Нарэйка Настасся


Нарэйка Настасся

Настасся Нарэйка нарадзілася 28 кастрычніка 1986 года ў Маладзечне. Закончыла Маладзечанскую беларускую гімназію, у 2009 годзе Інстытут журналістыкі БДУ. Працуе адказным сакратаром раённай газеты “Навіны Камянеччыны”, вядучым спецыялістам па прапагандзе беларускай літаратуры Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік літаратурнага клуба “Жарынка” (г.Камянец). Вершы піша з 10-гадовага ўзросту толькі па-беларуску. Аўтар зборніка вершаў “Магдэбургскае права маёй душы” (2013), друкавалася ў часопісах “Полымя”. “Маладосць”, “Вожык”, газеце “Літаратура і мастацтва”, калектыўных зборніках “Кахаць і верыць”,  “Літаўра”, “Сіла слабасці”, “Скажы, што кахаеш”. Лаўрэат Брэсцкай абласной літаратурнай прэміі імя У.Калесніка (2017).

 

* * *

Ты адзіны мой, Богам дадзены.

Ты радзінны мой, а не крадзены.

 

Ты спрадвечны мой, векапомны мой.

Ты бясспрэчны мой і нязломны мой.

 

Ты – жыццё маё, ты – мой снег сівы.

Ты – маё жніўё, ты – мой меч крывы.

 

Ты – вясла крыло, ты – вятрак стары.

Ты – нябёсаў шкло, гарадоў муры.

 

Ты – палёў абсяг, ты – зубрыны крок.

Ты – жыцця працяг, ты – жыцця ўрок.

 

Ты бяздонны мой, ты бяссoнны мой,

Ты палонны мой, ты загонны мой.

 

Ты калючы мой – ты бяззбройны мой.

Ты балючы мой. Незагойны мой!

 

Ты адзіны мой. Сярод воўчых зграй.

Ты глыбінны мой… Ты – мой родны край.

 

* * *

Калі гэта мая Беларусь,

Калі гэтыя рэкі, дубровы,

Сад і лес, каласоў перамовы,

Гонкі замак на ўзгорку суровы

І камень, дзе прасечаны словы,

Што жыла і жыве Беларусь,

 

Калі гэта усё мне да скону

Богам дадзена, каб не забыць,

Каб цягнулася вечная ніць,

Каб узводзіць заўжды – не бурыць,

Тады я захаваю да скону

 

Каласы, галасы і крыніцы,

Гэты край, дзе за шчасце радзіцца.

Не патрэбен ніякі прымус,

Каб любіць, як жыццё, Беларусь.

 

Беларусі

Не гавары ніколі і нікому,

Што можна не любіць яе і жыць,

Маліцца Богу іншаму, другому,

Не з ёй спяваць, змагацца і тужыць,

Што можна адкаснуцца і забыцца,

Аддаць яе – няхай ідзе на злом,

Не за яе ў цішыні маліцца

І сагравацца не яе святлом.

Хай пазбаўляюць шчасця, веры, волі,

Хай свет ізноў кульнецца дагары,

Не гавары нікому і ніколі.

І перш за ўсё – сабе не гавары.

 

***

Калі гавораць з вечнасцю

На роўных,

Калі гартаюць кнігу

Небыцця —

Ад побытавых казак

Да чароўных

Не крок адзін,
А ўвесь абсяг жыцця.

 

Калі гавораць з вернасцю

На роўных,

Калі штурхаюць човен

Забыцця —

Сякуць сякеры повязь

Продкаў кроўных

З нашчадкамі

На ўсіх вятрах жыцця.

 

Калі гавораць з вераю

На роўных,

Калі нясуць высока

Крыж быцця —

Вядзе святло малітваў

Нешматслоўных

Вятрамі і абсягамі

Жыцця.

 

Магдэбургскае права тваёй душы

 

Ты не лічышся нават са мной.

Ты смяешся і робіш, як хочаш.

Я забыла пра сон і пакой,

Бо штурмую цябе дні і ночы.

 

Ты расствіў па вежах сталдат,

А твой мост пад’язны, як прыбіты.

Не зраблю я і кроку назад.

Не чакай. Мы з табою спавіты.

 

Не жадаеш і слухаць мяне?

Мой адчай. Мой кароль ашалелы.

Не кахаеш? То гэта міне.

І ляцяць легкакрылыя стрэлы.

 

Апушчу, як у сне, арбалет.

Мн нашто заваёўніцы слава?

За цябе я аддам цэлы свет.

Клята будзь, магдэбургскае права!