Габрусева Валянціна


Габрусева Валянціна

Габрусева Валянціна Фёдараўна член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2017 года нарадзілася ў г.Верхнядзвінску Віцебскай вобласці. Скончыла Магілёўскую школу міліцыі МУС СССР па спецыяльнасці юрыст.

Валянціна Габрусева з’яўляецца актыўным ўдзельнікам творчага жыцця Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ.

Лаўрэат спецыяльнай прэміі Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта “Дасягненне” ў намінацыі “Літаратурная дзейнасць”.

Ганаровы грамадзянін Клічаўскага раёна.

Аўтар зборнікаў паэзіі “Журавінавыя гронкі” (2006), “Бусліны вальс” (2007), “Букет бяссмертнікаў” (2009), “Водар бацькаўшчыны” (2015), “Дзе пашчасціла мне нарадзіцца” (2016), “Блакіт жывой вады” (2020); “Мая зямля, мая Айчына” (2019, зборнік песень на беларускай мове), “Спаси и сохрани” (2020, зборнік песень на рускай мове).

Паэзія Валянціны Габрусевай – жыццесцвярджальная. Вершы яе прасякнуты любоўю да жыцця, да людзей, да прыроды, да Радзімы. Яны нясуць святло, дораць надзею, усяляюць веру ў перамогу дабра.

У вершах паэткі добрая і напеўная беларуская мова. На першы погляд яна простая і даходлівая. Але аўтар тонка адчувае беларускае слова, праз якое яскрава раскрывае вобразы, дазваляючы выплеснуць, данесці да чытача думкі і эмоцыі.

У 2019 годзе на літаратурным конкурсе “Бацькаўшчына светлая мая”, арганізаваным Выдавецкай домам “Звязда”, часопісам “Маладосць” і Першым нацыянальным каналам беларускага радыё, Валянціна Габрусева атрымала дыплом II ступені.

На вершы Валянціны Габрусевой напісана больш 200 песень, якія выконваюць Мінскі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі, салісты Магілёўскай абласной філармоніі, Магілёўскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і іншыя. Яна з'яўляецца лаўрэатам Міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і гарадскіх фестываляў аўтарскай песні.

 

***

 

Заблуджуся –

                    не заначую, –

Месячык не без святла!

Не завядзе ён, –

                    сэрцам пачую, –

Туды, дзе я век не была.

 

Услухаюся ў шалясценне

Сваіх маладых дубкоў,

І іх трапяткія цені

Мяне прывядуць дамоў.

 

***

 

Мне ні часовасць, ні пастой,

Дзе пад аўчынай грудзі,

Дзе адзіноту п’е спакой,

Мяне там век не будзе!

На пырскі сонца – змрок вачэй,

Лютуе ў маі студзень,

Дзе кволасць сталае плячэй,

Мяне там век не будзе.

Цвіком прыбіты ручнікі,

Чарсцвее хлеб на блюдзе.

Для блешні – глыбіня ракі,

Мяне там век не будзе.

Мяхі гармоніка даўно

Разбухлі ў хлама брудзе,

Дзе весялосць лягла на дно,

Мяне там век не будзе.

Гасподзь – направа. Сам на сам.

Налева гуртам людзі.

Сапрана вышыня – гракам,

Мяне там век не будзе.

У шматгалоссі голас мой

Няхай сябе здабудзе,

А адзінота і спакой,

Калі мяне не будзе.

 

***

 

О, драбяза будзёнасці, ачніся

Ад светасузіральнасці сваёй.

Не жаўтаротай птушкай узніміся

Над неадольнай заценню густой.-

Лязом праменным асляпі свой ганак,

Не прымярай усмешку, а надзень.

Жыцця стары затуплены рубанак

Зламай аб новы непаўторны дзень.

 

***

 

Мне вуголле не ўваскрасаць,

Выпаленае не гладжу.

Мішэнь чорная – не прамажу,

Не параню, калі страляць.

Развязалася – не вяжу,

Раскалолася – я не клею.

Прад абноваю не самлею

Бо прытомнасцю даражу.

Стрэну восень сваю вясной,

Ім з удзячнасцю дзвум усміхнуся,

Перад першаю распрануся,

Апрануся перад другой.

Нагадаю прарочыя сны

Перад промнем святла ў тунэлі,

Як вясною мяне адпелі,

Каб у восень я ўстала з труны.

 

Ой, каціліся годы

 

1.  То з гаркотай, то з мёдам,

То ні з чым напрасцяг,

Ой, каціліся годы

Па дарозе жыцця.

Раскажыце, гадочкі,

Ці гублялі вы дні,

А ці плакалі ночкі,

Што ў нябыце іх сны;

А ці плакалі ночкі,

Што ў нябыце іх сны.

 

2.  Ці маліліся Богу,

Як рыпелі камлі,

А куды неслі ногі,

Што не чулі зямлі.

Ці ў блакітных нябёсах,

Ці ў студзёнай імжы,

Ці ў раздоллі бялёсым

Трапятанне душы;

Ці ў раздоллі бялёсым

Трапятанне душы.

 

3.  Да сябе ці прыжыўся

Гонар праведных дзён,

Вам, гадочкі, ці сніўся

Вінаватасці сон.

Каласам вашы оды,

Ці спляценням асця?

…Ой каціліся годы

Па дарозе жыцця,

Ой каціліся годы

Па дарозе жыцця.