Багдановіч Леанід Уладзіміравіч – паэт.
Нарадзіўся ў 1948 годзе на Брэстчыне. Скончыў БНТУ ў 1975 годзе.
Дэбют – часопіс “Беларуская думка” 2003.
Аўтар кніг “Счастье хмельное” (2006), “Краса небесная” (2008), “Белы вальс” (2009), “Чёрная луна” (2016).
Жыве ў Мінску.
***
Куды вядзеш мяне, дарога?
Дзе я прытулак свой знайду?
У свет ступіўшы ад парога,
Усё іду, іду, іду.
Было і гора, і каханне,
Згубіў мо болей, чым знайшоў.
Шукаў у песнях ратаванне
І ўсё далей ішоў, ішоў.
Ды толькі здрадзіла дарога,
Слязлівым стау, як восень, зрок…
Згубіў сям’ю, адрокся бога,
І пацяжэў мой пругкі крок.
Цяпер сівенькі і гарбаты
Паўзу, як муха па смале.
Даўно няма бацькоўскай хаты…
А можа больш няма й мяне?
Не, я кузуркай той не згіну,
Яшчэ пад сонцам пахаджу.
Я перадам край родны сыну.
Да сэрца песняй прывяжу.
СЛАВЯНКІ
Пазрываўшы зімовыя рэчы,
Нібы першыя промні вясны,
Йшлі славянкі, усклаўшы на плечы
Прыгажосць дзіўных кветак лясных.
Грудзі поўныя, стрункія ногі,
Валасы – што той сонечны німб!
Палі б ніцма багі да подлогі,
Каб славянкі ўзышлі на Алімп.
Іх сляпіла агнём бліскавіца,
Пяруны пагражалі з нябёс…
Толькі песня – святая крыніца –
Суцяшала пакутлівы лёс.
Калі ж я тых вышынь дакрануся,
Там дзе слова маланкі ярчэй,
Я спяю пра жанчын Беларусі,
Пра іх сонены позірк вачэй!
***
Цішыня, туман кудлаты,
Задрамаў апошні гук.
Месяц звесіўся гарбаты,
Як прыснуўшы цецярук.
Моўчкі сонейка чакае,
Ці то раніцу пасе?
З поля сцежка ільняная
Захлынулася ў расе.
Раптам гук працяглы, тонкі
Ледзь крануўся цішыні
Нібы зорачкі-рамонкі
Заспявалі ў вышыні.
То камар пусты спрасоння
Заблудзіўся відавоч.
З лону чорнага бяздоння
На зямлю ступіла ноч.