17.11.2020 Слово писателю
Шаноўныя калегі!
Прыміце самыя сардэчныя віншаванні з 15-годдзем дзейнасці ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, які з’яўляецца пераемнікам творчай арганізацыі літаратараў, створанай у 1934 годзе пры ўдзеле класікаў беларускай літаратуры Я. Купалы, Я. Коласа.
У склад нашай арганізацыі ўваходзяць людзі розных прафесій, узростаў: майстры, умудроныя жыццёвым вопытам, і таленавітыя пачаткоўцы. Усіх нас яднае вялікая любоў да слова, жаданне несці яго святло да глыбіні чалавечай душы, кранаць яе да суперажывання, абуджаць у ёй найлепшыя пачуцці.
За 15 гадоў сумеснай працы да 700 сяброў пашырылася кола нашага Саюза. Слова пісьменніка гучыць у розных кутках Беларусі. Дзякуй за руплівае старанне нашым абласным аддзяленням, якія магутнымі ручаінамі ўліваюцца ў плынь агульнага творчага працэсу. Сучасныя літаратурныя густы фарміруюць і 300 пісьменнікаў сталічнага аддзялення. Амаль 40 аўтараў з іншых краін дапамагаюць росту аўтарытэта беларускай літаратуры ў краінах блізкага і далёкага замежжа.
За гэты параўнальна невялікі, але такі насычаны на шматлікія падзеі час значна папоўнілася скарбонка культурнай спадчыны беларусаў. Кнігі нашых літаратараў атрымалі перамогі ў многіх прэстыжных міжнародных конкурсах. Сярод тых, кім ганарымся, творцы, адзначаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі, уладальнікі Нацыянальнай літаратурнай прэміі, лаўрэаты Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”.
Але для кожнага пісьменніка найлепшае прызнанне яго заслуг – гэта любоў чытача. Мудрыя, добрыя, пазнавальныя кнігі, выданні для дзяцей і дарослых – знанае спалучэнне інтэлекту і творчага натхнення ўсіх вас, паважаныя калегі, адораныя мастацкім талентам людзі. Кожны з вас карысны на сваім месцы. Сведчанне запатрабаванасці грамадствам творчага патэнцыялу нашага Саюза – правядзенне штогод з удзелам сяброў нашага аб’яднання амаль 20 тысяч святаў, сустрэч, імпрэз.
Няхай і надалей мацуецца наша агульная воля быць разам, памнажаецца жаданне супольна ствараць культ кнігі ў грамадстве, заахвочваць да чытання пакаленні беларусаў. Няхай асветніцкая місія пісьменніка найлепшым чынам служыць умацаванню духоўнасці нашай краіны, стварэнню яе надзейнай будучыні! Жадаем вам моцнага здароўя, бадзёрага настрою і ўсялякіх даброт!
Прэзідыум Саюза пісьменнікаў Беларусі



