Ганна Скаржынская-Савiцкая: «Прыемна, што ў Беларусі дзяржава клапоціцца, каб выдаваліся кнігі, якія распавядаюць пра нашу краіну»


Ганна Скаржынская-Савiцкая: «Прыемна, што ў Беларусі дзяржава клапоціцца, каб выдаваліся кнігі, якія распавядаюць пра нашу краіну»

20.07.2020                                            Слово писателю


Ганна Скаржынская-Савіцкая, член СПБ, гродзенская дзіцячая пісьменніца, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, лаўрэат Прэміі імя А.I.Дубко, пераможца III Абласнога конкурсу рукапiсаў iмя Цёткi:

– Ва ўсе часы да пісьменнікаў, майстроў слова было асаблівае стаўленне як да людзей, якія ўносяць асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай культуры, дасканала валодаюць мастацкім словам. З яго дапамогай ствараюць вобразы, якія прывіваюць любоў да Радзімы, выхоўваюць маладое пакаленне, дапамагаюць убачыць сітуацыі іншымі вачыма, зразумець галоўныя каштоўнасці жыцця, знайсці прызванне, нават паўплываць на лёс. 

Нам, творцам, вельмі важна, каб нашы кнігі друкаваліся і траплялі да чытачоў. Бо інакш і пісаць не варта. Таму асабліва радасна, прыемна і ганарова, калі тваю творчасць ацэньваюць і кнігі выходзяць у дзяржаўных выдавецтвах за бюджэтныя сродкі. Вядома, канкурэнцыя вельмі высокая. Выдавецтвы адшукваюць навінкі, штосьці арыгінальнае, тое, што адпавядае сучаснаму патрабаванню, што зацікавіць, здзівіць чытача, будзе мець попыт. 

Прыемна, што ў Беларусі дзяржава шмат клапоціцца пра тое, каб выдаваліся кнігі, якія распавядаюць пра нашу краіну, яе мінулае і сучаснасць, прысвечаныя яе традыцыям, багатай спадчыне… Гэта ў тым ліку і мастацкія творы – раманы, дэтэктывы, паэзія. Яны напісаны нашымі аўтарамі, як кажуць, на мясцовым матэрыяле. Такія кнігі, мне падаецца, маюць асаблівую каштоўнасць: яны аб’ядноўваюць нас як нацыю на аснове нашай агульнай спадчыны, мудрасці. 

Мне гэта асабліва блізка. Пішу, у асноўным, па-беларуску, бо вельмі люблю сваю мову. У выдавецтвах краіны за кошт дзяржаўных сродкаў у мяне выйшла 6 кніг. А ўвогуле ў маёй творчай скарбонцы 14 кніг. Многія з іх прысвечаны малой радзіме, яе знакавым мясцінам, у даступнай і цікавай для дзяцей форме распавядаюць пра нашу гісторыю і выбітных ураджэнцаў краіны. Увогуле лічу, што гэта вельмі важна – і гэта абавязкова трэба падкрэсліць – што кіраўніцтва вобласці аднавіла творчыя конкурсы, у тым ліку імя Цёткі, і знаходзіць на яго сродкі. Бо галоўная ўзнагарода пераможцам у сваіх намінацыях – магчымасць выдаць кнігу. І гэта важна не толькі для пісьменнікаў, але і ў глабальным сэнсе – для культуры краіны. 

Разам з тым у Беларусі існуюць рэспубліканскія літаратурныя прэміі, якія стымулююць, даюць штуршок пісьменнікам для творчага натхнення, удасканалення. Адна з іх – Нацыянальная літаратурная прэмія, лаўрэатам якой пашчасціла таксама стаць. 

Мая творчасць – гэта мой унёсак у выхаванне падрастаючага пакалення, якое любіць родны край, клапоціцца пра яго. Радуюся, што далучаю маленькіх чытачоў да роднай мовы. Калі бачу на сустрэчах іх цікаўныя, светлыя, неабыякавыя вочкі, разумею, што мая місія ў дзіцячай літаратуры не пустая, не дарэмная. Не перабольшваю – кнігі на беларускай мове ў школах, а цяпер і ў дзіцячых садках, куды мяне таксама запрашаюць, набываюць з задавальненнем. А галоўнае, дзеці іх чытаюць, вучаць на памяць вершы. 

Як аўтар, які жыве і працуе не ў сталіцы, разам з калегамі нашага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі адчуваю падтрымку абласнога выканаўчага камітэта. Да прыкладу, нядаўна дзякуючы фінансавай падтрымцы ветэранская абласная арганізацыя выдала зборнік вершаў гродзенскіх паэтаў “Память огненных лет” да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Ад імя ўсіх пісьменнікаў хачу сказаць: мы вельмі спадзяёмся, што будзе працягвацца традыцыя выпуску альманаха “На Нёманскай хвалі”. А таксама пабачыць свет кніга-дапаможнік для вучняў пачатковых класаў “Гарадзенскіх слоў вяночак”, куды ўвайшлі пазнавальныя, павучальныя, карысныя для развіцця і выхавання падрастаючага пакалення творы нашых аўтараў на беларускай мове. 

Наша пісьменніцкая арганізацыя прыкладае шмат намаганняў, каб далучыць да роднай мовы школьнікаў, студэнтаў, дарослых чытачоў. Прывіваем любоў да Беларусі, каб людзі ўсведамлялі, што яны – на роднай зямлі, і ганарыліся ёю. 

Нават страшна ўявіць, што можа здарыцца, калі нешта зменіцца і ў краіне не будуць выходзіць кнігі. Ёсць розная літаратура, у тым ліку выключна камерцыйная: захапляльны сюжэт, вялікія тыражы, добрыя даходы ад продажу. А ці ёсць там літаратурная каштоўнасць, выхаваўчы момант? Такія кнігі таксама маюць права быць, але як бізнес. І вельмі важна, што дзяржава падтрымлівае выданне літаратуры іншага кшталту. Той, якая кансалідуе нацыю, перадае мудрасць, веды, захоўвае нашы беларускія літаратурныя традыцыі, што ўзбагачаюцца цягам стагоддзяў: ад Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Адама Міцкевіча, Максіма Багдановіча і да нашых класікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, сучасных аўтараў. Вельмі важна захаваць гэтую пераемнасць, без яе мы не будзем беларусамі. Сёння гэта найвялікшая каштоўнасть падтрымліваецца. Такое стаўленне да нашай літаратурнай спадчыны з боку кіраўніцтва дзяржавы вядома імпануе. Выбiтнасць мастацкай працы будуецца на падмурках мінулага, таму так важна захаваць i зберагчы тое, чаго мы разам здолелi дасягнуць. 

Крынiца