Мятліцкі Мікола


Мятліцкі Мікола

Мятліцкі Мікалай Міхайлавіч нарадзіўся 20 сакавіка 1954 года ў вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1977) працаваў карэспандэнтам штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, з 1983 года – рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”. У 2002 – 2014 гадах – галоўны рэдактар часопіса “Полымя”.

Аўтар зборнікаў паэзіі “Абеліск у жыце” (1980), “Мой дзень зямны” (1985), “Ружа вятроў” (1987), “Шлях чалавечы” (1989), “Палескі смутак” (1991), “Бабчын” (1996), “Жыцця глыбінныя віры” (2001), “Замкнёны дом” (2005), “На беразе маім” (2010), “Цяпло буслінага крыла” (2010), “Чалавек падымае неба” (2012), “Мой боль вырастае да зор” (2016), “Прысутнасць” (2017), “Бяссмертнік” (2019), “Існасць” (2020) і іншых, а таксама шэрагу кніг паэтычных перакладаў з літаратур народаў свету.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1986), Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы (1998), Літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” (2011), Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2013), Міжнароднай літаратурнай прэміі “Алаш” (Казахстан, 2017).

Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (2019).

 

 

Мікола МЯТЛІЦКІ

 

*   *   *

Мы імя сваё гордае

Неаднойчы крывёю гарачай

Напісалі на лёсу скрыжалях

У сечах, пазначаных стратамі.

Мы прад ворагам кожным,

Свой баронячы край, не дрыжалі

І сумленна палеглі

На абсягах Еўропы

Салдатамі.

 

У страі баявым

Неаднойчы прайсціся нам выпала,

Ды, адрынуўшы зброю,

На руінах жыццё адрадзілі.

Хоць нялёгкая доля

Чашу слёз і крыві нашай выпіла,

Не счарсцвелі душой,

Чалавечнасці мы не згубілі.

 

Беларусы, сягоння мы

Светам абсяжным пачутыя,

Наша кожнае слова

На шалях сумлення узважана.

З тымі мы, хто спазнаўся

У лёсе з такімі ж пакутамі,

Хто жыве на зямлі,

Як і мы,

Не прадажна.

 

І такіх з кожным днём

На прасторах зямных усё большае,

Не задушыць наш голас

Крывадушнікаў зграя пражэрная.

Мы спазналі не раз

За жыццё сваё

Самае горшае,

І сумленню свайму

Застанёмся заўсёды мы

Вернымі.

 

 

*   *   *

Суайчыннікі мае,

Наша сіла – духу роднасць.

Сонца юнае ўстае,

Дзень наш ясніцца пагодна.

 

На апаленай зямлі,

Што канала век у скрусе,

Мы шчасліўцамі прыйшлі

Пад нябёсы Беларусі.

 

Лёс зямны свой творым мы

У разумнай дбайнай сіле.

Навальніцы і грамы

Адступілі і астылі.

 

Нашы гожыя палі,

Нашы светлыя дарогі…

Мы ж – у душах збераглі

Памяць скрушную пра многіх.

 

Не растрацілі й на грам

Да салдат вайны павагі.

Несці дальш сягоння нам

Акрываўленыя сцягі.

 

Будаваць на новы лад

Дом шчаслівы чалавечы,

Ды пакінуць – іх зашмат –

Дарагія сэрцу рэчы:

 

І любоў, і дабрыню,

І святло усмешкі шчырай…

За стагоддзі ўпершыню

Упіваемся ўсмак мірам.

 

Сонца юнае ўстае,

Дзень наш ясніцца пагодна.

Суайчыннікі мае,

Наша сіла – духу роднасць.

 

 

*   *   *

Не ўсе мы яшчэ ўсведамляем,

Што шчасце бязмежнае маем:

У гэтым трывожным стагоддзі

Жыць рупна – у міры і згодзе.

 

За гэтае крохкае шчасце

Мільёны прыйшлося пакласці.

За гэты глыточак спакою

Кроў продкаў лілася ракою.

 

За гэтыя звычныя ранкі

Хвасталі нас лёсу маланкі

І ў лютым канцлагерным пекле

Слязіны гаручыя цеклі.

 

За гэтыя ў небе аблокі

Мы грэем касцьмі дол глыбокі,

Дзе ў мёртвага часу пустыні

Гараць усе нашы Хатыні.

 

За росную сцежку у полі

Мы чуем заўжды горыч болю,

Бо наша айчыннае жыта

Не градам, а кулямі біта.

 

За гэтыя светлыя хаты

Палеглі ў магілы салдаты

І, мір наш пільнуючы, сёння

Ускокваюць часта cпрасоння.

 

Не ўсе мы яшчэ ўсведамляем,

Што шчасце бязмежнае маем:

У гэтым трывожным стагоддзі

Жыць рупна – у міры і згодзе.

 

 

*   *   *

Пяшчотнае лета ўбіраецца ў сілу,

Спякотай працятае дзённай.

І вось – вечарэе… Смуга небасхілу

Здаецца прытоена-соннай.

 

Яшчэ ружавеюць чупрыны аблокаў

Нябачнага сонца астачай,

Ды смуглае неба раздольна, шырока

Сузор’і ірдзістыя значыць.

 

Я лёткай дарогай вяртання імчуся,

Ўзіраюся ў шкло лабавое –

І бачу ў паўзмроку: зямля Беларусі

Дыханне стаіла жывое.

 

Яна, прытамлёная спешкаю дзённай,

Сцішэла цяпер спачывае

І ціхай лагодай, дрымотаю соннай

Абсягі палёў спавівае.

 

І неба над ёю – адкрытая вечнасць,

Што кажа: агнём разгаруся!

Які ён лагодны і сцішаны вечар

І сон твой, зямля Беларусі!

 

Нарэшце павыстыла даўняя скруха,

Павысахлі горкія слёзы.

І ноч наступае і звычна, і глуха,

Не ронячы зыкі пагрозы.

 

Зямля мая, ты нацярпелася здзеку,

Каўтнула залішняга болю,

Дай сёння спагадна яму, чалавеку,

Гаючую кроплю спатолі.