Разам за нашу Беларусь!


Разам за нашу Беларусь!

29.06.2020                                            Слово писателю


Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі падтрымлівае ініцыятыву і заклік кіраўніцтва СПБ галасаваць за суверэнную, справядлівую, бяспечную Беларусь.

За апошнія дзесяцігоддзі наша краіна дасягнула высокіх поспехаў у многіх галінах. Мы бачым, як змяніўся да свайго 1000-годдзя і наш слаўны горад Брэст, якім ён стаў прыгожым, камфортным, дагледжаным. Выраслі новыя мікрараёны, пабудаваны важныя сацыяльныя, транспартныя аб'екты, разбітыя выдатныя скверы, зоны адпачынку. Сёння Беларусь – краіна з выдатнымі магчымасцямі для жыцця і працы, адкрытая і прыязная для гасцей з усяго свету.

Пісьменнікі ідуць па шляху служэння Айчыне, а творчасць неадрыўная ад падзей, якія становяцца часткай нашай гісторыі. Абвостранае пачуццё праўды, стварэнне спрадвечных маральных вобразаў у літаратуры, шчырасць пачуццяў і жаданне бачыць нашу Радзіму мірнай, квітнеючай, свабоднай дазваляюць пісьменнікам данесці да чытача, слухача сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці, дапамагаюць ім зрабіць правільны выбар у цяжкі час.

У народзе кажуць «ламаць не будаваць, душа не баліць». Стваральная праца няпростая і доўгая, і варта памятаць, што любы няправільны, непрадуманы крок можа знішчыць карпатлівую працу мільёнаў людзей, адкінуць нашу краіну на дзесяцігоддзі назад. Асабліва важна не страціць сувязь з маладым пакаленнем. У нашых дзяцей – шчаслівае дзяцінства, добрыя сэрцы, яны таленавітыя і амбіцыйныя ў дасягненні сваіх мэтаў. А калі душа наросхрыст, калі жыццё – чысты ліст, а інфармацыйны паток вялікі, вельмі лёгка паддацца спакусе, паверыць ілжывым абяцанням. У такія складаныя моманты пісьменнікі становяцца духоўнымі настаўнікамі, дапамагаюць выйсці на правільную дарогу, разабрацца, дзе чорнае, а дзе белае…

Мы заклікаем да ўзважаных рашэнняў, да разумнага і сур'ёзнага падыходу ў сваім выбары, мы заклікаем не паддавацца ілжы і фэйкам, інфармацыйным укідам і голасным абяцанням тэатральных агітатараў. І няхай меркай усіх нашых дзей і думак будзе справядлівасць і праўда!

Пісьменнікі Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ