25.11.2025 Новости
Юбілеі можна святкаваць па-рознаму – шматлюдна, пампезна, з гучнымі прамовамі, яркімі феерверкамі або, наадварот, у невялікім, але цесным коле блізкіх людзей – верных сяброў і надзейных паплечнікаў, тых з якімі пройдзены значны адрэзак жыцця.
Менавіта такія блізкія людзі нядаўна завіталі ў публічную бібліятэку № 5 г. Мінска, каб адзначыць разам з яе супрацоўнікамі 70-гадовы юбілей установы. Гэта – колішнія супрацоўнікі, а цяпер ветэраны працы, калегі-бібліятэкары, ідыёлагі, настаўнікі, пісьменнікі і паэты, партнёры па культурна-асветніцкіх праектах і вядома, актыўныя чытачы, большасць з якіх шмат гадоў адданыя гэтай бібліятэцы.
Семдзесят гадоў – узрост шаноўны і для чалавека, і для ўстановы. Сямідзецігадовая гісторыя сталічнай бібліятэкі № 5 напоўнена яркімі падзеямі, цікавымі сустрэчамі і руплівымі людзьмі, якія з года ў год стваралі тут камфортную атмасферу, захоўвалі традыцыі, напрацаваныя папярэднікамі, і пастаянна рухаліся наперад, ажыццяўляючы ўсё новыя крэатыўныя ідэі і цікавыя праекты.

А распачалася гэта слаўная гісторыя 31 кастрычніка 1955 года, калі выйшаў загад № 133 па гарадскім аддзеле культуры Мінгарвыканкама аб адкрыцці ў сталіцы новай бібліятэкі. Толькі дзесяць гадоў прайшло, як скончылася Вялікая Айчынная вайна. Горад, які быў амаль знішчаны фашыстамі, узнімаўся з руін. Усе мінчукі ў вольны час дружна працавалі на яго адраджэнне. Будаваліся заводы, інстытуты, школы, кінатэатры, бібліятэкі… Пасля ваеннага ліхалецця людзі цягнуліся да культуры, да ведаў, да кніг.
Першым часам бібліятэка месцілася ў чытальні Гарадскога парка культуры і адпачынку імя М. Горкага. А ў 1959 годзе яна атрымала ўласнае памяшканне на першым паверсе прыгожага новага дома па адрасе: вуліца Казлова, дом 2. Загадчыцай стала Ірына Арэхоўская, якая і павяла калектыў у доўгі і добры шлях скрозь гады. У 1976 годзе бібліятэка ўвайшла ў Цэнтралізаваную сістэму дзяржаўных публічных бібліятэк г. Мінска як яе філіял № 5.
Сёння бібліятэка № 5 валодае багатым кніжным фондам, шырокімі інфармацыйнымі рэсурсамі, утульнымі заламі. На паліцах у гэтых залах і ў кнігасховішчы знаходзяцца больш за 35 тысяч асобнікаў. У бібліятэцы працуе Публічны цэнтр правовай інфармацыі. Наведвальнікі могуць карыстацца камп’ютарнай тэхнікай, каб займець праз інтэрнэт неабходную інфармацыю. Электронны каталог дапамагае хутка і дакладна знайсці любую кнігу. Створаны ўсе ўмовы, каб задаволіць патрэбы чытачоў, якіх налічваецца амаль 2700 чалавек, і чвэрць іх – дзеці.

Пра ўсё гэта расказала гасцям юбілейнага мерапрыемства загадчыца бібліятэкі Вольга Партач. Яна добрым словам успомніла ўсіх колішніх супрацоўнікаў і прадставіла прысутных на свяце Алену Калейнік і Алену Зарыцкую, якія ў свой час узначальвалі ўстанову і зрабілі важны ўнёсак у беларускую культуру. Былыя кіраўніцы ўстановы падзяліліся цёплымі і цікавымі ўспамінамі.
Багата добрых, заслужаных слоў было сказана ў адрас цяперашніх супрацоўнікаў, высокапрафесійных бібліятэкараў, вопытных спецыялістаў кніжнай справы, якія заўжды гатовы дапамагчы чытачам знайсці патрэбную кнігу, падказаць дадатковую літаратуру, параіць кніжныя навінкі: Валянціну Грынчук, Алену Дзенісевіч, Наталлю Слушко, а таксама Таццяну Асаула і Вольгу Стрыга, якія забяспечваюць ва ўстанове чысціню і парадак.
Бібліятэка № 5 – сапраўдны культурна-асветніцкі цэнтр, дзейнасць якога будуецца на сучасных праграммах і праектах. Чытальня бібліятэкі даўно ўжо стала пляцоўкай для шматлікіх пазнавальных, творчых і сяброўскіх сустрэч. Тут пастаянна ладзяцца мастацкія выставы, творчыя сустрэчы, прэзентацыі новых кніг, пасяджэнні літаратурных аб’яднанняў і клубаў. Супрацоўнікі ўстановы праводзяць багата мерапрыемтваў з патэнцыяльнымі чытачамі і па-за бібліятэчнымі сценамі. У выніку склалася цеснае супрацоўніцтва з педагогамі, літаратарамі, дзеячамі культуры.
Павіншаваць бібліятэкараў з юбілеем прыйшлі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Партызанскага райвыканкама Таццяна Рымша, старшыня Мінскага гарадского аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў, дзіцячая пісьменніца Тамара Бунта, паэтка Кацярына Стройлава, дырэктар сталічнага кінатэатра “Мір” Таццяна Ясінская, прадстаўнік Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Ганна Гадзірава, настаўніца сярэдняй школы № 10 Ганна Ляўковіч, супрацоўніцы бібліятэкі Мінскага дзяржаўнага каледжа архітэктуры і будаўніцтва Святлана Матусевіч і Вольга Жукава, а таксама загадчыца бібліятэкі сярэдняй школы № 35 Алена Кухарава. Усе яны – не толькі сапраўдныя сябры і аднадумцы супрацоўнікаў бібліятэкі № 5, але і надзейныя партнёры ў рэалізацыі культурна-асветніцкіх праектаў. Гэта ж падкрэслівалі ў сваіх выступленнях і ганаровыя госці.
З яркай віншавальнай прамовай выступіў на свяце старшыня МГА СПБ Міхась Пазнякоў. Ён падкрэсліў, што сталічныя пісьменнікі маюць даўнія моцныя сувязі з бібліятэкай № 5. Гэтаму спрыяе блізкае суседства ўстановы культуры з Домам літаратары. Тут пісьменнікі і паэты прэзэнтуюць свае новыя кнігі, сустракаюцца з чытачамі і нават арганізоўваюць літаратурныя заняткі. Сёння ў бібліятэцы працуюць ажно чатыры творчыя аб’яднанні – “Парнас”, “Азарэнне”, “Спадарыня” і клуб юных чытачоў “Кнігавічок”, якімі кіруюць прафесійныя літаратары.
Але, вядома, самымі дарагімі гасцямі на святкаванні 70-гадовага юбілею бібліятэкі № 5 былі чытачы бібліятэкі – самыя актыўныясярод іншых, тыя, хто завітваюць у гэты кніжны храм ужо шмат гадоў і нярэдка па некалькі разоў на месяц: Іраіда Сітнікава, Наталля Булва, Вольга Водчыц, Наталля Стржыгоцкая, Валянціна Марчанка, Вікенцій Котляр, Марыя Шэвік, Ларыса Карпусь, Яніна Крывашэева… Сярод іх – людзі розных прафесій: педагогі, навукоўцы, архітэктары, вайскоўцы, але ўсіх іх аб’ядноўвае любоў да Яе Вялікасці Кнігі.
Юбілейнае мерапрыемства прайшло ў прыгожай, узнёслай атмасферы. Лірычнага настрою святу дадалі вершы, якія чыталі госці, а таксама выступленне трыа флейтыстаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
З юбілеем, любімая бібліятэка!
Таццяна ПЯТРОВА.
Фота прадастаўлены аўтарам.
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


