Красавіцкія сустрэчы


Красавіцкія сустрэчы

06.04.2026                                                          Новости


У Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі ў сталічнай гімназіі № 146 прайшла творчая сустрэча з вядомым беларускім паэтам, дзіцячым пісьменнікам, лаўрэатам прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, уладальнікам медаля Францыска Скарыны генерал-маёрам у адстаўцы Іванам Юркіным і журналістам,  пісьменнікам, публіцыстам Ірынай Бурак. У рамках культурнага мерапрыемства адбылася прэзентацыя кнігі "100+ інтэрв'ю з зоркамі культуры і мастацтва".

 

 

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат літаратурнай прэміі "Залаты Купідон" Іван Захаравіч Юркін расказаў маладзёжнай аўдыторыі аб сваёй літаратурнай творчасці. Быў паказаны відэафільм пра лёс генерала, узнагароджанага медалём "За адвагу" ў мірны час. Паэт-песеннік прадставіў паэтычныя зборнікі, прысвечаныя малой Радзіме, культуры беларускага народа, ветэранам вайны, любові да роднага краю. Сугучнай з тэмай культурнай спадчыны нашай краіны стала і прэзентацыя кнігі Ірыны Бурак "100+ інтэрв'ю з зоркамі культуры і мастацтва", адным з герояў якой з'яўляецца ваенны паэт і пісьменнік Іван Юркін.

 

 

Госці наведалі музей "Мінск гераічны", створаны ў гімназіі з мэтай далучэння вучняў да гісторыі беларускай сталіцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, грамадзянскага і патрыятычнага выхавання. Экспазіцыя, якая складаецца з унікальных экспанатаў, расказвае не толькі пра мужнасць падпольшчыкаў акупаванага фашыстамі Мінска, але і герояў мірнага жыцця, злучаючы гісторыі мужнасці розных гадоў у адзіны гераічны летапіс нашага народа. Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі прынялі ўдзел у рабоце медыяцэнтра "Свежы вецер", юнкоры якога робяць першыя крокі ў будучую прафесію ў аднайменным забаўляльна-пазнавальным часопісе: пішуць вершы, інтэрв'ю, рэпартажы. Пісьменнікі падарылі школьнай бібліятэцы свае кнігі.

Асаблівую цеплыню сустрэчы дадало выступленне аўтараў і выканаўцаў бардаўскіх песень, музычных педагогаў Палаца дзяцей і моладзі Інэсы Кароль і Сяргея Антонава.

 

Ірына Ласка

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси