27.03.2026 Новости
На ХХХІІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставе сваю творчасць прадставіла краязнаўца, публіцыст Галіна Антонава. Cёлета творца зрабіла гэта двойчы: 17 сакавіка – у складзе дэлегацыі Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і 20 сакавіка – з калектывам калег-журналістаў.

Галіна Францішкаўна працуе карэспандэнтам раённай газеты «Светлы шлях» (Смаргонь), з’яўляецца членам Беларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аўтар кніг: «Дзяруга», «Самародкі», «Веліч малой радзімы», «Космас Анатоля Антонава», «Месца пад сонцам», «Знайсці сябе», «Вайна ў асобах. Непрыдуманыя гісторыі герояў». У якасці рэдактара падрыхтавала да друку рукапісы
смаргонскага доктара Юрыя Чапёлкіна; выданне атрымала назву «Нататкі правінцыйнага хірурга».

Гэтыя выданні расказваюць пра лёсы славутых землякоў і простых жыхароў Смаргоншчыны, захоўваючы для нашчадкаў іх подзвігі, дасягненні і жыццёвыя гісторыі.

Аўтарскія публікацыі Галіны Антонавай пра таленавітых смаргонцаў друкаваліся ў газетах: «Культура», «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкая газета», «Аргументы и факты», «Сельская газета», «На страже», «Краязнаўчая газета», «Гродзенская праўда», «Мінская праўда», «Астравецкая праўда», «Маладзечанская газета», «Родны край», часопісах «Аве Марыя», «Алеся» і іншых выданнях. Г. Ф. Антонава прымала ўдзел у стварэнні тэлепраграм тэлеканала «Беларусь 3» «Маляваныя дываны» і «Камертон» (пра заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, скульптара Уладзіміра Церабуна). Была госцем аўтарскай праграмы Навума Гальпяровіча «Суразмоўцы». Смаргонская творца з’яўляецца лаўрэатам Прэміі імя А. І. Дубко «Творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва» ў намінацыі «Журналіст года» (2020). Галіна Антонава занесена на Дошку гонару Смаргонскага раёна (2025).
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Яшчэ па тэме: рэпартаж раённай газеты «Светлы шлях», Смаргонь
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


