Кніга “Навасады” – чацвёртая ў творчым праекце Алены Стэльмах і Уладзіслава Цыдзіка. Першымі былі фотакнігі “Зачараваны Беларуссю”, “Бачу Беларусь такой”, “Мая Радзіма”.
Працягваючы ўжо вядомы праект, прадстаўлены не толькі ў Беларусі, але і замяжой, Алена Стэльмах на гэты раз звяртаецца да дарагога для яе куточка на карце Радзімы – вёскі Навасады Дзяржынскага раёна.
Навасады – малая радзіма Алены Анатольеўны, якая стала вялікім Сусветам для пісьменніцы. Гэта кніга пра яе асабісты лёс і лёс некалькіх пакаленняў жыхароў у кантэксце гісторыі старажытнай вёскі, як і наогул краіны.
“Героі маёй кнігі не прымалі ўдзел у грандыёзных падзеях, але іх лёсы не сталі ад гэтага менш значнымі, - піша аўтар, - і дадае: - Радзімазнаўства пачынаецца з простага: расповедаў бабулі, дзеда, таты, а яшчэ – сваякоў, суседзяў, землякоў”.
Вёска Навасады адметная сваім незвычайным гарыстым рэльефам – спадчынай колішняга ледавіка, курганнымі могільнікамі, а таксама ўнікальнай крынічкай – гідралагічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.
Аздабляюць аповед архіўныя матэрыялы, гістарычныя фотаздымкі і аўтарскія творы, што нарадзіліся на роднай зямлі.
У прадмове да кнігі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Саламаха зазначае:” Упэўнены, што кнігу Алены Стэльмах пра сваю вёску, сваю зямлю, пра родных і блізкіх ёй людзей будуць з цікавасцю чытаць не толькі ў Навасадах і наваколлі. Бо святло ў нашых людзей, у нашага народа адно, якое можна назваць адным словам – жыццядайнае. Таму і нязгаснае”.
Кніга пабачыла свет у выдавецтве “Чатыры чвэрці” і працягнула заснаваную тут у 2015 годзе серыю “Малая Радзіма”.
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси