«Будзьце ў міры з сабой»


«Будзьце ў міры з сабой»

Ірына Барысаўна Морых па прафесіі музыказнаўца, выкладала ў Брэсцкім музычным каледжы імя Р. Шырмы, музычнай школе №1. Выхавала многіх вядомых кампазітараў, музыказнаўцаў, музыкантаў, з году ў год рыхтавала лаўрэатаў міжнародных конкурсаў па кампазіцыі, напісала і апублікавала артыкулы пра культуру, музыку, педагогіку, падрабязна апісала методыку у кнізе «Творчыя заданні па музычна-тэарэтычных дысцыплінах», якая была выдадзена ў Санкт-Пецярбургу ў 2011 годзе.

Музычная і педагагічная дзейнасць Ірыны Морых цесна звязаная з літаратурнай творчасцю, якой яна займалася ўсё жыццё, але найбольш актыўна ў апошнія гады. У 2019 годзе выйшлі яе займальныя кнігі для падлеткаў «Марго і Чароўны Экран», «Таямніца крамы цацак», а ў 2020 годзе ў мінскім выдавецтве «Колорград» пабачыў свет новы зборнік аўтарскіх вершаў «Свет, які варты здзіўлення».

У кнігу ўвайшлі як раней апублікаваныя, так і нявыдадзеныя творы апошніх гадоў. Натхняючыся музычнымі і мастацкімі сусветнымі шэдэўрамі, тонка адчуваючы шматграннасць быцця, Ірына Морых стварае асаблівы свет паміж ілюзіяй і рэальнасцю. І гэты свет дзівосны, хісткі, зменлівы, як прырода ў сваім харастве, бурлівы, як імклівая рака часу...

Так, у цыкле «Поры года» мы бачым, як мяняюцца інтанацыі і настрой, як у таямніцах прыроды ўгадваюцца чалавечыя пачуцці, эмоцыі, рух ў вечных пошуках сябе.

Сентябрь. Тишайший свист шагов

Светил, по осени ступивших.

Уже прохладных, всё простивших,

Уже принявших грусть оков…

Зачаравальны ўзлёт у момант моцных уражанняў, перажыванняў і глыбокая туга ад расчараванняў паказваюць, наколькі безабаронны чалавек перад навакольным светам, спакусамі, сваімі мяцежнымі выпакутаванымі жаданнямі. У светапоглядным пасланні паэта, філасофскіх разважаннях адчуваюцца ноткі трывогі за будучыню, якая можа знікнуць у цемры бездухоўнасці, калі чалавек адвыкне бачыць душой прыгожае, суперажываць, кахаць, паддасца спакусам, зайздрасці, ляноце:

Будьте в мире с собой.

Не меняйтесь и не изменяйте

Зову сердца, призванью,

Звезде путеводной своей.

Освещённой тропой

Со спокойной улыбкой шагайте –

Без сомнений, смятенья,

Терзаний и ложных идей.

І ўсё ж у разнастайнасці тэматыкі вершаў, эмацыянальным напружанні і арыгінальных вобразах, у рытмах, рыфме чуецца музыка, яна запаўняе прастору, усяляе веру, ратуе ад адчаю, робіць нас мацнейшымі і дабрэйшымі:

Звучит прелюдия весны…

Затем – очарованье лета…

И осени златые сны…

И поздние зимы рассветы…

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ

СКАЧАТЬ