Таццяна Атрошанка — паэтэса, кампазітар, спявачка.
Нарадзілася ў Будакашалёўскім раёне Гомельскай вобласці.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аўтар шэрагу кніг. Як спявачка — лаўрэат многіх творчых фестываляў і конкурсаў.
Жыве ў Мінску.
МАЛАЯ РАДЗІМА
Не заві Радзіму малой…
Не бывае малым каханне…
Хай маленькі крок першы твой
У вялікім жыцця світанні…
Няхай з космасу не відаць
Твайго дома, у сад сцяжыны,
Толькі сэрцу ні піць, ні спаць
Вось без гэтай Малой Радзімы,
Дзе змяшчаўся ўвесь сусвет
У матулі вачах блакітных,
Дзе скаралася сотня бед
Самай першай тваёй малітве…
Не заві Радзіму малой…
Тут ты зведаў, як пахне хлебам,
Няма радасці больш святой,
Калі бацька падкіне ў неба…
Тут сям’і тваёй галасы…
Тваё шчасце, твая слязіна.
Не заві Радзіму малой…
Лепш заві ты яе – Айчына!
***
Матуля!
Рук тваіх цяпло
Мне не забыць нідзе, ніколі…
Дай, Бог, зямлі шчаслівай долі,
Дзе ёсць радзімае жытло…
Куды б жыццё ні завяло,
Прыйду дарогамі вяртання.
Матулечка – маё світанне,
І пакаянне, і святло…
ПАЛАНЭЗ ВЯРТАННЯ
Лісцё ападае ціха –
Наўрад ці ўжо ўваскрэсне…
Алея вядзе з нябыту
У ціхі спачын Залесся…
Сад, сонца цяплом абліты
Па лісці, нібы па нотах
Чытае твае малітвы,
Што ты прамаўляў з самотай…
І рвала душу згрызота,
І звала яна збавенне,
Ды хлюпала побач слота
У шэрым сваім адзенні…
А ў думках жылі світанні…
Па ліпавых шлі алеях…
Пісаць “Паланэз расстання”
Не мог, бо жыла надзея…
Бо біла ў грудзях гарачым,
Струменіла думкай светлай,
Што вернецца смех, няйначай,
За сумнай тваёй карэтай…
Калісьці…
І будзе годным народ беларускі родны…
І будзе свяціць паходняй
Свабода ў руках народных…
І будзе “Віват!” і “Слава!”
Гучаць у часах далёкіх…
І будзе гадоў нямала
Наперадзе светлых, лёгкіх!
І суджана будзе збыцца
Усмешкам ад новых раніц…
І будуць іграць зарніцы,
І танчыць свой будуць танец,
І будзе спяваць каханне
На любай і роднай мове…
І будуць ізноў спатканні,
І будзе ўсё нанова…
Як знаць, можа быць, употай
У ноч перад злым расстаннем
Ты краю свайму з пяшчотай
Сыграў “Паланэз вяртання”.
ЯНКА КУПАЛА
Калісьці ночка зару шукала…
Там ціха зорка на дол упала…
Купалле гушкала і люляла - Купала…
І адчыняла, і зазывала…
І сэрца білася і чакала…
У краі родным імя назвала-
Купала…
І заспявала… І заіграла…
Пра край, пра шчасце, пра гора, славу…
Пра свет у ваконцы-
Ой, рана, мала-
Купала…
Каб не журыцца- расой умыцца!
Ды мовай роднаю ганарыцца!
Каб распрастаць ды ўвысь узвіцца
Бы журавель, не сініца…
Каб мелі роздум ды гонар, розум!
Каб шанавалі цяпер, не позна!
Каб уставалі, бы воі- грозна,
Калі навала напала…
І хтось пачуе і ўратуе-
Святую, родную, не чужую…
Сваю, свабодную, залатую, матулю…
Каб быць, ды з песняй- бы з сонцам веснім!
Каб мовай роднаю безліч здзейсніць!
Яе не страціць, не кінуць недзе - пустую,
Калісьці знічка з нябёс упала,
Калі Купалле ўначы гукала…
І нашай вечнаю песняй стала -
Купала Янка…
Янка Купала…