20.11.2022 Новости
Гісторыка-краязнаўчы музей СШ 3 г. Скідзеля праводзіць сустрэчы з пісьменнікамі Гродзеншчыны і цікавымі людзьмі свайго горада ў імправізаванай "Літаратурнай гасцёўні".
Як патлумачыла кіраўнік музея Марына Аляксееўна Вабішчэвіч, такая форма работы дапамагае развіць нязмушаную цікаўнасць вучняў да гісторыі свайго краю. Бо што можа быць цікавей, чым аповяды людзей пра тую ці іншую з'яву, іх успаміны і сведчанні.
Напрыклад, учора ў музейнай літгасцёўні адбылася сустрэча дзесяцікласнікаў адразу з трыма цікавымі жанчынамі, якія працуюць на літаратурна-краязнаўчай ніве — гродзенскай паэткай, спадчынніцай дзядоўскай хаты і былой школкі ў вёсцы Бандары ў ваколіцах Скідзеля Галінай Самойла, захавальніцай Мількаўшчынскага літаратурна-краязнаўчага музея Таццянай Савянковай і загадчыцай Народнага музея імя Міхася Васілька ў Скідзельскім дзяржаўным каледжы Святланай Сарокінай. Нагодай для наведвання музея у трэцяй школе стала 117-годдзе з дня нараджэння славутага скідзяльчаніна, паэта і грамадскага дзеяча Міхася Васілька.
Галіна Сямёнаўна Самойла падзялілася ўспамінамі сваёй маці, сваячкі паэта, і навеяным імі вершам аб першай каханай жонцы Міхася Васілька, якая вельмі рана адыйшла ў іншы свет. Прачытала і вершы сямейнага трыа з аднаго зборніка — свае, мамы і брата. А напрыканцы падарыла музею ўласную кніжку для дзяцей "Чароўны ліхтарык".
Святлана Леанідаўна Сарокіна акунула слухачоў ў лірычны свет Міхася Васілька, артыстычна прачытаўшы яго творы. А Таццяна Анатольеўна Савянкова падзялілася зместам навуковай працы пра паэта, напісанай пад яе кіраўніцтвам Дзіянай Філончык, членам аб'яднання па інтарэсах "Юны даследчык" .
Не засталіся ў даўгу і слухачы "Гасцёўні" — вучні настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ірыны Антонаўны Кошчыц, якія таксама цудоўна прачыталі на памяць вершы Васілька.
Прыемна адзначыць, што ў Год гістарычнай памяці настаўнікі і музейныя работнікі Скідзельшчыны шукаюць розныя формы данясення гістарычнай праўды да падрастаючага пакалення.
Тамара МАЗУР,
паэтэса, публіцыст, член СПБ,
Скідзель
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


