29.09.2026 Новости
У Доме дружбы ў Мінску адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў IΧ Міжнароднага фестывалю “Славянскае слова” і ўручэнне ўзнагарод і памятных падарункаў лаўрэатам творчага конкурсу, што прайшоў у межах фестывалю. Правялі мерапрыемства старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ, старшыня таварыства дружбы “Беларусь ‒ Расія”, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхась Пазнякоў і член Саюза пісьменнікаў Расіі, заслужаны дзеяч культуры Расійскай Федэрацыі Алена Асатурава. Лаўрэатамі творчага конкурсу ў розных намінацыях сталі 18 пісьменнікаў Беларусі і Расіі. Сярод беларускіх творцаў дыпломы атрымалі Ірына Карнаухава, Тамара Кавальчук, Галіна Богдан, Алена Котава, Таццяна Яцук, Клаўдзія Петрушэнка і іншыя. Спецыяльныя дыпломы, граматы і прызы былі таксама ўручаны і ад МГА СПБ. Узнагароджванне і выступленні лаўрэатаў перамяжоўваліся выступленнямі спевакоў і артыстаў. Прысутныя горача апладзіравалі мастацкаму кіраўніку Тэатра паэзіі, члену СПБ Вользе Багушыньскай, спеваку Аляксандру Валодчанку, барду і пісьменніку Анатолю Длускаму, паэтэсе і спявачцы Вользе Заўялавай з Архангельска.



Падчас мерапрыемства Міхасю Пазнякову быў уручаны ордэн “Голуб міру” за вялікі ўклад у развіццё міжнародных творчых сувязяў з пісьменнікамі розных краін. Узнагарода заснавана Арганізацыяй аб’яднаных нацый. Наступны фестываль “Славянскае слова” запланавана правесці ў Маскоўскай вобласці.



Павел Кузьміч
Фота аўтара
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


