15.11.2025 Новости
У Мінскім гарадскім тэатры паэзіі пры Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбыўся літаратурна-музычны вечар памяці народнага паэта Дагестана Магамеда Ахмедава, прымеркаваны да 70-годдзя з дня яго нараджэння. Мерапрыемства арганізавалі Міжнароднае грамадскае аб"яднанне дагестанцаў "Гаро", Саюз пісьменнікаў Беларусі і галоўная кніжніца г. Мінска. Правёў вечарыну паэт, мастак лаўрэат Дзяржаўнай літаратурнай прэміі Дагестана імя Расула Гамзатава, народны мастак Рэспублікі Чачня і Рэспублікі Дагестан Хізры Асадулаеў. Перад прысутнымі выступілі знакамітыя паэты і перакладчыкі (у тым ліку і твораў Магамеда Ахмедава) Міхась Пазнякоў і Анатоль Аўруцін. Вершы выдатнага дагестанскага паэта на рускай і беларускай мовах па-майстэрску прачытала мастацкі кіраўнік Тэатра паэзіі Вольга Багушыньска. Танец "Лезгінка" зайздросна выканаў артыст Васілій Астрамецкі. Горача апладзіравалі гледачы танцавальнай групе "Эдэльвейсы". На вечары прысутнічала Урадавая дэлегацыя каўказскай рэспублікі на чале з саветнікам Кіраўніка Рэспублікі Дагестан Энрыкам Муслімавым, які выступіў з удзячным словам арганізатарам мерапрыемства. Слова трымалі таксама саветнік Пасольства Расіі ў Беларусі Багаўдзін Курбанаў, работнік Прадстаўніцтва Расійскага супрацоўніцтва ў Мінску Віялета Бубуёк і Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак. На вечарыне прысутнічалі вядомыя беларускія дагестанцы, некаторых з іх Энрык Муслімаў узнагародзіў Ганаровымі граматамі Міністэрства па нацыянальнай палітыцы і справах рэлігій Дагестана. У прыватнасці — доктара медыцынскіх навук Зелімхана Дундарава, старшага трэнера зборнай Беларусі па дзюдо і самба Магамеда Рамазанава, пісьменніка Магамедшапі Ісаева, кіраўніка Мінскага абласнога аддзялення Федэрацыі самба Беларусі Хізры Мірзоева, харэографа Пацімат Магамедаву, прадпрымальніка Руслана Закрыева.







Павнл Кузьміч.
Фота аўтара.
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


