Палеская Мадонна з Валішча


Палеская Мадонна з Валішча

03.04.2017                                      Новости 


Марыя Кобец сустрэлася з навучэнцамі Палесскага дзяржаўнага ўніверсітэта, пазнаёміла іх са сваёй творчасцю, прадставіла на суд маладого чытача сваю новую кнігу вершаў “Палыновая квецень”. 


Вершы пішуць многія. Але не многія сёння чытаюць вершы, а жывуць паэзіяй наогул адзінкі, імя ім – паэты. Без пранікнёных, цудоўных вершаў Марыі Кобец цяпер нельга ўявіць сучасную беларускую паэзію. “Палеская Мадонна з Валішча” – так называюць яе калегі і чытачы. І трэба адзначыць, вельмі слушна і трапна. Паэтка жыве, працуе і творыць не ў сталіцы, нат не ў горадзе, а ў роднай вёсцы Валішча, у якой нарадзілася, як сама яна адзначае, у простай сялянскай сям’і. Вось штрыхі яе біяграфіі: вучылася ў вясковай школе, скончыла медыцынскае вучылішча, працавала ў роднай вёсцы фельчарам, потым узначальвала сельскі Дом культуры. Праз некаторы час прадоўжыла сваю адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і зараз працуе рэдактарам карэспандэнцкага пункта г. Пінска “Тэлерадыёкампаніі “Брэст”. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы.

Марыя Кобец вельмі творчы чалавек, якому дадзена многае. Яна адбылася ў жыцці не толькі як творчая асоба, але і пяшчотная, клапатлівая, любячая жонка, маці двух дарослых сыноў. Самастойна навучылася маляваць і яе работы падабаюцца сябрам, яна з задавальненнем дорыць іх ім. Гэтак жа, прызнаецца паэтка, яна абнаўляе свой гардэроб: сама распрацоўвае і шые – атрымліваюца эксклюзіўныя рэчы. Але заўсёды галоўнай для яе была патрэба пісаць вершы:

         Імклівы дзень скаціўся пад страху,

         Хавае футра белае на ўзлессі,

         Кладзецца спаць… Туманнае Палессе –

         Краіна лоз, балот і трыснягу…

Першы свой верш Марыя Кобец напісала яшчэ ў школе. І вось ужо каторы час паціху, як тыя непрыкметныя ручайкі, ліецца яе лірычная паэзія. Яе вершы друкуюць часопісы “Полымя”, “Маладосць”, “Алеся”, “Гаспадыня”, тыднёвік “Літаратура і мастацтва”, іншыя выданні. У 2011 годзе выходзіць першы яе сборнік паэзіі “Кроплі”. Як адзначала крытыка, усе вершы гэтай кнігі чытаюцца на адным дыханні, яны вабяць прыгажосцю мастацкага слова, сваёй музычнасцю:

         Падстаў свой светлы твар пад гэты цёплы,

         Лагодны дождж, ласкавы, веснавы!

         Далоні працягні, у іх не кроплі –

         Гаючая вільгота для травы!

На паэтчнам свяце “Лунінская восень-2012” кніга вершаў “Кроплі” Марыі Кобец была адзначана літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Калесніка Брэсцкага аблвыканкама.

Сёння творчасць паэткі з Пінскага Палесся Марыі Кобец ведаюць і далёка за межамі нашай краіны. Яе вершы ў перакладах публікуюць выданні Расіі, Польшчы, Чарнагорыі, Сербіі, Туркменістана… Яна і сама перакладае вершы замежных паэтаў, якія ў сваю чаргу друкуюць літаратурныя выданні Беларусі.

А напрыканцы 2016 года паэтка, перакладчык і журналіст Марыя Кобец парадавала нас сваім новым творчым набыткам: у брэсцкім выдавецтве “Альтернатива” пабачыла свет яе другая па ліку кніга паэзіі “Палыновая квецень”. Палын, зразумела, кветка горкая. Ды гэта і не кветка наогул! Гэта паэтычны вобраз за якім – лёс, доля многіх пакаленняў, што жылі тут да нас. Палын – гэта паэтычны сімвал славян – знак бяды і знак няўміручасцю народа – “Зорка Палын”. А вось, што гаворыцца ў анатацыі да новай кнігі паэзіі Марыі Кобец: “Палыновая квецень” – гэта суквецце яркіх і нават крыху абвостраных пачуццяў, якія праз прызму свайго светапогляду адкрывае чытачу паэтка з Піншчыны. “Смарагдавая ранняя вясна”, “Ружовы травень”, “Вераснёвы золак”, “Белы ветразь завей”… Кожны з вершаў паэткі з’яуляецца прыкладам высокай паэтычнай лірыкі і напоўніцу прасякнуты шчымлівай, але неабдымна светлай тугой. Тонкае жаночае светаўспрыманне лірычнай гераіні твораў дапаможа чытачу паглядзець на вечнае у яго ўзнёсласці і прыземленасці ды зробіць крок да разумення, найперш, самога сябе”.

         Засяваю наноўку раллю.

         Які раз… Але ўсё ж заахвочана,

         Удабраю, лелею, халю –

         Ураджаем сваім заклапочана.

 

“Лёс Марыі Кобец, — гаворыць у прадмове да кнігі вядомы беларускі літаратар і журналіст Алесь Карлюкевіч, — лёс Паэта, які асэнсавана як мастак слова аглядае рэчаіснасць, асэнсавана бачыць увесь свет у розных яго праявах і па-філасофску грунтоўна разважае над уласным і агульначалавечым жыццём. І робіць гэта пранікліва і шчыра, усе сілы аддаючы пошуку патрэбных слоў… У Марыі Кобец ёсць вершы, прысвечаныя Яугеніі Янішчыц. Відавочна, што паэзія легендарнай зямлячкі з’яуляецца для аўтара кнігі “Палыновая квецень” мастацкім, грамадзянскім арыенцірам у рабоце па паэтычнаму асэнсаванню жыцця. Праўда, наша сучасніца з пінскай вёскі Валішча бачыць жыццё па-свойму”.

З гэтым, так бы мовіць, нельга не пагадзіцца. Але трэба дадаць: “паэтка Марыя Кобец не проста “бачыць жыццё па-свойму” – яна, наша сучасніца з пінскай вёскі Валішча, што, па-мойму, вельмі важна, не толькі бычыць жыццё па-свойму, а жыве у самым, што ні на ёсць, жыццёвым віры палескай сялянкі. І адтуль, з глыбінь жыцця палескай вёскі, з лёсу яе людзей ідзе да нас яе паэтычнае слова – найшчырэйшая споведзь Жанчыны – простай сялянкі і Паэткі Марыі Кобец.

Валерый ГРЫШКАВЕЦ

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси