
27.05.2017 Публицистика
Уражанні ад міжнароднага літфоруму ў Маскве і… ад маскоўскай “Беларускай хаты”
Цяжкім, нават гнятлівым выдаўся сёлетні з’езд Міжнароднага саюза грамадскіх арганізацый "Міжнародная Супольнасць Пісьменніцкіх Саюзаў", які адбыўся 17 мая. Зрэшты, гэта быў нават не з'езд, як у папярэднія гады, пачынаючы з 1992-га (але пра гісторыю арганізацыі крыху пазней, бо без яе ў гэтых нататках не абысціся), а справаздачна-выбарны сход, хоць у праграме значыўся як справаздачны; гэта ўжо ў ходзе форуму было прынята аднагалоснае рашэнне надаць мерапремству статус яшчэ і выбарнага.
Апярэджваючы падзею, паведамляю, што ўсе кіраўнікі арганізацыі зацверджаны на сваіх без аніводнага "не" або "ўстрымліваюся". А гэта значыць, што давер удзельнікаў мерапрыемства да кіраўніцтва Супольнасці быў абсалютны. Гэта адчувалася і па настроі залы.
На сход з'ехаліся прадстаўнікі 27-мі краін з 51-й, пісьменніцкія арганізацыі якіх уваходзяць у склад МСПС. Яны прадстаўлялі не толькі былыя рэспублікі былога Савецкага Саюза, але і краіны далёкага замежжа. Нават Афганістан, дзе, аказваецца, перакладаюцца і творы беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку сучасных. 70-працэнтны кворум дазволіў форуму быць паўнамоцным у прыняцці рашэнняў, а гэта, акрамя выбараў новага кіраўніцтва, зацвярджэнне справаздачы старшыні аб выкананні бюджэту на 2016 год і зацвярджэнне бюджэту арганізацыі на 2017-ы. Ён, як і склад кіраўніцтва, застаўся нязменным – сорак мільёнаў расійскіх рублёў. З гэтай сумы на падтрымку пісьменніцкіх арганізацый блізкіх і далёкіх краін запланавана крыху больш за адзін мільён рублёў.
Улічваючы, што даклад старшыні МСПС быў чыста эканамічны (было агучана, колькі сродкаў выдаткавана за мінулы год і на якія патрэбы), наўрад ці каму цікава, якія сумы затрачаны на канцылярскія прыналежнасці, "камуналку" і да таго падобнае. А вось тое, штозначылася на парадку дня як "рознае", не проста цікавае, а вельмі і вельмібалючае.
Аднак перш, чым да гэтага балючага падысці, важна нагадаць чытачу, што ж гэта за арганізацыя такая – МСГА МСПС, адкуль узялася і што сабой уяўляе, якія яе функцыі і значнасць у літаратурным свеце.
Дык вось. Міжнародная Супольнасць Пісьменніцкіх Саюзаў вядзе адлік сваёй дзейнасці з 3 чэрвеня 1992 года. У гэты дзень на IX з'ездзе Саюза пісьменнікаў СССР было прынята рашэнне аб пераўтварэнні арганізацыі ў інтэрнацыянальную садружнасць літаратараў – МСПС.
Прычына зразумелая – Савецкі Саюз спыніў сваё існаванне, і пісьменніцкія арганізацыі саюзных рэспублік сталі самастойнымі структурамі. Аднак вельмі хутка большасць майстроў мастацкага слова –хто адразу, а хто з часам – усвядомілі згубнасць самаізаляцыі культуры ў нацыянальным кокане. Пісьменнікі востра адчувалі патрэбу ў зносінах са сваімі калегамі, якія пражываюць сёння ў суверэнных краінах, а ўчора яшчэ ўваходзілі ў межы адзінай дзяржавы.
Вынікам гэтага імкнення да захавання міжнацыянальнай дружбы літаратур і стала нараджэнне МСПС. А дакладней, ператварэнне СП СССР у МСПС.
Характэрна, што ўзначаліў гэтую арганізацыю самы аўтарытэтны на той час літаратар вялікай краіны Сяргей Міхалкоў, пісьменнік-легенда, аўтар гімнаў Савецкага Саюза і Расіі, Герой Сацыялістычнай Працы, лаўрэат Ленінскай (1970), трох Сталінскіх прэмій другой ступені (1941, 1942, 1950) і Дзяржаўнай прэміі СССР (1978), акадэмік Расійскай Акадэміі адукацыі, кавалер ордэна Святога апостала Андрэя Першазванага. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 8-11 скліканняў (1970-1989). Літаратурная прэмія яго імя да гэтага часу з'яўляецца адной з самых прэстыжных у Расіі, а заснавальнікам яе з'яўляецца... вядома ж, МСПС. Сяргей Уладзіміравіч кіраваў МСПС з 1992-га па 2009 год, а затым перадаў кіруючую эстафету Івану Пераверзіну, выдатнаму паэту сучаснасці і грамадскаму дзеячу, ды ў дадатак да ўсяго дасведчанаму, вопытнаму ўпраўленцу.
ІванІванавіч – таксама значная і знакавая фігура ў сучаснай літаратуры. Заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі, Заслужаны работнік культуры Якуцкай АССР, Заслужаны дзеяч мастацтваў Інгушскай АССР, Акадэмік Акадэміі інфармацыі Расіі, Акадэмік Акадэміі паэзіі Расіі, Ганаровы акадэмік Акадэміі журналістыкі Балгарыі. Лаўрэат Вялікай літаратурнай прэміі Расіі «АЛРОСА» за 2011 год. Лаўрэат літаратурных прэмій імя А. Твардоўскага, М. Луконіна, Р. Раждзесцвенскага. ЛаўрэатлітаратурнайпрэмііСаюзапісьменнікаўРасіі «Традыцыя». Лаўрэат прэміі «Палярная зорка» Рэспублікі Саха (Якуція). Лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі «Залатое пяро Русі». Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Суворава Міністэрства абароны РФ. Адзначаны Гран-пры Міжнароднага літаратурнага конкурсу «Лепшая кніга года» (Берлін-2016). Лаўрэат Міжнароднага фестывалю паэзіі (Грэцыя-2016). За вялікі ўклад у развіццё міжнародных адносін уганараваны Залатым медалём Фонду Міра. За вялікую дабрачынную дзейнасць узнагароджаны вышэйшай грамадскай узнагародай Расіі – Залатым медалём з залажэннем імянной пліты ў Зале Славы ў Маскве.
Да гонару правапераемніцы Саюза пісьменнікаў СССР, Міжнародная Супольнасць Пісьменніцкіх Саюзаў здолела захаваць вакол Расіі абсалютную большасць пісьменніцкіх арганізацый зараз ужо незалежных дзяржаў і згуртаваць у сваіх шэрагах некаторыя пісьменніцкія арганізацыі далёкага замежжа.
Добра было б нагадаць і пра нараджэнне Саюза пісьменнікаў СССР. Тут гэта дарэчы – трэба бачыць больш маштабна ўсё, што адбывалася на пісьменніцкім полі вялікай дзяржавы і як усё пачыналася.
Саюз пісьменнікаў СССР быў заснаваны ў жніўні 1934 года. Тады на ўстаноўчы з'езд сабраліся прадстаўнікі шэрагу аб'яднанняў літаратараў краіны. Для ўсіх было відавочна, што драбненне інтэлектуальнага патэнцыялу на невялікія разрозненыя групоўкі аказвае пісьменнікам краіны мядзведжую паслугу – замест таго, каб ствараць высокамастацкія творы, літаратары займаліся больш унутрыцэхавымі разборкамі. Аб'яднанне сталася надзённай патрэбай!
Першы (устаноўчы) з'езд Саюза пісьменнікаў праходзіў з 17 жніўня па 1 верасня 1934-га ў Калоннай зале Дома Саюзаў. Тут сабралася каля шасцісотдэлегатаў: 375 з вырашальным і 215 з дарадчым голасам. Яны прадстаўлялі майстроў мастацкага слова 54-х нацыянальнасцяў краіны. У якасці гасцей на з'ездзе прысутнічалі 40 замежныхпісьменнікаў з 15 краін. Гэта былі сапраўды выбітныя літаратары: Анры Барбюс, Рабіндранат Тагор, Луі Арагон і іншыя.
Пра тое, якія мэтыставіла перад сабою арганізацыя, якая толькі-толькі нараджалася, выразна і недвухсэнсоўна сказаў Аляксей Максімавіч Горкі – агульнапрызнаны мэтр айчыннай літаратуры: «Калі нам важныя толькі мэты прафесійнага добраўпарадкавання работнікаў літаратуры, тады наўрад ці варта гарадзіць такі грандыёзны агарод. Мне здаецца, што Саюз павінен паставіць мэтай сваёй не толькі прафесійныя інтарэсы літаратараў, але таксама інтарэсы літаратуры ў цэлым. Саюз павінен у нейкай меры ўзяць на сябе кіраўніцтва арміяй пісьменнікаў-пачаткоўцаў, павінен арганізаваць яе, размеркаваць яе сілы па розных накірунках і вучыць працаваць з матэрыялам мінулага і сучаснасці».
Устаноўчы з'езд Саюза пісьменнікаў СССР стаў прадвеснікам Міжнароднага кангрэса пісьменнікаў у абарону культуры, які адбыўся ў чэрвені 1935 года ў Парыжы. А гэты кангрэс, у сваю чаргу, адыграў вялікую ролю ў кансалідацыі пісьменнікаў усяго свету ў барацьбе супраць фашызму, які тады набіраў сілу. Дэлегацыя савецкіх літаратараў удзельнічала і ў працы Другога Міжнароднага кангрэса пісьменнікаў у абарону культуры, які праходзіў летам 1937 года ў абложаным франкістамі Мадрыдзе і затым перадыслакаваўся ў мірны Парыж...
Кіраўнікамі пісьменніцкай арганізацыі былі ў розныя часы Максім Горкі (1934-1936), Уладзімір Стаўскі (1936-1938), Аляксандр Фадзееў (1938-1944 і 1946-1954), Мікалай Ціханаў (1944-1946), Аляксей Суркоў (1954-1959), Канстанцін Федзін (1959-1977), Георгій Маркаў (1977-1986), Уладзімір Карпаў (1986-1991).
Затым перайменаваным грамадскім фарміраваннем кіраваў з 1992-га па 2009-ы знакаміты Сяргей Міхалкоў, а з 2009-га па цяперашні час – Іван Пераверзін.
Галоўная задача МСПС – захаванне на тэрыторыі СНД адзінай культурнай прасторы, зацвярджэнне і ўмацаванне духоўных сувязяў нацыянальных культур былога СССР, а таксама падтрыманне і развіццё супрацоўніцтва з пісьменніцкімі арганізацыямі і асобнымі літаратарамі ва ўсім свеце.
Друкаванымі органамі МСПС з'яўляюцца «Общеписательская Литературная газета» і альманах «Вестник МСПС».
Будынак па вуліцы Паварской 52/55, у якім размяшчаецца выканаўчы камітэт МСПС, вядомы як «Дом Растовых», дарэчы, класіфікуецца як будынак-славутасць, які, да ўсяго, знаходзіцца ў цэнтры Масквы. Але чаму Дом Растовых? Якія Растовы яго пабудавалі і жылі ў ім? Аказваецца, усё вельмі проста: Леў Талстой у сваім рамане "Вайна і мір" размясціў герояў геніяльнага твора як раз у гэтым будынку, які, палічыў, як нельга лепш упісваецца ў агульны сюжэт эпапеі. Тым больш, класік рускай і сусветнай літаратуры часта ў гэтым доме бываў.
А вось цяпер можна казаць і аб праблемах, якія напаткалі правапераемніка Саюза пісьменнікаў СССР. Яны вельмі сур'ёзныя. Справа ў тым, што менавіта ў гэтыя дні вырашаецца лёс як Дома Растовых, гэта значыць, офіса МСПС, так і пісьменніцкага гарадка Перадзелкіна. Не ўтрымаць гэтыя аб'екты – значыць, застацца ні з чым. Таму кіраўнік МСПС заклікаў усе арганізацыі, якія ўваходзяць у Супольнасць, падтрымаць арганізацыю ўсімім магчымымі спосабамі, а найперш накіраваць лісты ў кіруючыя структуры Расійскай Федэрацыі з патрабаваннем не перадаваць нерухомую маёмасць Супольнасці невядома каму. Гэта лёсавызначальны момант, і праігнараваць яго нельга.
На форуме таксама была ўнесена прапанова праводзіць з'езды, сходы, пленумы МСПС не толькі ў Маскве, але і ў краінах, у якіх актыўна працуюць структуры ўплывовай і разгалінаванай міжнароднай пісьменніцкай арганізацыі.
Анатоль КРЭЙДЗІЧ,
намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі,
удзельнік форуму.
P.S. Пасля завяршэння форуму яшчэ некалькі гадзін у запасе да адпраўлення цягніка на Мінск. Самы час з Масквой бліжэй пазнаёміцца. Ад Дома Растовых на Паварской да беларускай амбасады ўсяго пару прыпынкаў. Вось яна, знакамітая Марасейка, вуліца, якая атрымала сваю назву дзякуючы маларосам, г.зн. украінцам, а калі больш дакладна, то ўкраінскім купцам, якія менавіта тут спыняліся ў далёкія часы на пастой. А вось над прыгожым будынкам, выкананым у далікатна-блакітных і белых танах, лунае высока, здаецца, пад самымі аблокамі вялізнае палотнішча роднага чырвона-зялёнага колеру з родным арнаментам – Сцяг Рэспублікі Беларусь. Гэта і ёсць будынак Пасольства Рэспублікі Беларусь у Маскве.
Далей – вуліца Пакроўка. Некалькі сотняў крокаў, і... новы прыемны сюрпрыз. Трэба ж, у цэнтры Масквы – «Беларуская хата». Літаральна на парозе сустракае сімпатычная дзяўчына ў саматканым беларускім строі. Аказваецца, зямлячка са Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Крысціна Ляшкевіч. Яна ласкава знаёміць з установай. На вялікай шыльдзе ўверсе яна значыцца як рэстаран, а на маленькай, прымацаванай да ўваходных дзвярэй, як кафэ-бар. Зрэшты, якая розніца, рэстаран гэта, кавярня ці бар, галоўнае, што тут вельмі ўтульна, ветлівае абслугоўванне, усе стравы выключна нацыянальныя беларускія, а ў якасці антуражу ў вочы кідаюцца, акрамя гліняныхгаршкоў і карцін з падкрэсленай беларускай тэматыкай, закатаныя ў трохлітровыя слоікі таматы ды гуркі. Як высветлілася потым, гэта не толькі антураж – прадукты амаль хатняга вырабу, разнастайныя саленні можна заказваць і атрымліваць асалоду ад знаёмага з дзяцінства чароўнага смаку.
Адкрылася «Беларуская хата» шэсць гадоў таму. Адным з першых яе наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і высока ацаніў якасць страў і абслугоўвання, а таксама пакінуў для наведнікаў беларускія кнігі – няхай знаёмяцца з Беларуссю. Нездарма тут заўсёды шматлюдна, а ў вячэрні час зазвычай няма ніводнага свабоднага месцейка.
Зрэшты, гэтая ўстанова заслугоўвае больш пільнай увагі і асобнай публікацыі. Справа за малым – паказаць «Беларускую хату» ў сталіцы сталіц ва ўсім яе шматабліччы і ўсёй прыгажосці з дапамогай шырокай палітры выяўленчых сродкаў.