04.09.2026 Новости
25 жніўня 2026 споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння паэта, журналіста і перакладчыка, ураджэнца Шуміліншчыны Алега Салтука.
З гэтай нагоды 3 верасня ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І.Леніна прайшоў літаратурны вечар памяці «Як зацвітуць у лесе верасы».
Жыццё Алега Уладзіміравіча было цесна звязана з творчасцю і словам: ён працаваў адказным сакратаром раённай газеты «Патрыёт» ва Ўшачах, уласным карэспандэнтам абласной газеты «Віцебскі рабочы». У 1980–1999 гадах быў сакратаром Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, а ў 2005 – уступіў у адноўлены Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Тамара Іванаўна Краснова-Гусачэнка нагадала, што яго пяру належаць такія зборнікі паэзіі, як «Пачатак дня» (1974), «Працяг» (1977), «Святло зямлі» (1982), «На далонях жыцця» (1988), «Не разлюбі» (2003), «На вейцы веку» (2006) і інш. Дзейнасць нашага земляка высока адзначалася літаратурнымі прэміямі камсамола Віцебшчыны, «Залаты купідон», імя У.Караткевіча, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, часопіса «Маладосць» і іншымі.
На вечары таксама прысутнічалі пісьменнікі, супрацоўнікі бібліятэк, прыхільнікі творчасці. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Намеснікаў успомніў пра свае першыя крокі ў паэзіі і сустрэчы з ужо майстрам слова, на той момант – Алегам Салтуком, які, прачытаўшы вершы юнака, сказаў пажаданне, якое стала для Мікалая пуцёўкай у жыццё: «Хлопчча, табе трэба пісаць!». Загадчык аддзела краязнаўства Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна Ларыса Іванаўна Рагачова, з асаблівым цяплом і чуласцю, распавядала пра паэзію Алега Уладзіміравіча, напоўненую шчырасцю, любоўю да чалавека і роднага краю.
Гэты вечар нагадаў усім: паэты сыходзяць, але іх галасы застаюцца гучаць па-за часам.
Віцебскае абласное аддзяленне
ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі»
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


