Паэзія, што кранае сэрца: сустрэча з паэткай з Касцюковічаў прайшла ў Магілёве.


Паэзія, што кранае сэрца: сустрэча з паэткай з Касцюковічаў прайшла ў Магілёве.

28.10.2026 Новости


На базе Духоўна-асветніцкага цэнтра імя свяціцеля Георгія Каніскага Магілёўскай епархіі адбылася творчая сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталляй Азаранка «У храме двух маіх сусветаў».Праект абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна і Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі «Маці Зямная па імені Жанчына», прысвечаны Году беларускай жанчыны, сабраў пісьменнікаў Магілёўшчыны, навучэнцаў бібліятэказнаўчага аддзялення Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, членаў грамадскай арганізацыі «Беларускае таварыства інвалідаў», прыхільнікаў творчасці Наталлі Азаранкі.

 

 

Адкрыла мерапрыемства песня «За Беларусь» у выкананні легендарнага беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры». Гэтая  кампазіцыя даўно стала візітнай карткай Наталлі Азаранка.

Наталля Пятроўна — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтка, празаік, перакладчык, паэт-песеннік, лаўрэат спецыяльнай прэміі імя Івана Чыгрынава за духоўнае адраджэнне беларускай мовы і літаратуры. Пераможца ў розных конкурсах і фестывалях. Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі.

Нарадзілася яна 22 жніўня 1973 года ў в. Баронькі Касцюковіцкага раёна. У 1990 годзе скончыла сярэднюю школу, а затым — Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С. Пушкіна.

 

 

Вершы піша са школьных гадоў. Першы яе твор «Вёска Баронькі» быў апублікаваны ў раённай газеце «Голас Касцюкоўшчыны», калі юнаму аўтару споўнілася 15 гадоў.

Шмат гадоў Наталля Азаранка з’яўляецца членам народнага аматарскага аб’яднання «Літаратурная гасцёўня «Крынічка» пры раённай цэнтральнай бібліятэцы імя Івана Чыгрынава. Друкавалася ў газетах «Голас Касцюкоўшчыны», «Знамя юности»,  «Літаратура і мастацтва», у часопісах «Нёман», «Алеся», у літаратурна-мастацкім альманаху «Гоман».

Сярод пісьменнікаў Магілёўшчыны яна вядомая як творчая, рамантычная і філасофская натура. Яе лёгкія і светлыя творы раскрываюць яе як чалавека тонкага і захопленага, але шчыра адданага вечным і нязменным каштоўнасцям.

 

 

Яе верш «У храме двух маіх сусветаў», які даў назву гэтаму мерапрыемству, першым прагучаў у выкананні Карыны Мігдасёвай.Падчас сустрэчы гучала шмат добрых слоў у адрас паэтэсы, а навучэнцы пранікнёна чыталі творы аўтара.

Пісьменнікі Мікалай Леўчанка і Віктар Кунцэвіч адзначылі шчырасць і глыбіню паэзіі Наталлі Азаранка, яе ўменне знаходзіць светлыя і кранальныя словы для самых важных тэм. Гучалі словы ўдзячнасці за вернасць традыцыям беларускай літаратуры, за паэтычны талент і духоўную шчодрасць.Дар’я Эверс

Фотаздымкі Рамана Руцкага.

https://mogilevnews.by/news/27-10-2026-14-02/paeziya-shto-kranae-sertsa-sustrecha-z-paetkaj-z-kastsyukovichaў-prajshla-ў-magilyove-fota/

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси