10.11.2026 Новости
Гарадскі дом культуры горада Пінска гасцінна сустракаў гасцей і жыхароў палескай сталіцы падчас юбілейнага канцэрта Віктара Сямёнавіча Мяцельскага, вядомага кампазітара і спевака, які адзначыў сваё 70-годдзе.

Віктар Сямёнавіч Мяцельскі ‒ бард, кампазітар, член Беларускага саюза музычных дзеячаў, удастоены медаля сталічнага аддзяленя Саюза пісьменнікаў Беларусі "Максім Багдановіч" за шматгадовае супрацоўніцтва і стварэнне шматлікіх песень на вершы сучасных паэтаў Беларусі.
Творца нарадзіўся ў Сібіры, якая стала калыскай яго дзяцінства сярод суровага і адначасова неверагодна прыгожага паўночнага краю. Ён паходзіць з роду сібірскіх казакаў, якія былі ўсе музыкальныя, гралі на баянах, скрыпках, гармоніках, любілі спяваць. Ужо з трох гадоў малалетні Віктар чуў гукі музыкі. Таму, як мяркуе творца, Гасподзь і падараваў яму такія гены, што хочацца ствараць музыку і спяваць.
Пэўны час сям’я Мяцельскіх жыла на Байкале, пазней пераехала ў Беларусь, у Пінск на радзіму бацькі. Тут Віктар вучыўся ў СШ № 13, цяпер гімназія № 3 імя Васіля Каржа. Паўнапраўна Віктар Мяцельскі сцвярджае, што ў яго некалькі малых радзім. Хлапец самастойна навучыўся іграць на гітары і пачаў пісаць свае песні з 13 гадоў. Актыўна і з ахвотай прымаў удзел у мастацкай самадзейнасці.
Неўзабаве Віктар паступае ў Іркуцкі політэхнічны інстытут, але пасля 2-га курса яго прызываюць у войска. Падчас службы юнак граў у ансамблі, заўзята падбіраў акорды да знакамітых і папулярных “Песняроў”. У інстытут Віктар так больш і не вярнуўся. Вырашыў прадоўжыць навучанне па спецыяльнасці “Скульптура, разьба па камяні” ў Бабруйскім мастацкім вучылішчы №15. Таму Віктар Сямёнавіч вядомы і як скульптар, яго ваянні аздабляюць і ўпрыгожваюць будынкі роднага Пінска.

Зараз Віктар Сямёнавіч рэгулярна выступае на творчых вечарах у школах, бібліятэках і каледжах. Актыўна ўдзельнічае ў гарадскіх фестывалях Пінска: у фестывалі вулічнай народнай творчасці "Скрыжаванне", у праекце "Пінская пешаходка". Яго песні таксама трансліруюцца на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.
Асноўнымі тэмамі сучаснай творчасці Мяцельскага з’яўляюцца любоў да Радзімы, прыроды, акаляючага асяроддзя, людзей наогул, і, вядома, каханне. Віктар Сямёнавіч мае тонкую натуру, якая ўсімі фібрамі душы адчувае ўсё, што адбываецца навокал, пачынючы ад дапытлівага верабейкі і палёту сняжынак да філасофскіх назіранняў і разважанняў.
Кампазітар і спявак мае добрыя творчыя стасункі з Мінскім гарадскім тэатрам паэзіі пад кіраўніцтвам Міхася Пазнякова пры Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы, клубам творчых жанчын “Спадарыня” пры бібліятэцы №5, літаратурнай гасцёўняй “Шчырасць” пры бібліятэцы №22, дзе збіраюцца амататары, захопленыя літаратурай, музыкай і мастацтвам.
У наступным годзе спаўняецца дзесяць гадоў, як Віктар Сямёнавіч Мяцельскі пачаў цесна і плённа супрацоўнічаць з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Дзякуючы паэтычным творам Міхася Пазнякова, Анатолія Аўруціна, Навума Гальпяровіча, Фёдара Баравога, Валянціны Паліканінай, Лізаветы Палеес, Аліны Легастаевай, Валянціны Драбышэўскай, Тамары Залескай, Вольгі Шпакевіч, Жаны Мілановіч, Міколы Шабовіча і іншых паэтаў адкрыліся новыя грані творчасці пінскага кампазітара.
Юбілейны канцэрт кампазітар адкрыў песняй уласнага сачынення і выканання “Славный город Пинск”, якая так пранікнёна прагучала са сцэны. Затым у зале ліліся “Палессе”, “Я все время спешу”, “Мы ласточки осенние», «У краі велічным маім» і іншыя.
Сэрцы і душы слухачоў напаўняліся незвычайным святлом, паўнатой быцця ад пачутых твораў на музыку палескага кампазітара. Публіка адчувала сябе так лагодна, што хацелася бясконца слухаць песні на чароўныя мелодыі маэстра, пачынаючы ад лірычна-рамантычных да грамадска-патрыятычных. Варта адзначыць, што на сённяшні дзень Віктар Сямёнавіч Мяцельскі стварыў амаль двесце музычных твораў. У юбілейным канцэрце прынялі ўдзел выканаўцы ад самага юнага да сталага ўзросту, якія пранікнёна выконвалі песні на музыку кампазітара. Сярод іх Ларыса Гарбунова, Андрэй Дзмітрычэнка, Ганна Вярэніч, Лілія Якубчык, Данііл Біліба, Ганна Паўлюкавец, Маргарыта Дзмітрычэнка, Аляўціна Чарнуха, Андрэй Прахадзянчук, Ганна Савіч, Ірына Шабуніна.

Шмат цёплых слоў удзячнасці і святочных пажаданняў гучалі ў адрас творцы. Віктара Сямёнавіча прыйшлі павіншаваць з аддзела культуры Пінскага гарвыканкама, мясцовага ГА “Беларускі саюз жанчын”, супрацоўнікі гарадскога дома культуры і бібліятэкары, прадстаўнікі клуба літаратараў Піншчыны “Пінчукі”, а таксама шмат яго паклоннікаў.
Са сталіцы на юбілейны канцэрт кампазітара прыехала дэлегацыя начале з вядомым пісьменнікам і паэтам, старшынёй Мінскага гарадскога адзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаным дзеячам культуры РБ Міхасём Пазняковым. Разам з ім і член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Расіі Фёдар Баравой, а таксама суворавец МСВВ Нестар Каламійцаў. У падарунак з вуснаў ганаровых гасцей прагучалі жыццесцвярджальныя паэтычныя радкі, прысвечаныя юбіляру, а таксама песня. Міхась Пазнякоў уручыў Віктару Сямёнавічу ганаровую грамату, нагадаўшы, што, маэстра, як і рускі па паходжанні Уладзімір Мулявін, глыбока пранікся непаўторнай беларускай песняй.
Узвышана і пранікнёна гучала патрыятычная песня “Прысяга” ў выкананні Нестара Каламійцава, сувораўца 3 роты 4 узвода, спевака вакальнай групы “Суворавец” пад кіраўніцтвам А.А. Багуслаўскай Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, радкі якой сталі для падлетка дэвізам:
Пусть в ученьи тягостно порою,
Силе духа ты не прекословь.
Юноша становится героем,
Если в сердце вера и любовь.
Так, музыка створая адным пакаленнем знаходзіць водгук у другога, адзначылі пінскія журналісты. Песня “Прысяга” ў выкананні сувораўца ўжо прагучала са сцэны альма матар на ўрачыстым канцэрце, прысвечаным 73-гадавіне са дня заснавання МСВВ.
Ганаровым з’яўляецца тое, што кампазітар стаў лаўрэатам II ступені прэміі міністра абароны РБ у галіне літаратуры і мастацтва, дзякуючы творчаму альянсу з Міхаілам Пазняковым, на чые вершы і была створана песня «Прысяга».

Ва ўрачыстай зале прысутнічала і Лідзія Пятроўна Мяцельская, якую можна назваць сапраўднай палескай Эўтэрпай – музай Віктара Сямёнавіча. Менавіта любімая жонка з’яўляецца для кампазітара невычарпальнай крыніцай натхнення і чысціні, прыгажосці і замілавання, пяшчоты і боскага кахання. Адначасова яго муза не толькі аматар творчасці мужа, але і дарадца. У знак удзячнасці Лідзіі Пятроўне прагучала песня “Лидия” на верш Міколы Шабовіча. Бурнымі апладысментамі сустрэлі слухачы песні “Снежинка» на словы Міхася Пазнякова і “Золотая рыбка” на словы Фёдара Баравога.
Менавіта музыка з’яўляецца адзінай сусветнай мовай, якую не патрэбна перакладаць, паколькі на ёй душа размаўляе з душою. Кожны ў гэты вечар праз прызму ўласнага светаўспрымання па-свойму судакрануўся з творчасцю кампазітара Віктара Сямёнавіча Мяцельскага. Але ўсіх прысутных аб’ядноўнала атмасфера сяброўства і любові, цеплыні і міралюбнасці, прыгажосці і велічы, высокай духоўнасці.
Вераніка Каламійцава
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


