Прысвячэнне Віцебску.


Прысвячэнне Віцебску.

06.07.2026                                                          Новости


За ўсю гісторыю дзесяці з паловай стагоддзяў Віцебску не раз прысвячалі паэтычныя радкі: "…Родной город, я так давно тебя не видел…" (Марк Шагал), "… Как Волгою, хвастает Видьбой-рекою и машет по-детски прозрачной рукою…" (Роберт Раждзественскі), "…Беларуси святое крыло, древний город мой, слава и гордость моя…" (Тамара Краснова-Гусачэнка). Акрамя таго, з Віцебскам звязаны лёсы Аляксандра Пушкіна, Уладзіміра Маякоўскага, Івана Буніна, што пакінула след у літаратурным летапісе горада.

 

 

Традыцыя паэтычнага прысвячэння не адышла ў мінулае. З кожным годам у Дзень горада яна набывае новае дыханне: на папулярнай літаратурнай пляцоўцы каля помніка А.С.Пушкіну зноў і зноў праходзяць паэтычныя чытанні. Тут не толькі прыгадваюць радкі вялікіх класікаў, але і гучаць вершы тых, для каго гэты горад стаў не проста радзімай, а галоўнай музай.

 

 

У дзень святкавання нараджэння Віцебска да горада з самымі цёплымі і праніклівымі словамі звярнуліся: заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Тамара Краснова-Гусачэнка і выдатныя пісьменнікі Віцебшчыны - Таццяна Харытонава, Васіль Калтуноў, Алена Фядзяева, Аляксандр Раткевіч, Лідзія Піскун, Ірына Радзіхоўская, Мікалай Хахлоў, Вольга Маслюкова. Іх галасы - жывая нітка, якая злучае стагоддзі, і менавіта яны ператвараюць свята ў шчыры дыялог пакаленняў.

 

 

Таксама павіншавалі любімы горад шчырым і кранальным выкананнем вершаў і вальса "На далонях Віцебскіх вуліц" навучэнцы гімназіі № 3 г. Віцебска імя А.С.Пушкіна.

У дзень 1052-годдзя Віцебска паэзія стала своеасаблівым падарункам, у якім ажывае гісторыя і душа старажытнага горада. Ад шагалаўскай настальгіі да ўрачыстага гімна – кожны верш становіцца каштоўнай жамчужынай у вянку віцебскай паэзіі.

 

Віцебскае абласное аддзяленне

ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі"

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси