
09.11.2016 Новости
Гродзенскія выкладчыкі-літаратуразнаўцы, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Руцкая і Святлана Тарасава ўваходзілі ў склад журы абласнога конкурса навуковых работ школьнікаў у межах навукова-практычнай канферэнцыі «Хрустальная Альфа-2016». А навучэнцы прадэманстравалі рознабаковую зацікаўленасць творчасцю беларускіх аўтараў, як класікаў, так і сучасных.
У чарговы раз падчас школьных асенніх канікул у Гімназіі № 4 г. Гродна адбылася навукова-практычная канферэнцыя «Хрустальная Альфа – 2016», у якой прынялі ўдзел вучні розных устаноў адукацыі Гродзенскай вобласці. У склад журы былі ўключаны выкладчыкі філалагічнага факультэта, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. У секцыі «Беларуская літаратура» працавалі Алена Вітальеўна Руцкая і Святлана Мікалаеўна Тарасава, выкладчыкі кафедры беларускай літаратуры. Па сведчаннях членаў журы, праца ў секцыі была ажыўленай, выступленні школьнікаў змястоўныя і інфарматыўныя. Школьнікі прадэманстравалі рознабаковую зацікаўленасць творчасцю беларускіх пісьменнікаў, як агульнавядомых, прызнаных класікаў, так і сучасных аўтараў. Прыемна, што ў класічных, хрэстаматыйных творах, што вывучаюцца па школьнай праграме, вучні змаглі вылучыць новыя аспекты, змаглі надаць новае гучанне знаёмым вобразам і тэмам.
Выключна ўразілі тыя выступленні, дзе ярка дэманстраваўся самастойны пошук, уласная творчасць. У такіх работах адчувалася шчырая зацікаўленасць матэрыялам даследавання, жаданне данесці сваю думку да слухачоў. У ходзе працы журы былі вызначаны пераможцы, якія будуць адстойваць гонар Гродзенскай вобласці на рэспубліканскім конкурсе навуковых работ школьнікаў.
Удзельнікам, чые работы былі рэкамендаваны на конкурс навуковых прац, было рэкамендавана прапаноўваць свае крытычныя матэрыялы ў перыядычныя выданні («Бярозка», «Маладосць» і інш.) і для размяшчэння на сайце Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Святлана ТАРАСАВА
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси