Міхась Башлакоў — паэт.
Член праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Нарадзіўся ў пасёлку Станцыя Церуха Гомельскага раёна.
Аўтар многіх кніг паэзіі. Працаваў у Саюзе пісьменнікаў Беларусі, у Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі, настаўнічаў на Гомельшчыне і Браншчыне. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага конкурсу “100 лепшых кніг свету” (Франкфурт-на-Майне, 2005 г.).
Жыве ў Мінску.
Бярозавая арбіта
Бярозы гнулі хлапчукі.
І сэрцы мкнуліся ў аблокі.
Штаны ірвалі аб сукі
І забывалі пра урокі.
Штодня у хлопцаў быў палёт
З ляснога “арадрома”.
Бяроза — добры “самалёт”,
Хоць не такі ж, вядома.
Раслі, мужнелі хлапчукі.
Здзяйсняліся іх мары.
І ўжо другія з-пад рукі
Ўгадваліся у хмары.
Лавілі кожны самалёт
Вачыма прагавіта,
І пачыналі свой узлёт
З бярозавай арбіты…
Раніца на Прыпяці
Туман над поймаю бялёсы.
Дрымотна стыне асака.
А цераз Прыпяць едуць козы
Да муражнога астраўка.
Вяслуе бойкая дзяўчына,
Нібы вязе звычайны груз.
І, як на цвік, на рог казліны
Хлапчук павесіў свой картуз.
Плывуць у вочы далягляды
Свёй бязмежнай шырынёй.
З-за лесу высыпалі хаты
На бераг ветлаю гурбой.
Гляджу я ўдалеч, і здаецца,
Світанак Прыпяццю прапах.
Як казлянятка ў лодцы, сэрца
Хвалюецца ў маіх Грудзях.
Маці
Ступлю на родны мой парог —
Насустрач маці.
Пытаецца: “Ну што, сынок,
Стаміўся, мабыць?”
А у самой сляза з вачэй
Цячэ паволі.
Душу самотай апячэ,
Агорне болем.
За плечы ціхенька крану
Сівую маці,
Яе ласкава прыхіну:
“Не трэба плакаць…”
Слязу змахне яна рукой
І пасвятлее.
І ўся — і тварам, і душой
Памаладзее…