10.11.2026 Новости
У рамках творчай сустрэчы з журналістам, пісьменніцай, краязнаўцам Святланай Дзядзінкінай у Віцебску прайшла прэзентацыя кнігі “Гімн беларускай жанчыне”.

Сустрэча сабрала прыхільнікаў прыгожага пісьменства і краязнаўчай тэматыкі ў абласной бібліятэцы імя Ул. Леніна.
Святлана Дзядзінкіна пачала размову з верша, напісанага спецыяльна напярэдадні імпрэзы і прысвечага малой радзіме. А нарадзілася піьменніца ў Баранавічах. Прыехала на Віцебшчыну па размеркаванню пасля заканчэння факультэта журналістыкі БДУ. І прыкіпела да Прыдзвінскага краю сэрцам і душой. Паўночны рэгіён Беларусі натхняе творчых асоб на стварэнне новых рукапісаў і праектаў. Яна – аўтар шэрагу краязнаўчых кніг, артыкулаў, даследаванняў.

– Калі я атрымала запрашэнне на гэтую сустрэчу, якую наш аўтар мудра назвала “Час збіраць словы”, падумала, як сёння важна прыслухацца да таго, што гаворыць пісьменнік, краязнаўца такога кшталту, як Святлана Уладзіміраўна, – прызналася начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Марына Навіцкая. – Сёння, калі пануюць інтэрнэт і хуткасная інфармацыя, знайсці правільныя словы і накіраваць іх у патрэбнае рэчышча – няпростая задача для пісьменніка і журналіста.

У журналістыцы Святлана Дзядзінкіна вядомая як аўтар многіх артыкулаў па экалагічнай праблематыцы, якой захапляецца з першых крокаў у прафесіі. Як гэты досвед паспрыяў з’яўленню кніг пра ўнікальныя прыродныя тэрыторыі, аўтар расказала на сустрэчы са сваімі чытачамі.
Вельмі атмасферна ішла гаворка і пра кніжныя навінкі беларускай літаратуры. Два месяцы таму выйшаў зборнік, прысвечаны Году беларускай жанчыны “Гімн беларускай жанчыне”, аўтар ідэі і складальнік – старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхась Пазнякоў. У кнігу трапілі і два творы віцебскай пісьменніцы – апавяданне “Галінка”, прысвечанае маці, і нарыс пра вядомую краязнаўцу Людмілу Нікіціну.

Прэзентацыя кнігі “Гімн беларускай жанчыне” асаблівую цікавасць выклікала ў наведвальнікаў Заронаўскай сельскай бібліятэкі Віцебскага раёна. Узрушана і пранікнёна простыя вясковыя жыхары аграгарадка Заронава дэкламавалі вершы, якія ўвайшлі ў зборнік, дзяліліся сваімі ўласнымі гісторыямі з жыцця.
Цікава, што на сустрэчу з пісьменніцай прышлі людзі самага рознага ўзросту – і школьнікі, і нават іх бабулі і дзядулі. Але гаворка пра вечныя каштоўнасці была зразумела кожнаму і пакінула самыя цёплыя ўражанні.

Як адзначыла Святлана Дзядзінкіна, мастацкае слова для чалавека – найлепшы антыдэпрэсант, а паветра васільковага краю мацуе духоўныя сілы і спрыяе нараджэнню новых ідэй.
Любоў ЦУКАНАВА.
Фота Дзяніса ВАСІЛЬЦА, Станіслава НІКІЦІНА.
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


