Рыфма ў руху


Рыфма ў руху

25.03.2026                                                          Новости


Вясна + Паэзія + Рух = Паэтычны аўтобус маршрутам на 33-ю Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш. Калі сімвал кніжнага форуму — кніга, то сімвал паэзіі — рух. Вось чаму паэтычны аўтобус — неад’емны складнік кніжнага свята, урачыстасць якога падкрэслівае паэзія. Увасабленне яе, на мой погляд, — вясна. Бо калі яшчэ так моцна праяўляецца энергія жыцця: святло і цяпло прымушаюць усё жывое цягнуцца ўверх і ствараць. Вось і птушкі ўжо прыглядаюцца да месца, дзе будуць віць гняздо, і палеткі, свабодныя ад снегу, рыхтуюцца прыняць усходы. Душа, думаецца, — самае жывое і тонкае, што адгукаецца на цяпло.

 

 

Як натуральна пад сонцам сыходзіць снег, так і добрае слова здольна растапіць крыгі душы. Камусьці не здаецца дзівам, што снег знікае за два тыдні, а ў паэзіі такіх дзівос тысячы. Бо яна сама сонца, якая творыць дзівосы. Любы рух у прыродзе для паэзіі — цуд і не можа застацца па-за яе ўвагай.

 

 

Вясна — пара, калі найвыразней праяўляюцца цуды — цуды ператварэння, змены стыхій, калі жыццё аддаецца руху абуджэння. Вясна ў прыродзе бывае раз у год, а вясну ў душы можна зрабіць кожны дзень, гадзіну, імгненне. З дапамогай паэзіі. Яна — тое павелічальнае шкло, якое накіравана на прымнажэнне любові і дабра. Паэзія зрабіла гэтую 33-ю Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш адметнай, а паэтычны аўтобус, у якім гучала лірыка, — чароўнай.   

У рускай мове ёсць цудоўнае слова “благовествовать”, а па-беларуску я б сказала “дабрасловіць”. Менавіта гэтага хочацца вясной падчас кніжнай выстаўкі ў руху, які дае паэтычны аўтобус.

Хай імчыць ён да новых маршрутаў, дзе будзе свяціць паэзія, любоў, дабро!

Ад удзелу ў паэтычным аўтобусе нарадзіўся ў мяне такі паэтычны экспромт:

 

Рыфма ў руху

 

Рыфма ў руху —

Сядзь, паслухай,

У аўтобус паэтычны.

І настрой яго лірычны

Расхіне абсягі духу.

І адчуеш спеў нязвычны

З родных слоў,

Што гоняць скруху.

Рыфма ў руху —

Сядзь, паслухай,

У аўтобус паэтычны.

 

 

P. S. Прыемна было сустрэць сярод пасажыраў паэтычнага аўтобуса шмат неабыякавых слухачоў, у тым ліку і бібліятэкараў Пінскай гарадской цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы, Бібліятэчнай сеткі Клічаўскага раёна, якія ехалі на кніжную выстаўку і мелі магчымасць узняць сабе настрой з дапамогай паэзіі, наталіцца багаццем ацаляльнага роднага слова.

Выказваю падзяку за творчы рэй старшыні МГА СПБ Міхасю Пазнякову і нязменнаму спадарожніку творцаў у паэтычным аўтобусе Анатолю Матвіенку.

Наталля СВЯТЛОВА,

член Саюза пісьменнікаў Беларусі

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси