Міус (Усцінава) Жанна Віктараўна член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. Аўтар зборнікаў паэзіі «Лунный чай» (2013), «Iнтанацыя» (2019), «Мае медуніды» (2021); прозы «Медвежья принцесса» (2016); кніг для дзяцей «Странные детки» (2018) і «Первоапрельский суп» (2020).
Вершы Жанны Міус друкаваліся ў часопісах «Гаспадыня», «Вяселка», «Рюкзачок», «Маладосць», «Алеся»; у газетах «Літаратура і Мастацтва», «Настаўніцкая газета», «Знамя юности», «Магілёўскія ведамасці», «Веснік Магілёва», «Зямля і людзі», «Беларуская лясная газета».
У 2019 годзе Жанна Міус стала адным з пераможцаў літаратурнага конкурсу «Бацькаўшчына светлая мая», арганізаваным Выдавецкім домам «Звязда», часопісам «Маладосць» і Першым нацыянальным каналам беларускага радыё.
Разам з магілёўскімі аўтарамі годна прадстаўляе вобласць на розных абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах.
Жанна Віктараўна праводзіць вялікую работу па ідэалагічным выхаванні дзяцей і моладзі. Яна сустрэакаецца з чытачамі розных узростаў у Магілёўскіх бібліятэках, а таксама ў Чавускай раённай бібліятэцы, рэгулярна выступае ва ўстановах адукацыі горада Магілёва і вобласці, куды яе ўвесь час запрашаюць на розныя мерапрыемствы.
ДУША МАЁЙ ЗЯМЛІ
Вандруе на крыле тугім бусла.
Дняпровай хваляю па беразе пляскоча.
У гушчэчы ельніку на пальцах колкіх лап
калыша цішу жнівеньскае ночы.
Прымае птаства пошчак на плячо -
спяваць сумесна песенькі аб леце.
А раптам рассмяецца, бы дзяўчо,
хапаючы за хвост паўднёвы вецер.
Гуляе басанож па мурагу –
аброшвае ядвабнасць тонкіх ножак.
І замірае, як пчаловы гуд
у садзе квецень спавівае асцярожна.
Ва ўборах круціцца ля люстра срэбных вод -
з валошак, лотаці, рамонкаў, канюшыны,
каб на Купалле стаць у карагод
ля самай цнотнай вабнае дзяўчыны.
Яе не ўбачыць, не спыніць, не прыгарнуць.
Смакотаю заморскай не прыру́чыць.
У ёй усё тое, што пяшчотна, без прыну́к
нас з краем родным назаўсёдна лу́чыць.
І як ўгледзіш у таямнічай цішыні
крынічку, ушанаваную ў народзе,
вось тут яна – душа маёй зямлі
ў ёй нараджаецца і ў свет гуляць выходзіць.
ІШОЎ НАСТРОЙ
Ішоў Настрой бадзёра
вулкай звычнаю,
майскім шчодрым небам
аблакі́чаны,
рабаціннем сонечным
абве́снены
жаўручыным пошчакам
апе́снены.
У заплечніку ён нёс
падзяк абвешчанасць,
усіх напояў хмельных
перамешанасць,
шпаркіх дум вар’яцкую
арэлістасць
і надзей раптоўную
асмеленасць.
ЦІ АБ ІМ МАГЧЫМА ПРАЎДУ СКАЗАЦЬ?
Ці аб ім магчыма праўду сказаць?
- Не!
Ці аб ім магчыма праўду пісаць?
- Не!
Ці аб ім магчыма праўду прапець?
- Не!
А магчыма ўтапіць у віне?
- Не!
Немагчыма
яго шаленства суняць.
Немагчыма
аддаць ці назад прыняць.
Немагчыма
яго назаўжды прыручыць.
Ад яго не вылечаць
і ўрачы.
Яно можа
праз дотык токам прайсці.
Яно можа
праз позірк у душу ўвайсці.
Яно можа
давесці да нематы…
Гэта ты - людское каханне… Ты…
СПАВІЦЕСЯ ВОДАРАМ КВЕТАК…
Спаві́цеся водарм кветак –
найсмачным, пяшчотным, зава́бным.
Краніце далонню сакрэты
пялёсткаў, сака́ўна-ядва́бных.
У назвах тугіх, гуказвонных -
мядовых адценняў мілота:
стракотка, званочак, півоня,
вяргіня, ліле́я, лотаць…
Узрастаюць пад сінню нябёсаў
у вобдымках цёплага света
бэз – з водарам дзёрзкіх вёснаў
і ружа – з шыкоўствам лета.
Шыпшы́на і сціплы рамонак,
касач, чараві́к Венерын -
усім нам пелястку́юць натхнёна
жыццёвай адвечнай верай.
Валошкі ў шапоткім жыце.
Язмін ля бабулінай хаткі.
На момант адзін уявіце
зямлю без такой вось апра́ткі.
Паку́таваць у роспачы мусіць
душа, адцураўшыся цела.
Без кветак зямля Беларусі
пабле́кла б, асірацела.
ВЕРШ ПРА ВЕРШЫ
Верш пра дзёрзкае буйства
падлеткавых вёснаў
камяністым руча́ем
бруіць на паперы.
Верш пра жорсткую згу́бу
парываў узнёслых
прапаўзае, як хмара,
адчаем шэрым.
Вершы мякка шапочуць,
звіняць салоўкам.
Вершы могуць цвіком
прабіваць нявер’е.
Бы крыла́мі анёла,
пяшчотным слоўкам
адчыня́ць у замкнёную ду́шу
дзверы.
Верш пад ветразем мчыцца
пунцовым надзеі,
ці руйну́е… з адчайным
шкляны́м хрустам.
Ён арэ, барануе,
каханне сее,
дзе калісці было
безсэнсоўнае “пуста”
Вершам лёсы вярша́ць
празарлі́ўцы-паэты.
У час адказны, ліхі́,
вершыру́юць палка́мі.
Таямнічым пасланнем
ад вуснаў Сусвету
вершы светлае штось
лу́чаць з цёмнымі намі.