18.04.2026 Новости
Пад такой рамантычнай назвай прайшла 15 красавіка 2026 г. у Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы творчая сустрэча з Аленай Бельскай, вядомай паэтэсай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. На сустрэчу прыйшлі маладыя навучэнцы Маладзечанскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа імя Івана Залуцкага. Сцэнарый сустрэчы быў складзены адмыслова для іх.
Пра паэтэсу – ураджэнку г. Маладзечна, вядомую публіцы па публікацыях у сеціве і на старонках беларускай перыёдыкі, расказала ва ўступным слове супрацоўніца бібліятэкі і вядучая Ніна Варламава. Яна ж падрыхтавала змястоўную электронную прэзентацыю, якая дэманстравалася на вялікім экране: літаратурныя падарожжы, выступленні, урачысты прыём у Саюз пісьменнікаў Беларусі, фота з вядомымі беларускімі паэтамі, музыкантамі.

Трэба сказаць, што “ветразі паэзіі” Алены Бельскай заўсёды напоўнены нябачным ветрам музыкі. На вершы паэтэсы створана нямала песень, асобныя з іх прагучалі падчас гэтага “рамантычнага рэйда” па хвалях памяці сонечным красавіцкім днём. Для юнакоў і дзяўчат, якія прыйшлі ў бібліятэку, адбыліся чатыры прэм’еры новых песень: “Крылы мараў”, “Сонца – рыжы апельсін”, “Раманс на досвітку”, “Летняя песня”. Музыку напісалі Уладзімір Лапцік, Кацярына Шасцілоўская, Аляксандра Грос. У выкананні дзьвюх апошніх песні і прагучалі пад цудоўны акампанемент гітар.
Алена Бельская прэзентавала прысутным свае вершы розных гадоў на рускай і беларускай мовах. Таксама прызналася ў любові да роднага горада Маладзечна, дзе яна і цяпер часта бывае, любіць прагулкі па ім, а сапраўдным “месцам сілы” лічыць маладзечанскі Парк Перамогі, створаны неўзабаве пасля Вялікай Айчыннай вайны, упрыгожаны знакавымі помнікамі і цудоўна добраўпарадкаваны ў апошнія гады: з сучасным пашыраным руслам ракі, з летнім амфітэатрам, дзе праходзіць штогадовы Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі.
Арыентуючыся на моладзевую аўдыторыю, Алена Уладзіміраўна, сама маці трох сыноў, чытала вершы адпаведнай тэматыкі, якія маюць пэўны педагагічны складнік: “Дзеду”, “Не чакай…”, “Лялька”, “Не трэба здавацца”. Яна прызналася ў любові да паэтаў – літаратурных класікаў, творчасць якіх вывучаюць у школе, і прачытала верш, прысвечаны рускаму паэту Сяргею Ясеніну. Паэтка прызналася, што пачала пісаць павучальныя вершы-прытчы, пазнаёміла маладых з “Прытчай пра яблыкі”.

Сапраўдны пісьменнік заўсёды і выхавацель, настаўнік. Па вядомых рацэптах навучання, паэтэса сама задавала пытанні прысутным. Напрыклад, ці ведаюць яны творчасць Фрыдрыха Шылера? Яна выказала ўпэўненасць, што моладзі, якая зараз чытае шмат кніг па гісторыі, знаёмая такая гістарычная асоба, як Марыя Сцюарт – яркая прадстаўніца вядомай каралеўскай дынастыі Шатландыі, гераіня рамантычнай трагедыі Шылера. І прачытала ўласны верш на шылераўскія матывы, адзначаны ў мінулым годзе на конкурсе імя паэта. Алена Бельская прапанавала моладзі таксама пісаць вершы, не баяцца белага аркуша паперы, прымаць удзел у конкурсах. Прызналася, што сама пачала пісаць вершы ў падлеткавым узросце.
У канцы творчай сустрэчы паэтэса адказала на пытанні прысутных, а таксама падпісала сваю кнігу ў падарунак найбольш актыўнаму ўдзельніку сустрэчы – будучаму ўрачу.
На працягу ўсяго мерапрыемства на століку побач стаялі падрыхтаваныя бібліятэкарамі беларускія часопісы з публікацыямі Алены Бельскай і яе кнігі. У тым ліку нядаўняя, пад красамоўнай назвай – “Прымерыла шчасце”.
Людміла Канапацкая
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


