Арцюх Дзмітрый Уладзіміравіч нарадзіўся 2 сакавіка 1978 года ў вёсцы Рутка Навагрудскага раёна. Скончыў Мінскі педагагічны каледж імя Максіма Танка (1998 год), факультэт журналістыкі Беларускага Дзяржаўнага ўніверсітэта (2003 год).
Працаваў на Беларускім радыё і тэлебачанні, у рэдакцыях беларускіх газет і часопісаў, намеснікам галоўнага рэдактара на сайце Свята-Елісавецінскага манастыра. Зараз выпускаючы рэдактар часопіса “Беларусі музей”, журналіст сайта “сделано.медиа” ў кампаніі Silamedia, кіраўнік здымачнай групы духоўна-асветніцкага праекта “Новомученики Беларуси” ў Беларускай Праваслаўнай Царкве.
Аўтар зборнікаў “Вясна ў кароткім паліто” (2006 год), “На скрыжаванні” (2015 год). Друкаваўся ў беларускай і замежнай перыёдыцы, калектыўных зборніках.
Творы перакладаліся на рускую і балгарскую мовы.
Зазімелы настрой
Твой настрой — гэта проста сняжынка.
Дай далонь тваю… Пацалую —
Знікне сум. І ад суму скарынка
Застанецца. Зіму пачастуем.
Хай сумётніца зубы зломіць
І настрой свой далёка закіне.
Шчасце — наша. І, чуеш, нікому
Не дазволім яго зазіміць.
Малітва
Госпадзі, зноў прашу сілы,
Сілы чакаць і цярпець,
Сілы дайсці да магілы,
Вершаў, якім ляцець
Разам са мной у вечнасць —
Туды, дзе лагодны дом.
Даруй мне маю недарэчнасць,
Шлях мой, які фантом.
Том першы, другі, ці трэці…
Не ведаю колькі іх.
Прабач мяне…
Зоркі свяцяць,
І птушкі лагодзяць слых.
І ціха адказвае Неба:
“Жыві. Не спяшайся жыць.
Табе яшчэ доўга трэба
Вучыцца.
Вучыцца любіць!”.
* * *
Памаўчым і нырнем у позіркі.
Будзем плаваць. І будзем дыхаць.
Колькі вёснаў, і колькі зім
Я чакаў цябе. Марыў. Клікаў.
І цяпер не хачу адпускаць.
Разам будзем давай плаваць
Ў акіяне зямнога жыцця.
Ты мая нечаканая радасць!
* * *
Акварыум. Рыбкі. Ты.
І цёплыя словы, гарачае сэрца.
І позіркі… Вочы… Ах, вочы! Куды
Схавацца ад позіркаў,
Збегчы, не ўмерці…
І сэрца ўцякае, бо ведае боль.
І сэрца вяртаецца — ведае шчасце.
Акварыум. Рыбкі. Ты.
І цёплыя вусны…
Не будзем спяшацца.
Навагрудак
Мне снішся ты і Навагрудак.
І я па горадзе сумую
Ў зіму завейную і злую,
Мне снішся ты і Навагрудак.
Ізноў я голас мамы чую.
І ёй адной скажу пра смутак.
Мне снішся ты і Навагрудак —
І я па горадзе сумую.