16.07.2026 Новости
Па запрашэнні Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы вядомы пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры Міхась Пазнякоў правёў тут творчую сустрэчу з юнымі чытачамі. А ўдзячнымі слухачамі былі вучні другіх ‒ пятых класаў школ і гімназій Савецкага раёна сталіцы. Не выпадкова яны пажадалі сустрэцца менавіта з гэтым папулярным пісьменнікам. Творы Міхася Пазнякова ‒ лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, а таксама шматлікіх іншых рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных прэмій, вучні чыталі ў сваіх падручніках і чытанках. Таму і сустрэча атрымалася вельмі цікавай, шчырай, змястоўнай і карыснай. Пісьменнік расказаў пра сваё дзяцінства, любімыя кнігі, вучобу, добрыя справы для людзей. Прачытаў вершы, пазнаёміў хлопчыкаў і дзяўчынак са сваімі новымі кнігамі. Правёў конкурс на лепшае прамаўленне скорагаворак і адгадванне загадак. Самыя паспяховыя і кемлівыя атрымалі ў падарунак ад пісьменніка сувеніры і кніжкі з аўтографам.


Бібліятэка падрыхтавала выдатную відэапрэзентацыю і вялікую выстаўку кніг шаноўнага госця.

А яшчэ Міхась Паўлавіч адказаў на шматлікія пытанні юных слухачоў і падзяліўся сакрэтамі, як стаць вядомым у сваёй справе чалавекам, спраўдзіць свае мары. Атрымалася вельмі змястоўнае і карыснае кніжчына свята, якое дапамагла правесці супрацоўнік бібліятэкі Таццяна Анатольеўна Маслюкова.

Павел Кузьміч
Фота аўтара.
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


