09.11.2025 Новости
5-га лістапада ў Гродне выступіла член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат прэміі імя А. І. Дубко, паэтэса Таццяна ЯЦУК.
У зале Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Карскага сабраліся прыхільнікі мастацтва, чытачы рознага ўзросту, калегі паэтэсы. Творчую вечарыну Таццяны Мікалаеўны Яцук прысвяцілі прэзентацыі зборніка яе ваенна-патрыятычнай лірыкі «Прага цішыні». Адбылося сапраўднае яскравае свята прыгажосці, сардэчнасці, чалавечнасці… Аўтарскія вершы гучалі трывожным набатам неўміручай памяці пра мінулае, кранальным гімнам жыццялюбства; натхнялі людзей на рух наперад, нібыта адкрывалі новыя гарызонты жыцця.

Павіншаваць паэтэсу прыйшлі старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, паэтэса Людміла Кебіч; беларускі празаік Ірына Салата; маладыя гродзенскія паэткі Юлія Мельнік, Вольга Алізар; члены гарадскога літаратурнага аб’яднання «Надежда» – паэтэса Святлана Глембоцкая; паэт, празаік Станіслаў Вішнеўскі і іншыя.
Госця распавяла пра сваю новую работу – зборнік ваенна-патрыятычнай паэзіі «Прага цішыні» (Мінск, выдавецтва «Беларусь», 2025), выхад якога прымеркаваны да 80-й гадавіны Перамогі Савецкага Саюза ў Вялікай Айчыннай вайне. Былі прадстаўлены і іншыя выданні Таццяны Яцук.

Творчае выступленне пабудавалі ў фармаце сяброўскай гутаркі, падчас якой Таццяна Мікалаеўна нават запрасіла прысутных на экскурс па сваёй біяграфіі. Паэтычнае слова, агучанае ў зале галоўнай кніжніцы Прынёмання, пакінула незабыўныя пачуцці цеплыні, шчырасці і захапіла кожнага вытанчанай эстэтыкай гучання.
Важны факт – знаёмства з новай кнігай сучаснай беларускай паэзіі і яе стваральніцай зацікавіла гродзенскую моладзь. Кожны з прысутных атрымаў магчымасць набыць кнігі паэтэсы з аўтографам на памяць.

Прэзентацыі новага зборніка лірыкі Таццяны Яцук «Прага цішыні» працягваюцца.
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


