75-я вясна Аляксея Скакуна


У гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна ў Брэсце адзначылі 75-годдзе Аляксея Скакуна

12.03.2021                                                          Новости


У гарадской бібліятэцы імя А.С. Пушкіна ў Брэсце 2 сакавіка было святочна. Тут сабраліся пісьменнікі Берасцейшчыны з вельмі прыемнай і важнай мэтай – віншаваць Аляксея Скакуна, калегу па пяры, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, доктара эканамічных навук, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Акадэміі аграрных навук, вучонага ў галіне аграрнай тэхнікі, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, з юбілеем.

Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі выставу, прысвечаную юбіляру і яго творчасці, а старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч уручыла імянінніку грамату ад СПБ за значны творчы ўклад у беларускую літаратуру, актыўны ўдзел у грамадска-культурным жыцці краіны і ў сувязі з 75-годдзем.

Таццяна Дземідовіч падкрэсліла вялікую працу Аляксея Сцяпанавіча, накіраваную на выхаванне моладзі, у прыватнасці – яго сустрэчы з вайскоўцамі, студэнтамі і школьнікамі, а таксама літаратурна-краязнаўчыя экспедыцыі па Брэстчыне, арганізаваныя ім. Акрамя таго Аляксей Скакун – выдатны фатограф (дзякуючы яго здымкам створаны фоталетапіс жыцця аддзялення).

Аляксей Сцяпанавіч, у сваю чаргу, паднёс СПБ і бібліятэцы маляўнічы каляндар "75-я вясна Аляксея Скакуна" са сваімі дзівоснымі фотаздымкамі. Працягваючы тэму, дырэктар бібліятэкі Святлана Гарадзецкая расказала пра тое, якой вялікай папулярнасцю карысталася фотавыстава юбіляра, арганізаваная мінулым летам.

Наступным слова трымаў паэт, заслужаны журналіст Георгій Тамашэвіч, які прачытаў арыгінальны паэтычны экспромт у гонар юбіляра. А Аляксандр Валковіч, галоўны рэдактар краязнаўчага альманаха "Астрамечаўскі рукапіс", расказаў пра тое, як у свой час Аляксей Скакун падтрымліваў мясцовую культуру, пра яго беражлівыя адносіны да зямлі. Дарэчы, неацэнную дапамогу аказаў юбіляр і ў нараджэнні альманаха…

– Як атрымалася даказаць усім, што «Полацкі сшытак» зусім не Полацкі, а астрамечэўскі? Раскажу, – паабяцаў Аляксандр Міхайлавіч. – На вокладцы ўніяцкага Трэбніка выразна было напісана "Астрамечава". Не знайшоўшы ніякіх звестак пра Астрамечава на Полаччыне, Ежы Голас прыйшоў да высновы, што гэты рукапіс мог з’явіцца на беларуска-польскім памежжы. Прааналізаваўшы вадзяныя знакі на паперы рукапіса, ён заключыў, што Трэбнік пабачыў свет у перыяд паміж 1633 і 1650 гадамі, а сам рукапіс быў пераплецены не пазней 1680 года. Потым я знайшоў звесткі, што ў Астрамечаве ў XVII стагоддзі была свая царква. А праз некаторы час да мяне звярнуўся Аляксей Сцяпанавіч Скакун, які і дапамог адваяваць гістарычную справядлівасць. Сёння я магу са стопрацэнтнай упэўненасцю сказаць, што знойдзены ў Кракаве рукапіс мае астрамечаўскае паходжанне. Гэта таксама пацверджана акадэміяй навук Беларусі.

Значнае і цікавае адкрыццё, ці не так?

Працягам юбілейнай сустрэчы сталі званок паэткі Надзеі Парчук з цёплымі пажаданнямі, шчырыя словы павагі і ўдзячнасці ад паэткі Любові Красеўскай, а таксама выступленне журналіста і пісьменніка Мікалая Панасюка, які расказаў пра даўняе сяброўства з Аляксеем Скакуном і пазнаёміў з выданнямі, прысвечанымі яму.

На завяршэнне Аляксей Скакун падзякаваў усім за віншаванні, павіншаваў жанчын з надыходзячым Восьмым сакавіка і прама з бібліятэкі патэлефанаваў свайму сябру, касманаўту Пятру Клімуку, які далучыўся да светлых пажаданняў.

Сустрэча скончылася фотасесіяй. І калектыўнае фота, выкананае Аляксеем Скакуном, таксама стане часткай гісторыі, папоўніўшы фотаальбом Брэсцкага аддзялення...

Настасся НАРЭЙКА


Пасланне Аляксею Скакуну да яго 75-годдзя

Гады ў далоні не збярэш

І ў сейфе не схаваеш,

І чалавек далей жыве

У родным любым краі.

 

Вы наш аграрый – ЧАЛАВЕК

З усіх вялікіх літар,

Зямлі адданыя навек,

Як той святар і мытар.

 

Здабыткаў Вашых не злічыць –

Не хопіць нашых пальцаў.

Вас мусім дружна мы цаніць

І за руку вітацца.

 

Дай Бог Вам доўга-доўга жыць

Пад мірным чыстым небам,

Жыццём пражытым даражыць,

Нібы сабраным хлебам…

 

Здароўя, радасці для Вас

І шчасцейка зямнога,

На кожны дзень і ўсякі час –

Заступніцтва ад Бога! 

Надзея ПАРЧУК

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси