Мікола Шабовіч – беларускі паэт, перакладчык, парадыст. Нарадзіўся 4 студзеня 1959 года ў в. Бадзені Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Скончыў філалагічны факультэт (беларускае аддзяленне) Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага (зараз Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка) (1981). Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Шыпкоўскай васьмігадовай школы Вілейскага раёна (1981 – 1986). Вучыўся ў аспірантуры (1986 – 1989), пасля заканчэння якой выкладае родную мову ў БДПУ імя Максіма Танка. Кандыдат філалагічных навук (2004), дацэнт (2008).
Аўтар паэтычных зборнікаў “Дом” (1996), “Яшчэ пакуль не лістапад” (1996), “Падары мне сваю адзіноту” (2002), “Мая надзея” (2006), “Хор болей не спявае” (2008), “Прыколы ад Міколы” (2015), “Маладыя мроі маладога лета (2017), “Я і Ты” (2019), “Пад маміным крылом” (2021). Пераклаў каля 500 вершаў з класічнай і сучаснай рускай паэзіі, а таксама з рускамоўнай паэзіі Беларусі.
Лаўрэат Рэспубліканскай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” за кнігу “Хор болей не спявае” – лепшы твор 2008 года ў галіне сатыры і гумару” (2009). Лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Сяргея Ясеніна (2019). Лаўрэат літаратурнай прэміі Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Максіма Танка за кнігу “Я і Ты” – лепшую паэтычную кнігу 2019 года (2020).
На вершы Міколы Шабовіча напісана больш за 200 песень, некаторыя з іх сталі папулярнымі, выконваліся на Нацыянальным фестывалі беларускай паэзіі і песні ў Маладзечне, на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар”.
Жыве ў Мінску.
Мікола ШАБОВІЧ
***
Бацькоўская зямля! Я сын тваiх абшараў.
Табе мой цiхi верш, сыноўнi мой паклон.
Я тут прыйшоў на свет, я тут кахаў i марыў.
Бацькоўская зямля, ты сноў маiх палон.
Тут мой нясмелы крок і першае прызнанне,
Тут лёгка мне заўжды пад мамiным крылом.
Спяшаюся сюды на шчырае спатканне
I ў раннi лiстабой, і ў познi крыгалом.
Тут кожнаю вясной – буслоў шчаслiвы клёкат,
На ўсе свае лады заводзяць спеў шпакi.
Бацькоўская зямля, твой чую клiч далёкi
I ў марах да цябе iмчуся напрасткi…
Прымi мой цiхi верш, сыноўняе вiтанне,
Мой Нарачанскi край – калыска дабрынi.
Хай мiрна над табой ружовiцца свiтанне,
Пяшчотай і цяплом твае хай промняць днi!
ПРАПІСКА
Я да цябе прапісаны, мой край,
Рачулкаю, што ў полі запятляла,
Сцяжынкай, што з бацькоўскага двара
Мяне ў жыццё і ў людзі выпраўляла.
Я да цябе прапісаны, мой край,
Сузор’ямі і месяцам над хатай,
Жытамі, што калышуць небакрай
І абяцаюць ураджай багаты.
Я да цябе прапісаны, мой край,
Матулі наймілейшымі вачыма,
Якіх, хоць цэлы свет ты абшукай,
Мілей знайсці – ніколі немагчыма.
***
Нічога мераць не хачу на грошы
І сквапным быць ніколі не змагу.
Сваю пяшчоту маме я прыношу,
Перад якой заўсёды я ў даўгу.
Яна мяне, вядома, зразумее,
Даруе, што нячаста ёй пісаў.
І гляне ў вочы пасмаю ссівелай
Такая непаўторная краса.
І сорамна мне стане на хвіліну,
Што зноўку дома шмат не пагасціў,
Што роднай маме, мілай і адзінай,
Нямнога ўсё-ткі вершаў прысвяціў.
ПЕРАЛЁТНАЯ ПТУШКА
З развітальным дажджом у свой вырай далёкі
Ты ляціш, адлятаеш, мне махаеш крылом.
І гучыць, не сціхае твой запознены клёкат
Пад захмараным небам, над родным жытлом.
Пералётная птушка, паднябесная птушка,
Ты куды так імкнешся, скажы мне, куды?
Пералётная птушка, паднявольная птушка,
А ці вернешся зноў ты вясною сюды?
Ну, а ты ўсё ляціш у сваім паднябессі
Ды бяроз гаманлівых, да сініх нябёс.
Мне б услед паляцець за журботнаю песняй,
Ды бяскрылы мой лёс, ды бяскрылы мой лёс.
І плывуць за табой майго суму аблокі,
Твой пагляд сумна-шэры знікае з вачэй.
Да вясны так далёка, без цябе адзінока...
Пералётная птушка, вяртайся хутчэй.
ПАМЯЦІ ДЗМІТРЫЯ ПЯТРОВІЧА
Невымерны адчай і сумота,
Бо цябе не магу прывітаць.
Ты пайшоў пад асеннюю слоту
Сцежку шчасця між зорак шукаць.
Аддаваў ты душу трапяткую
Родным, блізкім сваім і сябрам.
Дзе ж уцеху знайсці хоць якую?..
Ты пайшоў у Нябесны свой Храм.
Ты пайшоў, каб вяртацца з-за хмараў
Песняй, вершам калі-нікалі…
Што ж, бывай, любы дружа-таварыш!
Ты пакінуў свой след на зямлі.
***
Трапяталі пялёсткамі белымі
Нашых дзён маладыя сады.
Ах, якімі былі мы нясмелымі,
Ах, якімі былі мы тады!
Хваляваннямі сэрцы крылацілі,
Летуценілі днём і ўначы –
Рамантычнага слова старацелі,
Душ людскіх экстрасенсы-ўрачы.
І былі мы на многае здольныя,
Нат у выстылы космас ляцець.
І радкі нараджаліся вольныя.
Што яшчэ нам з табою хацець?!
З воляй жыць – веснаваць а ці летаваць,
Піць з нябёс выратоўную сінь,
Да таго ж заставацца паэтамі,
Покуль душы не выстудзіць стынь.
Хоць даўно ўжо з пялёсткамі белымі
Адляцелі юнацтва гады,
Мы й сягоння наіўна-нясмелыя,
Як тады, як тады, як тады.
* * *
Я думаў, што ты забылася,
А ты, нібы сон, збылася,
У сэрца маё ўсялілася,
У мары мае ўжылася,
Бы казка спакусна-дзіўная,
Што скончыцца не жадае,
Апошняя і адзіная,
Няўрымсліва-маладая.
Сваёй недасяжнай цнотаю
Мяне ты і сёння грэеш,
Джаконда мая самотная,
Я веру, што не старэеш.
Я веру, што ты шчаслівая,
Сваю саграваеш Мекку,
Бы сонейка зіхатлівае,
Якому свяціць давеку.
І хоць мы з табой не вечныя,
Мо стрэнуцца сцежкі ў полі…
Як колісь, у дні сустрэчныя,
Жадаю Святла і Долі.