Памяці Макарэвіча Васіля Сцяпанавіча


Памяці Макарэвіча Васіля Сцяпанавіча

16.05.2017                   Слово Писателю


Сёлетні май хоць і сонечны, хоць і абуджае да жыцця, ды, на вялікі жаль, не абыходзіцца і без чорных плям, чорных дзён. Страта за стратай, хаўтура за хаўтурай. І вось новая нагода для горкай жалобы.    

15 мая на 77-м годзе жыцця раптоўна перастала біцца сэрца Васіля Сцяпанавіча Макарэвіча, выдатнага беларускага паэта, журналіста, шчырага, адданага роднай зямлі патрыёта. Да свайго 78-годдзя ён не дажыў роўна два месяцы.

Пісьменнікі краіны раздзяляюць разам з роднымі і блізкімі гэтае вялікае гора. Шчырыя ўсім спачуванні. Мы ўсе разам глыбока смуткуем.

Васіль Сцяпанавіч нарадзіўся 15 ліпеня 1939 года ў вёсцы Купленка Крупскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1957 годзе, пасля заканчэння сярэдняй школы, працаваў на лесараспрацоўках на Поўначы, з 1958 г. — у калгасе «Ухвала» Крупскага раёна. Пасля заканчэння аддзялення журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1964) чатыры гады працаваў у газеце «Чырвоная змена». З 1979-га па 2003-ці — спецкарэспандэнт Беларускага радыё.

Аўтар зборнікаў паэзіі «Вогненная камета» (1963), «Мерыдыяны і паралелі» (1966), вершаванай казкі «Лясныя вандраванні» (1967), «Ліставей» (паэма і вершы, 1971), «Вечнае дрэва» (вершы і паэма, 1974), празаічнай кнігі  аповедаў «Палын і медуніца» (1976), «Радоўка» (вершы і паэма, 1977), нарысаў «Зямное сузор'е» (1980), “Полынь и медуница: рассказы о моих земляках” (1980),  «Старт у будучыню» (1982), «Праталіна» (1983), зборнікаў «Відушчы посах» (вершы, паэма, 1987), «Сумежжа» (вершы, паэмы, 1989), «Везувій» (1993), «Квадратура круга» (2000), кнігі вершаў, паэм і артыкулаў «Пяро і бліскавіца» (2001), зборнік сатыры і гумару «Даміно» (2005), кнігі выбранага «Неба ў руках» (2012), “Святло іменаў дарагіх: творчыя партрэты беларусіх пісьменнікаў” (2016) і інш.

Васіль Сцяпанавіч – лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1994) і літаратурнай прэміі «Залаты купідон» (2012).

Бывай, дарагі сябра і калега! Няхай табе будзе пухам родная беларуская зямля. Твае таленавітыя, шчырыя творы і гэткая ж шчырая, прыязная ўсмешка нам заўсёды будуць нагадваць пра цябе.

Прэзідыум Саюза пісьменнікаў Беларусі.