Ключавое слова – любоў


Ключавое слова – любоў

Убачыла свет новая кніга нашай калегі па СПБ, краязнаўцы Святланы КОШУР. Выданне атрымала назву “Край запаветных мрояў” (“ЮрСаПрынт”, Гродна, 2020). Выхад кнiгi можна лiчыць каштоўным падарункам да 76-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласцi. 

Кнiга прыадкрывае таямнiцы гicторыi наднёманскага краю, расказвае пра лёс таленавiтых людзей, якiя ўвабралi сваёй душой непаўторнае хараство роднай зямлi, i яна дала натхненне i штуршок для мастацкiх i творчых адкрыццяў. Аўтар перагортвае старонкi гiсторыi цiкавых мясцiн Гродзеншчыны, раскрывае таямнiцы старых фотаальбомаў, расказвае пра мясцiны свайго дзяцiнства. Кнiга прызначана школьнiкам, настаўнiкам i ўсiм, хто цiкавiцца гiсторыяй Бацькаўшчыны.

Анатацыя  

КРАЙ  ЗАПАВЕТНЫХ  МРОЯЎ 

Год малой радзімы, аб’яўлены ў Беларусі, доўжыцца ўжо даволі працяглы час, але для мяне асабіста гэта назва гучыць неяк дзіўна, можа таму, што ўжо на працягу трох дзесяцігоддзяў я займаюся рэалізацыяй аднаго вялікага праекта, прысвечанага маёй зямлі, маёй радзіме. Можна сказаць, што для мяне гэта праект даўжынёю ў цэлае жыццё, і наколькі мне хопіць здароўя і сіл, я буду імкнуцца яго рэалізоўваць.

Некалькі дзесяцігоддзяў, працуючы навуковым супрацоўнікам Карэліцкага раённага краязнаўчага музея, я займалася даследаваннем гісторыі роднага краю, прыкладала шмат намаганняў для адкрыцця новых старонак гэтага рэгіёна, вяртання забытых  імёнаў у кантэкст яго гісторыі і культуры. 8 краязнаўчых кніг прысвяціла  гісторыі роднай зямлі. Працягваю займацца гэтым і цяпер. На пошук мяне  натхняла і натхняе адметнасць мясцін свіцязянскага і наднямонскага краю з цудоўнымі помнікамі прыроды і архітэктуры. Перліны Навагрудчыны вабілі і вабяць да сябе гісторыкаў, мастакоў і паэтаў. І лунаюць над імі незабыўныя словы  шляхетнай Марылі Верашчакі: “Вось дзе паэзія, Адам, напішы пра гэта”. І ўслед за геніяльным Адамам Міцкевічам апяваюць легендарныя мясціны іншыя паэты і мастакі. Кожны раз, разглядаючы пранізлівыя і рамантычныя палотны сваіх землякоў- мастакоў, я ўспамінаю заклік шляхетнай паненкі, захопленай непаўторным хараством навагрудскай зямлі: “Вось дзе паэзія!..” І радуючыся прыгажосці гэтых твораў, я адчуваю агульнае з аўтарамі пачуццё гонару за свой край, тое пачуццё, якое здольна ўзвысіць душу чалавека і прыўнесці ў свет больш дабра, разумення і спагады.

Свіцязянская зямля, апетая ў творах Адама Міцкевіча і Яна Булгака, мае багатую гісторыю. Яна ўзгадавала і акрыліла многіх таленавітых людзей, пра якіх я расказала ў сваіх папярэдніх кнігах – “Залатая падкова Свіцязі” , “Зямля Карэліцкая і яе славутыя людзі”, дзе правяла чытачоў па памятных мясцінах свіцязянскага краю, прыадкрыла таямніцы гісторыі населеных пунктаў у наваколлі чароўнага возера Свіцязь. Мая новая кніга, прысвечана славутым людзям самай прыгожай на свеце зямлі, талент якіх ускалыхаў на сваіх хвалях магутны Нёман з яго жывапіснымі рачулкамі-прытокамі, рознакаляровымі лугамі, цяністымі лясамі. Тут нарадзіліся выдатныя артысты, вучоныя, мастакі, пісьменнікі. Кожны з іх увабраў сваёй душой непаўторнае хараство гэтай зямлі, і яна дала натхненне і штуршок для мастацкіх і творчых адкрыццяў. Шмат талентаў нарадзіла наднёманская зямля, і я расказваю пра гэта ў сваёй новай кнізе.

Ключавое слова ва ўсёй маёй краязнаўчай дзейнасці – гэта слова ЛЮБОЎ. Я расказваю пра людзей, якія далі радзіме сваю любоў, якія нясуць свету прыгажосць, дабро і святло сваёй душы. Я люблю сваіх герояў і свой край, і гэта пачуццё дае мне сілы на далейшы творчы пошук. Для большасці з нас, як і для  герояў маёй кнігі, зямля, дзе мы нарадзіліся, гэта месца сілы, край запаветных мрояў, які нават далёка ад дома  немагчыма забыць. 

Святлана КОШУР, краязнаўца, СПБ