18.11.2016 Публицистика Аўтар: Ларыса Цімошык
Напрыканцы лістапада Саюз пісьменнікаў Беларусі збірае з’езд. Ёсць пытанні, што ідуць ад жыцця ўсёй краіны, ёсць выключна прафесійныя і нават чалавечыя. Напярэдадні з’езда мы паспрабуем зразумець настрой, з якім яго чакае арганізацыя, якая была ўтворана на пачатку ХХІ стагоддзя, але свае карані вядзе з ХХ. З таго часу, калі ў грамадстве была традыцыя чытаць і шанавалі тых, хто піша, — асоб. Чым цікавы наш час, якія задачы ставіць перад творцамі, разважае старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец:
Пра супольнасць
— Спаконвеку павялося, што людзі шукалі аднадумцаў, блізкіх па духу, імкнуліся быць пачутымі. Нездарма ж ствараліся спартыўныя таварыствы ці тэатральныя. Што тычыцца пісьменнікаў, то гэта частка інтэлігенцыі, якая заўсёды імкнулася да аб’яднальных працэсаў. У нас Саюз пісьменнікаў быў заснаваны ў 32-м годзе, арганізацыя, куды ўваходзілі Янка Купала і Якуб Колас, іншыя вядомыя літаратары. Але пасля таго, як Савецкі Саюз распаўся на суверэнныя дзяржавы, узнікла пытанне: што далей будзе з Саюзам пісьменнікаў у Беларусі? Я член таго Саюза з 1974 года. Для мяне было важна, каб пісьменнікі не сыходзілі ў палітычныя гульні, а працягвалі ствараць новыя кнігі на карысць краіне. Таму група пісьменнікаў, якія мыслілі ў дзяржаўным ключы, нагадалі сваім калегам: давайце гаварыць пра літаратуру. Мы стварылі Саюз пісьменнікаў Беларусі (атрымалі гэтую назву, звярнуўшся ў адпаведныя органы). Фактычна аднавілі назву, якая была дадзена пры заснаванні Саюза. Таму мы можам сябе лічыць яго творчымі пераемнікамі: гэта супольнасць, якая паставіла перад сабой мэту не разбураць — ні літатаруру, ні дзяржаўнасць, а ўмацоўваць іх, ствараючы новыя творы.
Дзяржава нас у гэтым падтрымлівае: мы па-ранейшаму знаходзімся ў Доме літаратара, і наш Саюз прыцягвае да сябе ўвагу іншых творцаў, папаўняецца новымі сябрамі, хоць у пэўны перыяд не пазбеглі памылак, паспешліва прымаючы людзей, якія не апраўдалі сябе як паэты, як пісьменнікі. Мы прыпынілі гэтую практыку, адмовілі за апошнія гады больш за 700 прэтэндэнтам на членства ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Лічу нашым дасягненнем, што ўдалося арганізаваць працу абласных аддзяленняў.
Пра кнігі
— Добра наладжаная праца дазваляе нам развіваць літаратуру: штогод дзякуючы членам Саюза пісьменнікаў Беларусі выходзіць больш за 300 кніг як у дзяржаўных, так і ў недзяржаўных выдавецтвах. Прэзідэнт нас падтрымаў, калі сказаў: «Я баюся згубіць кнігу». Пакінуць без кнігі краіну нельга. Для гэтага самы лепшы шлях — умацоўваць пісьменніцкую брацію, патрабаваць ад яе таленавітых твораў. Прэзідэнт гэта і меў на ўвазе, калі сказаў, што нам патрэбныя «Узнятая цаліна» ці «Вайна і мір». Падчас апошняй сустрэчы я адказаў, што ў нас ужо фактычна напісаная «Вайна і мір» — словамі Быкава, Шамякіна, Макаёнка, Танка і іншых выдатных творцаў, што сталі нашымі класікамі. Але нам трэба думаць пра тое, каб літаратура больш актыўна адгукалася на сучасныя тэмы. Пісьменнікі нібыта сцішыліся на некаторы час. А калі ўважліва прыглядзецца да твораў, то прыйдзе разуменне: беларуская літаратура працягваецца. Можа быць, нам, акрамя заснаваных серый і выдадзеных кніг, не хапае яшчэ клопату пра імідж пісьменніка — каб чытачу не засцілаў вочы экран камп’ютара. Але мы імкнёмся прыходзіць да чытача і праз інтэрнэт-прастору, абнаўляем сайт, каб рабіць аўтараў больш пазнавальнымі. Нядаўна, напрыклад, у інтэрнэце знаходжу, што амерыканскае агенцтва прадае мае кнігі (яны перакладзеныя на 16 ці 17 моў свету). Паспрабаваў разабрацца, на якой падставе яны гэта робяць. Яны патлумачылі: праводзілі маніторынг, спадар Чаргінец уваходзіць у 180 найбольш вядомых у свеце пісьменнікаў, таму вырашылі знаёміць з яго творамі… У нас ёсць магчымасць праз тое ж сеціва знаходзіць кантакты з прадстаўнікамі іншых культур і сваіх чытачоў заваёўваць.
Не спісваў бы пакуль друкаваную кнігу: жыццё паказвае, што яе запатрабаванасць даволі высокая, давер да яе зусім іншай вартасці. Мы зыходзім з таго, што любая кніжка знаходзіць свайго чытача.
Пра чытанне
— Самае страшнае, што быў час, калі ў нас знізіўся аўтарытэт кнігі. Зараз сітуацыя выпраўляецца. Але мы хацелі б яе вывучыць глыбока праз апытанне: падрыхтуем спіс пісьменнікаў, якія часцей за ўсё выдаюцца, і прапануем чытачам выказаць сваё меркаванне па кожным. Падобны маніторынг мы праводзілі па бібліятэках: выяўлялі, ці ёсць у іх кнігі пісьменніка, калі ёсць, то колькі і як часта чытачы звярталіся да іх. Гэта дазволіла выявіць бібліятэкі, дзе няма канкрэтных кніг, і звярнуць на гэта ўвагу мясцовых уладаў, ды і саміх пісьменнікаў: мы атрымалі карціну запатрабаванасці аўтараў. Таму што нельга, выдаўшы кнігу, лічыць, што ўвесь свет ля твоіх ног. Трэба, каб быў справядлівы суддзя — чытач.
Нас засмучае, што мала кніг выдаецца на беларускай мове, але мы і супраць таго, калі кажуць: хто піша па-руску, той не беларускі пісьменнік. Мы, напрыклад, уносілі прапановы па ўмацаванні пазіцый беларускай мовы. Згодна з нашай прапановай, было прынята рашэнне пісаць назвы вуліц па-беларуску, указальнікі на дарогах, назвы населеных пунктаў. Можна спакойна ўмацоўваць пазіцыі беларускай мовы, пакрокава. Мы вітаем утварэнне гурткоў ці аб’яднанняў па вывучэнні беларускай мовы.
Як рускамоўны пісьменнік я выступаю за тое, каб было больш кніг на беларускай мове — гэтым працую на беларускую культуру. Напрыклад, я цудоўна авалодаў беларускай мовай, пры тым, што вучыўся ў Мінску ў сярэдняй рускай школе. Потым была школа працоўнай моладзі: сям’я шматдзетная, жылі бедна. Скончыў школу трэнераў і БДУ, паступіў на журфак, потым перавёўся на юрфак — нідзе беларускай мовы не было. Але я паважаю беларускую мову. У нашых умовах, калі абедзве мовы дзяржаўныя, немагчыма патрабаваць ад пісьменнікаў, каб пісалі па-беларуску. Можна перакладаць кнігі на беларускую, мяне радуе, калі перакладаюць мае творы. Цяпер пераклалі «Аперацыя “Кроў”», карыстаецца ўвагай «Вам — заданне» ў часопісе «Полымя». Гэта сведчыць пра тое, што ў нас чытаюць пабеларуску, што павінна ўлічваць кнігавыдавецкая галіна.
Пра бібліятэкі і кнігарні
— Для нашых пісьменнікаў нечакана ўзнікла праблема, калі пачалася аптымізацыя бібліятэчнай сеткі. Адна з прычын, якая называлася, — скарачэнне колькасці насельніцтва ў рэгіёне, які бібліятэка абслугоўвае. Так, калі недзе скарачаецца колькасць насельніцтва, то я згодны, што трэба пераглядзець расстаноўку бібліятэк, можа быць, нейкія з іх узбуйніць. Але пад маркай скарачэння некаторыя чыноўнікі абласнога і раённага маштабу закрывалі бібліятэкі, якія былі запатрабаваныя. Напрыклад, у вёсцы Прылепы Смалявіцкага раёна была вялікая бібліятэка, якая абслугоўвала двароў 300. Бібліятэка налічвала дзясяткі тысяч тамоў кніг, абслугоўвала яшчэ 10 прылеглых вёсак… Мы паставілі пытанне перад органамі дзяржаўнай улады, у тым ліку Міністэрствам культуры, каб без згоды Саюза пісьменнікаў Беларусі бібліятэкі не закрывалі.
Яшчэ адна праблема: меней за адзін працэнт беларускай літаратуры прадаецца ў нашай гандлёвай сетцы. Пераважае, на жаль, імпартнае, прыгожа аформленае, але часта гэта твор, які спрашчае светаўспрыманне чытача. А ў Магілёўскай вобласці, напрыклад, няма ніводнай кнігарні. Там кнігагандлем займаецца «Белсаюздрук», і ў прыярэтыце — замежная прадукцыя, а не кнігі беларускіх пісьменнікаў.
Мы вывучылі практыку па падтрымцы нацыянальнай культуры ў іншых краінах. На якіх умовах, напрыклад, у Францыі дэманструецца замежны фільм? З яго выдаткоўваецца частка грошай на ўмацаванне французскага кіно. Нам трэба так паставіць справу, каб з кнігі, што выдадзена за мяжой, вылічваць працэнт на ўмацаванне беларускай літаратуры. Тады зможам і добрую кнігу выдаць, і сацыяльную падтрымку пісьменнікам аказаць.
Пра статус пісьменніка
— Хацелася б звярнуць увагу на тое, што ў нас фактычна знікае паняцце «прафесійны пісьменнік». Калі мы абмяркоўвалі магчымасць атрымліваць для пісьменнікаў арэнднае жыллё, чыноўніцы з гарвыканкама і ЖКГ заявілі: «Пісьменнік — гэта не прафесія. Чаму пісьменніка мы павінны разглядаць хутчэй, чым токара ці дворніка?» Такое мысленне, быццам і не вучыліся на кнігах пісьменнікаў… Але ў нас ёсць выпадкі, калі нашы пісьменнікі працуюць і дворнікамі, і вартаўнікамі, і прыбіральшчыкамі. Пісьменнікі вымушаны ісці на гэта, каб забяспечыць сабе мінімальны пенсійны стаж. Справа ў тым, што ў мінулыя гады пісьменніцкі стаж лічыўся як працоўны. Людзі прысвячалі жыццё літаратуры, дзяржава іх падтрымлівала (у такім ці іншым варыянце гэта ёсць у іншых краінах). Але мы сутыкнуліся з небяспекай, што пісьменнікі пры выхадзе на пенсію не атрымаюць грашовага забеспячэння, як прадстаўнікі іншых прафесій. Таму што яны не могуць уносіць грошы ў пенсійны фонд штомесяц. Раней стаж вызначаўся з моманту першай публікацыі. Я лічу, што мы маглі б вылічваць стаж пісьменнікаў з моманту выдання мастацкага твора, а не проста публікацыі ў газеце. Таму што матацкі твор — гэта ўжо істотны ўнёсак у культуру.
Ганарары, якія мы атрымліваем раз у 4-5 гадоў, таксама не дазваляюць папаўняць пенсійны фонд. Трэба вырашаць гэтае пытанне з тым, каб адносіны да пісьменнікаў былі іншыя, каб пры выхадзе на пенсію яны не апынуліся ў галечы. Саюз мог бы знайсці варыянты, як падтрымаць сваіх пенсіянераў, інвалідаў, сем’і, якія страцілі блізкіх, напрыклад, за кошт прыцягнення спонсараў, але і ў гэтым мы, на жаль, абмежаваныя, тут патрэбна разуменне дзяржавы. Наогул, важнае пытанне па стварэнні псіхалагічнага клімату для творчых людзей, не толькі пісьменнікаў. Больш павінна цаніцца ў грамадстве культура ў цэлым. Пра яе высокі ўзровень сведчыць у тым ліку і наданне званняў «народны», пра што мы ўнеслі прапановы.
Літаратура патрабуе справядлівасці. Трэба, каб імёны тых пісьменнікаў, што зрабілі важкі ўнёсак у развіццё літаратуры, засталіся ў памяці народа і дзяржавы. Праз назвы вуліц, усталяванне помнікаў, перавыданні нават пасля смерці. Ёсць ідэя, каб у нас з’явілася вуліца Пісьменнікаў (ёсць жа ў Брэсце вуліца Савецкіх Памежнікаў). Ёсць аўтары, якія належаць усяму народу, як Васіль Быкаў, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, БССР. Тэму ён узняў такую, што беларуская літаратура праз яе ўзбагаціла сусветную. Быкаў друкаваў па некалькіх маіх кнігах водгукі, прынамсі, у вялікай «Літаратурцы», і я быў шчаслівы атрымаць ад яго высокую адзнаку і з асаблівай увагай ставіўся да яго заўваг і парад…
Пра крытыку
— У маіх твораў быў шэраг знакамітых чытачоў, дзякуючы якім мне ўдалося пабудаваць сваю пісьменніцкую дзейнасць так, каб яна была цікавая людзям. Але ніводзін з іх не апусціўся да таго, каб мяне зневажаць як чалавека і як пісьменніка. Выказвалі сваё меркаванне: як гэта магло б быць, што варта ўзмацніць. Заўсёды дапамагалі мне заўвагі быць больш патрабавальным — у першую чаргу да сябе. Не пагаджуся са сваімі калегамі, якія лічаць сябе па-за крытыкай, крыўдлівыя на кожным слове. Трэба ўмець успрымаць крытыку нармальна: яна, па вялікім рахунку, дбае пра якасць літаратуры.
Таму надзённая задача для нас — стварэнне інстытута крытыкі. У нас слаба развіта нармальная крытыка, якая б не выклікала ў чалавека жадання застрэліцца, а, наадварот, каб у яго з’явілася надзея і ўпэўненасць у сабе, як зрабіць кнігу лепшай. Каб ён разумеў, што яму даюць добрую параду. Можна і пакрытыкаваць — паказаць слабыя месцы, але адзначыць і моцныя, патлумачыць пісьменніку, на што варта звярнуць увагу. Каб чалавек быў нацэлены на працу. Як выхоўваць такіх крытыкаў, дзе іх шукаць? Крытыка ў нас нібыта ёсць: у газетах і часопісах, дзе працуюць прафесіяналы. Ёсць пісьменнікі, якія прайшлі літаратурную школу. Але трэба, каб інстытут крытыкі быў пастаянны і незалежны, дапамагаў бы развівацца літаратуры.
Запісала Ларыса ЦІМОШЫК