«Кніга з жыццём пераклікаецца». Літаратурная сустрэча на Віцебшчыне


«Кніга з жыццём пераклікаецца». Літаратурная сустрэча на Віцебшчыне

01.11.2017                             Новости 


Сёлета з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Велеўшчынскай сельскай бібліятэцы-клубе Лепельскага раёна праводзіліся розныя культурныя мерапрыемствы - адбывалася грунтоўнае знаёмства чытачоў са спадчынай знакамітага айчыннага асветніка Францыска Скарыны, плённай творчасцю беларускіх паэтаў і празаікаў.

Адна з такіх цікавых сустрэч з вяскоўцамі пад назвай “Кніга з жыццём пераклікаецца” прайшла ў кастрычніку і была прысвечана абмеркаванню кніг, якія былі напісаны ў апошні час землякамі-ураджэнцамі Лепельшчыны аб прыродных асаблівасцях, выбітных мясцовых жыхарах, народных традыцыях і культуры, гісторыі роднага краю.

На займальную, крэатыўную імпрэзу сабраліся дзясяткі аматараў друкаванага слова, якія запоўнілі глядзельную залу ўстановы культуры. Разгарнуўся няспешны, зацікаўлены дыялог аўтараў з чытачамі. Гледзячы прама ў вочы адзін другому творцы і найбольш актыўныя вяскоўцы абменьваліся меркаваннямі, атрымоўвалі шчырыя адказы на любыя пытанні, паколькі на сустрэчу сабраліся свае, тутэйшыя людзі.  
Творы Святланы Якубоўскай друкаваліся ў рэспубліканскай і мясцовай перыёдыцы, увайшлі ў яе аўтарскую кнігу паэзіі “Вясёлкавыя сны” і зборнік гумарыстычных апавяданняў і вершаў “Палітра лёсу”. У 2012 годзе Святлана Віктараўна ў абласным аглядзе-конкурсе сярод удзельнікаў літаратурных клубаў і гасцёўняў стала пераможцай у намінацыі “Лепшы паэтычны твор”, а летась была ўзнагароджана Дыпломам лаўрэата першай ступені абласнога творчага конкурсу за лепшы аўтарскі верш пра Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. 
Святлана Якубоўская прачытала свае вершы “Успаміны дзяцінства”, “Вочы маці”, “Родны кут”, “Зыходзіць музыка натхнення…”, “Дарыце людзям дабрыню…” і іншыя. Яна таксама распавяла, што вершы і празаічныя апавяданні піша на падставе ўласнага досведу, прыкладаў з асабістага жыцця, творча іх перапрацоўваючы. Вяскоўцы адзначылі, што з задавальненнем пазнаёміліся з кнігамі Святланы Якубоўскай. Адна з мясцовых жыхарак нават выказала ўдзячнасць пісьменніцы за праўдзівае адлюстраванне падзей яе асабістага лёсу, паколькі яна пазнала сябе ў адным з твораў.

Выклікаў цікавасць у вяскоўцаў і аповед аб трох кнігах прозы мясцовага журналіста Мікалая Гарбачова “Таямніцы мінулага”, “Ліхалецце і стварэнне” і “Чалавек з ціхім голасам”, якія былі выдадзены ў Мінску ў 2013-2016 гадах. Чытачы падзякавалі аўтару за своеасаблівае, займальнае адлюстраванне падзей мінулага і сённяшняга дня, змястоўныя замалёўкі аб прыродных адметнасцях і лепшых людзях роднага краю, якія пакінулі прыкметны след на зямлі і прадвызначылі цяперашняе стваральнае жыццё, заклалі падмурак для светлай будучыні Лепельшчыны.
На працягу ўсёй сустрэчы прыемныя невялікія паўзы для яе ўдзельнікаў стваралі бадзёрыя, аптымістычныя песні фальклорнага гурту “Аношкі”, выкананне жыццярадасных мелодый на старадаўнім музычным інструменце -- дудзе - мясцовым самадзейным музыкантам Васілём Шкіндзерам. Таму не выпадкова кожнае выступленне суправаджалася шчырымі, ухвальнымі апладысментамі.
 
Тамара К
РАСНОВА-ГУСАЧЭНКА,

старшыня Віцебскага абласнога аддзялення  ГА СПБ.  

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси