Кебіч (Вайтулевіч) Людміла Антонаўна нарадзілася 17.07.1951 года ў г.п. Краснасельскі Гродзенскай вобласці Ваўкавыскага раёна. Паэтэса, празаік, перакладчык, ганаровы член СПБ. Член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, член Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў (МАПП).
Старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Лаўрэат прэміі імя А.І.Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў 2002 годзе” па намінацыі “Пісьменнік года”. Узнагароджана нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” (2009). Пераможца Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор года” ў намінацыі “Песенны жанр” за цыкл песень “Словы прызнання” – “Залаты Купідон” (2010). Атрымала дыплом і тытул “Чалавек года Гродзеншчыны за 2013 год”, медаль Францыска Скарыны (2014), медаль СПБ “За вялікі ўклад у літаратуру” (2018).
Выдала кнігі вершаў: “Па музычных законах”, “Зялёная рутвіца”, “На беразе белай ракі”, “Ключы ад Неба”, “Фиолетовый дракоша”, “Светач мастацтва”, “Непераможны колер охры”, “Дамінанты лёсу”, “Гродно — город королей”, “Рай для адзіноты” (2016), “Як Алеся пальчыки личыла” (2016), “Игрушки для Валюшки” (2018), “Бэзавы дом”(2019), “У Марьяны сто фантазий” (2020), “Бэрак, Бэрак, дай цукерак!” (2020), “Трыялеты. Тэрцыны. Рандэлі.” (2020); два зборнікі песень. Зрабіла пераклад кнігі прозы з польскай на беларускую мову Аляксандра Наўроцкага з Варшавы. Вершы ўвайшлі ў падручнікі “Музыка” для 2-га класа (выдав. “Адукацыя і выхаванне”, 2006 і 2013), шматлікія калектыўныя зборнікі. Перакладаліся вершы на рускую, украінскую, азейбарджанскую, літоўскую і польскую мовы. Жыве ў г. Гродна.
МЛЫН РЫПІЦЬ
Пакахай мяне светла і молада,
як ніколі ў жыцці не кахаў.
Апячы пацалункавым соладам,
як калісьці мяне апякаў.
Дакраніся паглядам маланкавым,
каб працяў ён мяне навылёт.
Абдымі небасхілам світанкавым
і пакліч у сумесны палёт.
Час – пясок, і калісьці ён ссыплецца
ў незваротны, самотны кулёк.
Час – вада, па слязінцы ён выльецца
ў вершаваны гаротны радок.
Час бяжыць: пройдзе ўсё і не вернецца.
Не маўчы ты, вярні, супакой…
Млын рыпіць, і жыццё наша мелецца
і сляды прысыпае мукой.
СЭРЦА ПАЭТА
Рассыпаецца сэрца паэта
на шматкі каляровага лета,
на дабра незлічоныя дозы,
на нязбыўныя мары і слёзы.
Разрываецца сэрца ад стомы,
чуйных думак, яшчэ падсвядомых,
што гучаць надакучлівай нотай
сярод пышнай маёй адзіноты.
Ускрыляецца сэрца каханнем,
хай зімовым, ды сонечным раннем,
і дажджом, але гойным, чаканым –
на палі і душэўныя раны.
І радкамі, што ззяюць, як кветкі,
бо яны – вершаваныя сведкі
маёй шчаснай жаночае долі,
дзе хапае і мёду, і солі.
Так, жыццё – гэта знайды і згубы.
Вось і я ўжо, як вольная Куба.
Вершы іншыя, новыя мэты…
Як трываеш ты, сэрца паэта?!
БУДЗЕМ ЖЫЦЬ
Вясну ніхто не адмяняў,
ні вірусы, ні людзі.
Салоўка раніцай спяваў
і ліў бальзам на грудзі.
Цвіце пахуча алыча,
нябёсы пасвятлелі,
і гусі-лебедзі крычаць:
– Вітайце, прыляцелі!
Зялёны колер, белы квет
штодзень перамагае.
Цяплее свет, ярчэе свет,
прагнозы абвяргае.
Праменьчык сонечны заззяў,
жыццё ў вясновым гудзе…
Вясну ніхто не адмяняў,
а значыць, жыць мы будзем.