. Такая задума павінна стаць добрай традыцыяй. Азіраючыся на класікаў, на творчую спадчыну вялікіх літаратараў, мы і самі становімся багацейшымі. І ў сваіх жаданнях зрабіць уласныя творы лепшымі, і ў тым, што іх, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, мастацкія ісціны зрабілі, робім часткай нашага жыцця.
Па-другое, кнігі такога характару дапамагаюць сапраўды быць разам, быць паяднанымі ў клопатах за роднае беларускае прыгожае пісьменства. Словы тады выхоўваюць любоў і патрыятызм, калі яны вылучаюць светлыя сімвалы, калі нават пра трагічнае і драматычнае гавораць яскрава, пераканаўча, калі пазбаўлены налёту бруду і рознага цемрашальства. Сіла і слова, і нашага жыцця – у судакрананні з Сонцам, з Зямлёю, з крынічнай вадою, паветрам чысціні і шырокіх прастораў…
Па творах, якія ўвайшлі ў кнігу «Песнярам Айчыны», можна меркаваць не толькі пра захопленасць аўтараў неўміручай мастацкай спадчынай, але і даваць ацэнку, якія ўрокі з традыцый папярэднікаў вынеслі сучасныя пісьменнікі Гродзеншчыны. Зборнік падштурхоўвае да разваг, прымушае разглядаць творчыя здабыткі ў судакрананні з прасторай і часам. Адны вершы падаюцца болей цікавымі, іншыя застаюцца ў іх цянётах. І ўсё ж у кожнага з твораў – свая прыцягальнасць, свой магнетызм…
Відавочна, што сабраны гродзенцамі калектыўны зборнік твораў-прысвячэнняў падштурхне да падобнага характару збірання і іншыя рэгіёны краіны. Будзем спадзявацца на нараджэнне падобных кніг і на Магілёўшчыне, і на Віцебшчыне, у іншых абласцях нашай бязмежнай Беларусі. Колас і Купала, чыё 140-годдзе так прыгожа, кніжным падарункам, адзначаюць гродзенцы, прыналежны ўсім.
Алесь Карлюкевіч,
старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси