Свята ў Вязынцы


Свята ў Вязынцы

16.07.2026                                                          Новости


У Вязынцы, на малой радзіме народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, адбылося чарговае Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў  “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…” Да арганізатараў святочных мерапрыемстваў актыўна далучыўся Саюз пісьменнікаў Беларусі ‒ пастаянны партнёр Дзяржаўнага  літаратурнага музея Янкі Купалы.

 

 

Вялікая дэлегацыя літаратараў, супрацоўнікаў і сяброў музея песняра напачатку ўсклала кветкі  да помніка класіку беларускай літаратуры. Затым дырэктар музея і паэты разам прачыталі верш знакамітага нашага песняра “Свайму народу”. Потым наведалі мясцовы філіял музея Купалы. У мемарыяльным запаведніку былі шырока прадстаўлены вырабы народных майстроў, а таксама  кнігі  паэтаў, якія прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях.

 

 

Канцэрт уступным словам адкрыла дырэктар музея песняра Ганна Васільеўна Галінская. Затым слова меў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры  Міхась Пазнякоў. Ён прывітаў арганізатараў  і ўдзельнікаў свята палымянымі словамі аб значэнні творчасці песняра для сучаснікаў  і будучых пакаленняў беларусаў. А таксама прачытаў свае вершы, прысвечаныя Я. Купалу і Беларусі, яе сённяшняму стваральнаму  і міралюбнаму дню.

 

 

З вершамі выступілі яшчэ паэты, члены СПБ Іна Фралова, Вольга Норына, Алена Басікірская, Наталля Святлова, Святлана Ластачкіна, Рагнед Малахоўскі і іншыя.  Свае вершы таксама прачыталі ўдзельнікі форума маладых  латаратараў Беларусі Аляксандра Жалязнова і Наталля Голубева.

 

 

Адбыўся і канцэрт мастацкіх калектываў Маладзечанскага раёна. Фінальны акорд мерапрыемстваў, прысвечаных Купалу, атрымаўся яркім і запамінальным. Нават  дождж, які наведаўся  на свята, не пакінуў анікога абыякавым  да выступленняў паэтаў і артыстаў.

 

Павел Кузьміч

Фота Віктара Іванчыкава

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси