14.09.2026 Новости
Дванаццатая сустрэча ўдзельнікаў кніжнага клуба «На Чытаючым бульвары» адбылася ў Арт-прасторы бібліятэцы пры ўдзеле членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі — Ірыны Фаміной і Аксаны Валуй.

Роўна год збіраюцца чытачы бібліятэкі, каб пагаварыць аб прачытаных творах. Вядучая кніжнага клуба Лілія Лаўрэнчук падрыхтавала пісьмовую падзяку кожнаму ўдзельніку сустрэчы.

Тэма сустрэчы – аповесць Івана Шамякіна «Гандлярка і паэт». Твор, напісаны класікам беларускай літаратуры ў 70-я гады мінулага стагоддзя, не губляе сваю актуальнасць і зараз. Гэта адзін з самых наватарскіх і дыскусійных твораў у беларускай ваеннай прозе. Аўтару ўдалося стварыць унікальны жаночы вобраз, супярэчлівы, жывы і адначасова гераічны.

Аповесць не пакінула абыякавым ні аднаго ўдзельніка сустрэчы. Чытачы выказалі свае думкі пра вобраз кожнага лірычнага героя, абмеркавалі складанасць адносін між людзьмі, працытавалі ўрыўкі з твора, выказалі сваё захапленне мілагучнасцю мовы, параўналі тэкст арыгінала з перакладам на рускую.

Вядучая кніжнага клуба Лілія Лаўрэнчук па-майстэрску накіроўвала размову, задавала канкрэтныя пытанні, падкрэслівала, наколькі ўдала валодае літаратурным словам беларускі класік.
Наступная сустрэча ўдзельнікаў клуба адбудзецца 29 верасня. Яе тэмай стане апавяданне Мікалая Ляскова «Тупейны мастак».
Па інфармацыі Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.С. Пушкіна
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


