14.09.2026 Новости
Вельмі насычанай была праграма мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел члены Магілёўскага аддзялення.
У першы дзень свята на пляцоўцы Магілёўскай вобласці ганаровых гасцей сустракалі пісьменніцы Вольга Бялова і Жанна Міус, а дзеці – Уладзік і Ганна – прапанавалі паслухаць урыўкі з кніг “Савелій, Ліхтарык і Чароўная фарбачка” і “Где бродит бутербродик”, а пасля юныя чытачы падарылі гасцям гэтыя кнігі.

Цікавыя інтэракрывы “пісьменнік-блогер” з творчымі заданнямі і сюрпрызамі чакалі гасцей свята на пляцоўцы “Друкаванае слова і новыя медыя”, прадставіўшы праект “З табой маё слова, Радзіма”, які праводзіцца на працягу бягучага года інфармацыйным агенцтвам “Магілёўскія ведамасці” сумесна з Магілёўскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пісьменніца Алена Кісель выступала разам з блогерам Сяргеем Лосевым, Галіна Пярун – з Андрэем Сідарэнкам, Жанна Усцінава – з Таццянай Мядзведзевай, Вольга Бялова – з Вольгай Бухалоўцавай, а Алена Курэк – з усёй сваёй творчай сям’ёй і з блогерам Ганнай Мішкінай. Выступленні атрымаліся сапраўды незвычайнымі і яскравымі.

Творчая сустрэча з Вольгай Бяловай прайшла ў павільёне інфармацыйнага агенцтва “БелТА” для вучняў установы адукацыі “Касцюковіцкая раённая дзяржаўная гімназія”. Падчас сустрэчы Вольга Юр’еўна падзялілася сакрэтамі натхнення і жыццятворчасці, падарункам ад “БелТЫ” на Дзень беларускага пісьменства сталі кнігі “Модная пчолка” з аўтографам аўтара.

У межах літаратурнай імпрэзы “З табой маё слова, Радзіма”, якую ладзіла аддзяленне на пляцоўцы Магілёўскай вобласці, выступілі вядомыя пісьменнікі: Віктар Кунцэвіч, Валянціна Габрусева, Алена Курэк, Наталля Азаранка, Мікалай Леўчанка і інш. Паэты чыталі не толькі свае вершы, але і паэтычныя творы Алеся Казекі, у імя яго светлай памяці. Падчас імпрэзы прэзентавалі новы альманах “Прыдняпроўе: Магілёўшчына літаратурная”, які выйшаў якраз да Дня беларускага пісьменства.

Вельмі значна для нашага аддзялення, што сцэнарый урачыстай цырымоніі адкрыцця “Родная мова – мова шчаслівых людзей” і сцэнарый святочнага канцэрта з цырымоніяй перадачы эстафеты свята гораду-гаспадару Дня беларускага пісьменства 2027 года, напісала паэтка і сцэнарыст Алёна Беланожка, член Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Не меней насычаны быў і другі дзень свята. Распачаўся ён на асноўнай сцэнічнай пляцоўцы імпрэзай Саюза пісьменнікаў Беларусі “Імёны светлыя, дарагія…”. Вельмі шчымлівым адбылося ўшанаванне памяці Алеся Казекі. Прысутныя паглядзелі відэаролік, дзе Алесь Мікалаевіч пранікнённа чытае свой верш “Ёсць зямля, дзе анёлы з блакіту прадуць…”. Затым артыст Магілёўскай абласной філармоніі Павел Любчанка выканаў песні на словы Алеся Казекі “Посреди тишины” і “Беларусь мая родная”.

Прыемным момантам стала ўручэнне Жанне Усцінавай, вядомай пад псеўданімам Жанна Міус, нагруднага знака Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”.
Затым адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў літаратурных конкурсаў “З табой маё слова, Радзіма” і “І кружыцца планета Куляшова”. Дыпломы, граматы і каштоўныя падарункі пераможцам уручылі першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, старшыня праўлення Магілёўскага аддзялення Беларускага фонду міру Андрэй Нікіцін, члены журы Алена Кісель, Жанна Міус, Віктар Кунцэвіч .

Музычным падарункам для канкурсантаў сталі песні ў выкананні Эдуарда Ханка. Глядзельная зала спявала разам з ім.
Напрыканцы свята Магілёўская пісьменніцкая дэлегацыя разам з прадстаўнікамі райвыканкама прыняла ўдзел у адкрыцці мемарыяльнай дошкі народнаму пісьменніку Беларусі Івану Гаўрылавічу Чыгрынаву на будынку Касцюковіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі, якая ўжо 30 гадоў носіць яго імя.
Дзень беларускага пісьменства, як заўсёды, даў магчымасць літаратарам сустрэцца, абмяняцца вопытам і адчуць сябе адной творчай сям’ей.
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


