Вітала дарагая Шклоўшчына


Вітала дарагая Шклоўшчына

17.09.2026                                                          Новости


Па запрашэнні Цэнтральнай бібліятэкі горада Шклова гэты цудоўны гарадок нашай любай Беларусі наведаў вядомы пісьменнік, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі і шматлікіх іншых рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных прэмій, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў. Знакамітага госця гаспадары сустрэлі ў Магілёве і суправаджалі да Шклова. Спачатку Міхась Паўлавіч правёў творчую сустрэчу з вучнямі 6 — 7 -х класаў. Ён расказаў юным слухачам пра свае школьныя гады, першыя літаратурныя крокі, пазнаёміў са сваімі новымі кнігамі, правёў займальную віктарыну на вымаўленне ўласных скорагаворак і  разгадванне загадак, якіх пісьменнік стварыў больш за тысячу. Самыя здольныя і кемлівыя атрымалі ад слыннага творцы сувеніры з сімволікай горада Мінска. Юныя чытачы, знаёмыя з творамі госця па сваіх школьных падручніках, чытанках і хрэстаматыях, з асаблівай увагай лавілі літаральна яго кожнае слова. Пісьменнік адказаў на многія пытанні. Кожны жадаючы атрымаў аўтограф і сфатаграфаваўся з пісьменнікам.

 

 

 

 

Бібліятэка наладзіла вялікую выстаўку кніг Міхася Пазнякова, якая ўражвала і колькасцю, і шматжанравасцю, і чытацкай запатрабаванасцю.

Праз невялікі перапынак пісьменніка горача віталі работнікі раённых і гарадскіх шклоўскіх  бібліятэк. Гэтай аўдыторыі шматгранная творчасць Міхася Пазнякова асабліва знаёмая, бо пісьменнік плённа працуе ў літаратуры больш за паўстагоддзя і мае на сваім рахунку больш за 120 кніг. Таму творчая сустрэча прайшла ў давяральнай, шчырай, цёплай атмасферы. Прысутныя паглядзелі дакументальны фільм кінастудыі  “Беларусфільм” “Міхась Пазнякоў. Слова паэта”. Шаноўны госць паведаў нямала адметнага пра дзейнасць Саюза пісьменнікаў Беларусі, яго сталічнага аддзялення. Расказаў нямала цікавых гісторый з асабістага і творчага жыцця. Прачытаў ранейшыя і новыя вершы пра Радзіму, Александрыю, Дзень народнага адзінства, матулю... Падзяліўся творчымі планамі, адказаў на пытанні. Усе жадаючыя набылі кнігі пісьменніка,  атрымалі аўтографы, сфатаграфаваліся з ім.

 

 

 
А заключным добрым акордам стала невялічкае падарожжа па знакамітых мясцінах Шклоўшчыны, якая звязана з жыццём і дзейнасцю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі. Дарэчы, з якім Міхась Паўлавіч меў некалькі незабыўных сустрэч і нават размоў. Праводзілі госця работнікі бібліятэкі са Шклова ў Магілёў, адкуль ён вярнуўся ў сталіцу.

 

Павел Кузьміч.
Фота аўтара.

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси