Масты памяці


Масты памяці

У серыі “Дзеці вайны” выдавецтва Четыре четверти” пабачыла свет кніга Расціслава Бензерука Сустрэча ў зялёным жыце”.

Дзеці вайны… Яны памятаюць пах выпаленай зямлі, ведаюць каштоўнасць свежага хлеба, сталелі пад кананаду, спасцігалі ўрокі жыцця ў цяжкай працы, у невыносным чаканні зводак з франтоў. Гэта яны тонкімі, бледнымі парасткамі прабіваліся праз страты і нягоды, насуперак смерці, дзеля нашага жыцця і памяці пра загінулых.

Расціслаў Бензярук – адзін з тых, чые гады сталення прыйшліся на ваеннае ліхалецце.

У прадстаўленай кнізе тры тэматычныя раздзелы: маленькая аповесць “Адмеціны вайны”, “Эсэ і нарысы”, “Апавяданні і навэла”.

Героі маленькай аповесці “Адмеціны вайны” – любімыя і блізкія людзі Расціслава Бензерука. Праз прызму сваіх шчырых пачуццяў аўтар паказвае маму, бабулю, дзядулю... Родныя людзі дапамаглі па крупінках збіраць цёплыя і пяшчотныя ўспаміны пра загінулага бацьку і ў цяжкі ваенны час ахіналі любоўю. Спасціжэнне глыбокай бацькоўскай любові, трагізм ваенных дзён і неверагоднае жаданне дзяцей вайны жыць, вучыцца дзеля шчасця сваёй сінявокай краіны адлюстраваны ў вершах Расціслава Бензерука, якія суправаджаюць празаічны аповяд:

Мы родам з той далёкае вайны,

Як хлебароб улетку стаў салдатам,

Калі асірацелі нашы хаты,

Бацькоў не дачакаліся сыны.

Паўвека ўжо. З табой мы не адны:

Услед ідзе малодшых пакаленне…

Дык будзем жыць па праўдзе і сумленні:

Мы ж родам, брат, з далёкае вайны!

У другім раздзеле Расціслаў Бензярук дзеліцца ўспамінамі і аповедамі пра калег па пяры, знакамітых творцаў, якія ўзбагацілі Брэстчыну сваімі талентамі. Іх басаногае дзяцінтва і юнацтва таксама прыпалі на гады Вялікай Айчыннай вайны, пасляваенны час. Расціслаў Бензярук узгадвае паэта-земляка Івана Арабейку, таленавітага майстра слова, гумарыста Івана Жытко, літаратуразнаўцу Уладзіміра Содаля, паэта Рамана Левіна, акцёра Брэсцкага тэатра лялек Івана Герасевіча, які адказна і сумленна служыць самым маленькім гледачам… Героямі нарысаў сталі жыхары вёсцы Стрыганец, якія з’язднана змагаліся з фашызмам, слынныя паэты – з многімі Расціслаў Бензярук сустракаўся, плённа супрацоўнічаў.

Туга па прыгажосці мірнага жыцця, смутак і боль адлюстраваны ў апавяданнях Расціслава Бензерука, што леглі ў аснову трэцяга раздзела “Апавяданні і навэла”. На фоне эпахальных падзей раскрываюцца лёсы і характары простых працаўнікоў вёскі, юных змагароў... Яны першымі падняліся на абарону Радзімы, горда і смела глядзелі бядзе ў вочы... і перамаглі.

Замыкаючы круг памяці, аўтар кнігі зноў вяртаецца да трагічнай гісторыі свайго бацькі, які з’яўляецца прататыпам героя навэлы “Сустрэчы ў зялёным жыце”. Малады хлебароб сустрэўся тварам да твару з вайной на родным полі. Нямецкі танкіст спакойна і без ваганняў стрэліў у сейбіта, пад цяжасцю гусеніц загінулі і саспелыя каласы... Шмат выпрабаванняў выпала на долю сям’і Васіля, ды і сам ён, цудам ацалеўшы тады, на родных прасторах, у 1944-м загінуў на чужбіне... Праз шмат гадоў сын Васіля ў польскім горадзе знойдзе магілу свайго бацькі і запаліць свечку... Як сімвал працягу жыцця, нястрачанай веры і непазбыўнай тугі па бацьку.

Кніга “Сустрэчы у зялёным жыце” – споведзь душы і наказ для моладзі памятаць сваю гісторыю, ганарыцца мужнасцю землякоў, якія  прайшлі праз жорны вайны і зрабілі ўсё, каб іх дзеці дачакаліся новых усходаў пад чыстым небам.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны, малой радзімы сёння выклікае шырокую цікавасць у чытачоў. Наш час выбірае новых герояў, але бясстрашнасць, сіла духу старэйшага пакалення – самы каштоўны ўрок для тых, хто стаіць у пачатку свайго жыццёвага шляху.

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ