“Прытулак для душы” і яго аўтар


“Прытулак для душы” і яго аўтар

“… І там душою спачываю”

У кожнага творчага чалавека ёсць свой родны кут, куды ён, па словах Якуба Коласа, “у думках залятае і там душою спачывае”. Такой мясцінай для пісьменніка Расціслава Бензерука стаў Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці. Там ён нарадзіўся 27 лютага 1944 года, там жыве. Там сустрэў сваіх герояў.

Даючы кнізе нарысаў назову “Прытулак для душы”, аўтар думаў у першую чаргу не пра сам будынак, дзе знайшлі сабе часовае прыстанішча непаўналетнія з неблаганадзейных сем’яў, а пра дырэктара прытулка Тамару Мартынчык, якая з любоўю прымала кожнае пакрыўджанае дзіця, атульвала цяплом і радасцю, каб адагрэць счарсцвелыя душы, адначасова працавала з бацькамі, каб тыя змянілі лад свайго жыцця, адкінуўшы дрэнныя звычкі, каб малы ў рэшце рэшт змог вярнуцца дамоў. Яна лічыла: дзіцяці лепш выхоўвацца ў сям’і.

Кніга ўкладзена, па-мойму, удала. Адкрываецца цыклам нататак “Слаўная сямёрка, альбо Давайце, людзі, жыць доўга!” пра старажылаў раёна – заканчваецца другой “Слаўнай сямёркай, альбо Давайце, людзі, жыць дружна!” пра тых, хто прыехаў у Беларусь, дзе сустрэлі яго па-сяброўску шчыра і дзе яму ўтульна жыць. А паміж тымі “сямёркамі” яшчэ два дзясяткі нарысаў пра лёсы людскія.

 

Старажылы

Сустакаючыся з будучымі героямі кнігі, Расціслаў Мацвеевіч цікавіўся, як удалося ім жыць доўгі век і быць актыўнымі нават у пажылым узросце. Перапіс насельніцтва 1999 года засведчыў, што ў Жабінкаўскім раёне шэсць чалавек “перашагнулі” стагадовую мяжу.

Літаральна ўсе яны сцвярджалі, што даўгалецце характэрна для іх роду, што бацькі-дзяды дажылі да глыбокай старасці. Аднак, надаючы важную ролю генам, закладзеным ад нараджэння, старажылы бачаць і іншыя складаемыя свайго доўгажыхарства.

Адно з галоўных – чалавек павінен любіць жыццё і пастаянна сам клапаціцца, каб доўжыліся яго гады. А для таго ён не мае права ленавацца, пазбягаць працы, пастаянна думаць пра сваё харчаванне, іншае.

Апроч тых, хто ў першай “сямёрцы”, можна прачытаць і ў нарысе “Дуб векавы” пра 102-гадовага дзеда Уладзіміра Кавальчука з Маціевічаў. Пара даць слова ім, доўгажыхарам. Бабуля Еўдакія Пратасюк са Стрыганца, напрыклад, казала:

– На раду ў нас напісаны доўгія гады. Пра маму не скажу: яна памерла маладой у бежанцах у час эпідэміі тыфу. Бацька ж – Шаўчук Даніла – пражыў дзевяноста пяць, а сёстрам маім ужо за восемдзясят.

Пра Ганну Галавейка са Стаўпоў дачка Вольга Яроменка гаварыла:

– Наша мама пражыла сто гадоў, бо анікому дрэннага не жадала. Няхай ім будзе лепей, чым мне, казала, але сварыцца не буду. Бо злосць з’ядае чалавека. Гэтаму і нас вучыла…

– Чаму я так доўга жыву? – усміхнулася ў адказ Праскоўя Дзмітрук са Шпіталёў. – Бо не было часу, каб памерці. Усё ў працы, усё ў клопатах. І за мужыка, і за бабу была… Я прывыкла ні ад каго не чакаць помачы. Сама навучылася усё рабіць, нават дровы сяку, калі ўнукі не пад’едуць.

– Трэба чалавеку ўмець харчавацца, – казала Настасся Касцючык з Салеек. – Я ніколі не ела ніякіх “панскіх” страў, дый ці патрэбны тыя далікатэсы? Неабходна ўмець з’есці тое, што маеш. Навучылася з маладых гадоў снедаць і вячэраць у адзін і той жа час, нанач ніколі не пераядала, маю посныя дні. Арганізму трэба даваць разгрузку. У такія дні ем бульбу з алеем.

Васіль Марковіч, ледзь не галоўны “спецыяліст” па харчаванні ў Жабінцы, у сталым узросце разважаў так:

– Юбілеі я сустракаў з добрым здароўем. Капаю, кашу, на веласіпедзе не кожны малады дагоніць. А ўсё таму, што працую з дня ў дзень і ем, што трэба… Я поўнасцю згодзен з Нічыпарам Барташуком наконт мёду, які дае пажытак для росту і сілы чалавека. Карысныя агародніна ды садавіна. Толькі снег сыдзе, а ў маім меню сальдэрэй, пятрушка і маладая цыбулька, і так цэлы год. Скажу, для арганізма важней бывае ўжываць агародніну, чым мяса.

Тых, каму хочацца ведаць болей пра “рэцэпт” даўгалецця, адпраўляем да кнігі Р.Бензерука “Прытулак для душы”.

 

Лёсы людскія

Трыццаць пяць гадоў аддаў Расціслаў Мацвеевіч рабоце ў жабінкаўскай раённай газеце “Сельская праўда”, з’ездзіў-скалясіў раён уздоўж і ўпоперак, сустракаўся з сотнямі цікавых людзей. Яны і сталі героямі ягоных нарысаў. Рыхтуючы кнігу, пісьменнік адабраў толькі самыя запамінальныя лёсы.

Скажам, ім было напісана некалькі нарысаў, героямі якіх сталі землякі-ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, а для кнігі ўзяты толькі адзін “Вада са смакам палыну”. Лёс Рыгора Арабчука аказаўся больш трагічным, чым у іншых герояў. Рыгор Аляксеевіч у барацьбе з ворагам не шкадаваў ні жыцця, ні здароўя, быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені, двума медалямі. Пад Кёнігсбергам быў цяжка паранены, лячыўся ў шпіталі, затым юнака адпусцілі дамоў далечвацца.

Аднойчы, калі Рыгор курыў у вішняку, паўз прайшлі тры хлопцы. Яны папрасілі ў бацькі вады. Папілі і пайшлі. Як пасля аказалася, юнакі былі з банды “бульбашоў”. З-за кубка той вады бацька і сын Арабчукі правялі некалькі гадоў у турме, а ў Рыгора адабралі баявыя ўзнагароды. Дамоў яны вярнуліся толькі пасля смерці Сталіна.

Рыгор Аляксеевіч Арабчук лічыў самым шчаслівым днём 9 мая 2008 года, калі прадстаўнік Расійскага пасольства прывёз незаконна адабраныя ўзнагароды, за якія ў час вайны ён заплаціў крывёю, і папрасіў прабачэння за тых, хто пакрыўдзіў ветэрана.

Не пазбегнулі сталінскіх ГУЛАГаў сем’і Валасюкоў і Будчукоў (нарысы “Хутарская балада” і “Няшчасцем параднёныя”). Бязвінна пакараныя, а пасля рэабілітаваныя, яны не затаілі крыўды на ўвесь белы свет, а жылі годна, у працы, гадуючы дзяцей і ўнукаў.

І без вайны жылі сярод бяды, а ад таго мелі страты. Так, герой нарыса “Сонца з дажджом напалам” Аляксандр Красько служыў у войску ў Сяміпалацінску якраз у той час, як на палігоне выпрабоўвалі атамную бомбу, апрамяніўся, а Алег Савянок (“След злога ветру”) з першых дзён пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС стаў актыўным ліквідатарам.

Стаж працы на чыгунцы дынастыі Дзеркачоў-Скачыкоўскіх склаў 165 гадоў. Родапачынальнікам стаў Адам Дзяркач (нарыс “Зацуглялі рукі вецер”). Счэпшчыкам вагонаў адпрацаваў сорак два гады. Чалавек разумны і непаседлівы, ён збудаваў вятрак, ад якога працавала бетонамяшалка, як дом будавалі. Чыгуначнікамі зараз яго ўнукі Вадзім і Уладзімір Скачыкоўскія.

У кнізе “Прытулак для душы” прачытаеце і пра іншых нашых сучаснікаў: старшыню СВК “Рагазнянскі” Аляксандра Семенюка, галоўнага санітарнага ўрача раёна Уладзіміра Лапуса, дырэктара Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М.Горкага Тамару Данілюк і інш. Колькі жыццяў, столькі й лёсаў, бо, як казала адна гераіня, сваёй долі і на кані не аб’едзеш.

 

Там, дзе жыць утульна

Беларуская зямля размясцілася якраз у цэнтры Еўропы. Сюды прыязджалі і прыязджаюць людзі з далёкага і блізкага замежжа і адчуваюць сябе сярод мясцовых жыхароў цёпла і ўтульна, часта выбіраючы ў нас месца для пастаяннага жыхарства.

Толькі ў час гарбачоўскай перабудова змагла першы раз наведаць малую радзіму сваёй маці вёскуНалезнікі амерыканская настаўніца з горада Сіэтл Вольга Райс. Помніцца, як на Жабінкаўшчыне яна сказала: “Нашым народам трэба жыць у міры і дружбе! Жыць і адкрываць адзін аднаго”.

У цяжкія ваенныя гады ў маёнтку браўэра Віллі Офэ сустрэліся палячка пані Мар’я і беларус Якаў Каляшук, вывезеныя на працу ў Германію. Маладыя пакахалі адно аднаго і пасля вызвалення не сталі расставацца, а прыехалі ў Маціевічы Брэсцкай вобласці, стварылі сям’ю, вырасцілі дзяцей.

Знайшлі прытулак у Жабінкаўскім раёне і пастаянна адчуваюць дабрыню рускі і таджычка Яўген і Каўсарыя Дзікія, казак з шолахаўскага Дона Васіль Кузьмін, перабралася з Арменіі Аляксандра Белавусава, іншыя. Так было адвеку, так будзе заўжды.

Нядаўна пераехала да нас з Мурманска сям’я Шадрыных, агорала тут аграсядзібу “Лясная гавань”. Паўлу выпала служыць у Брэсце, дзе ён пазнаёміўся са сваёй Надзеяй. Пасля службы павёз маладую жонку ў горад за палярным кругам, там жылі і працавалі. Калі выраслі сыны, Шадрыны рашылі вярнуцца на Беларусь.

Аповед пра гэту сям’ю заканчваецца так: “… Калі нехта засумняваецца ў братэрскай еднасці рускіх і беларусаў, дык звярніцеся да Шадрыных. Расіянін Павел узяў шлюб з беларускай Надзеяй і жывуць дружна. Іх дзеці таксама не бачаць розніцы, дзе жыць: старэйшы сын Яўген працуе інжынерам-канструктарам танкаў у Маскве, а меншы Аляксей – студэнт Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, збіраецца стаць будаўніком”.

Чытаць добрую кнігу, да якіх мы адносім і “Прытулак для душы” Расціслава Бензерука, – значыць, адкрываць для сябе штосьці новае, дагэтуль не вядомае, значыць, маліцца Слову, як любіў гаварыць Янка Брыль.

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ,

старшыня Брэсцкага аддзялення 

Саюза пісьменнікаў Беларусі

СКАЧАТЬ