Вечар памяці члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніны Кавалёвай прайшоў у Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі


Вечар памяці члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніны Кавалёвай прайшоў  у Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі

28.07.2026                                                          Новости


28 ліпеня споўнілася б 77 гадоў таленавітай горацкай паэтэсе, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі, «Чалавеку года Горацкага раёна-2018» у намінацыі «Грамадска-палітычная дзейнасць», пераможцу рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2019» у намінацыі «Духоўнасць і культура» Ніне Дзмітрыеўне Кавалёвай.

Успомніць аб гэтай сапраўднай беларускай жанчыне, аддаць даніну павагі яе жыццёваму подзвігу, творчай і грамадскай дзейнасці прыйшлі яе блізкія, сябры, калегі па пяры, супрацоўнікі ўстаноў культуры і адукацыі, землякі з Дрыбінскага раёна, прадстаўнікі духавенства.

Ніна Дзмітрыеўна нарадзілася ў 1949 годзе ў вёсцы Еськаўка Дрыбінскага раёна. Скончыла Еськаўскую васьмігодку, затым Дрыбінскую сярэднюю школу. Пасля заканчэння Аршанскага прафтэхвучылішча працавала ткачыхай на льнокамбінаце.

 

 

У 28 гадоў цяжкая хвароба прыкавала яе да ложка. Але, нягледзячы на фізічныя абмежаванні, яна актыўна ўдзельнічала ў літаратурным, грамадскім і духоўным жыцці нашага краю.

За 40 гадоў яе творчай дзейнасці выйшлі з друку 24 зборнікі вершаў для дарослых і дзяцей (25-ы – «На перекрёстке родины и жизни» – пасмяротна).

Ніна Дзмітрыеўна з’яўлялася актыўным членам народнага літаратурнага калектыву «Роднае слова» і клуба творчых сустрэч «Вянок Дрыбіншчыны», ваенна-гістарычнага клуба «Авиагруппа 122» (г. Масква), ганаровым членам Горацкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын».

У кожнага з прысутных і выступоўцаў свая гісторыя супрацоўніцтва, агульных спраў і сяброўства з Нінай Дзмітрыеўнай. Усіх яна аб’яднала ў свой час, а пасля адыходу ў вечнасць засталася пуцяводнай зоркай і мудрым дарадчыкам у добрых справах.

Дырэктар музея Святлана Макеева расказала аб першым знаёмстве з Нінай Дзмітрыеўнай і супрацоўніцтве паэтэсы з гэтай установай.

 

 

Настаяцель прыходу храма Святой Жываначальнай Троіцы аграгарадка Расна Дрыбінскага раёна іерэй Генадзь Мартынаў адзначыў чалавечнасць, жыццялюбства і кемлівасць Ніны Дзмітрыеўны. «Галоўнай адметнасцю сапраўднай веры з’яўляецца жаданне чалавека дарыць, ахвяраваць. На маю думку, Ніна Дзмітрыеўна ў поўнай меры валодала такімі якасцямі. Яе творы і ўсё яе жыццё – яскравае таму пацвярджэнне, а сціпласць і павага да кожнага чалавека – галоўныя рысы яе характару», – падкрэсліў святар.

Сапраўды, Ніна Дзмітрыеўна вельмі любіла наш горад, яго жыхароў, імкнулася ўпрыгожыць іх жыццё сваімі вершамі, песнямі, добрымі справамі. Дзякуючы ёй з’явілася засень над магілай протаіерэя Іаана Золатава. А апошняя добрая справа, якую яна паспела зрабіць пры жыцці, – гэта званы для храма Усіх Беларускіх Святых, набытыя за асабістыя сродкі.

Як пісаў горацкі паэт Сяргей Лоцманаў, «у яе душы, як у храме, знаходзілі прытулак усе, хто звяртаўся да яе за дапамогай і парадай».

Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Ніканчук, Алеся Цэван і Аляксандр Ведзянееў,  ветэраны працы Людміла Дзёменская, Пётр Дзетліковіч і Надзея Курбасава адзначылі прыгажосць душы і мужнасць паэтэсы, яе багаты літаратурны талент, імкненне служыць Богу і бліжнім. Аўтары прачыталі свае прысвячэнні Ніне Дзмітрыеўне.

Старшыня Горацкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Ала Малашэўская і выхавацель студэнцкага гарадка БДСГА Святлана Цімашэнка падзяліліся ўспамінамі аб сустрэчах з паэткай і яе супрацоўніцтве з акадэмічным клубам «Чулыя сэрцы». Кіраўнік народнага акадэмічнага хору «Спадчына» Ірына Шаўчук таксама адзначыла сумесную плённую працу іх калектыву з Нінай Дзмітрыеўнай.

Бібліятэкар Цемналескай бібліятэкі-філіяла Дрыбінскага раёна Алена Шэвардова расказала аб дзейнасці музейнага пакоя Ніны Кавалёвай «Паэтычная зорка маленькай радзімы», перадала горацкаму музею копіі краязнаўчых дакументаў і зачытала зварот ад імя Алены Шутавай, афіцэра запасу, ветэрана атрада спецыяльнага прызначэння «Русь», аб іх сумеснай з Нінай Дзмітрыеўнай пошукавай працы.

Больш за 40 вершаў Ніны Кавалёвай пакладзены на музыку прафесійнымі і самадзейнымі кампазітарамі; мелодыі да сваіх вершаў складала і сама Ніна Дзмітрыеўна. У душэўным выкананні горацкіх салістаў Надзеі Курбасавай, Наталлі Краснаслабодцавай і ўдзельнікаў народнага акадэмічнага хору «Спадчына» прагучалі песні на словы Ніны Кавалёвай: «Отдайте ближнему долги» (муз. Г. Калікінскай), «Матуля», «Диалоги о солдатах»,  «Город над Проней» і інш.

Супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі імя Максіма Гарэцкага падрыхтавалі літаратурную выставу «Белай Русі крывіначка», дзе былі прадстаўлены зборнікі Ніны Кавалёвай, матэрыялы аб яе жыцці і творчасці і калектыўныя выданні з вершамі паэтэсы.

Людміла Дзеружкова, кіраўнік народнага літаратурнага калектыву «Роднае слова»

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси