04.11.2025 Новости
Пад такой назвай у Мінскім гарадскім тэатры паэзіі пры Цэнтральнай бібліятэцы імя Я. Купалы адбыўся вечар памяці паэта-песенніка Алега Жукава і кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Алега Елісеенкава, якія доўгі час сябравалі і супрацоўнічалі.



Аўтарам сцэнарыя і рэжысёрам імпрэзы выступіла мастацкі кіраўнік Тэатра паэзіі Вольга Багушыньска.
Яна і старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхась Пазнякоў і былі вядучымі мерапрыемства. А пачалося яно з хвіліны маўчання. Затым два свае вершы, прысвечаныя Алегу Жукаву і Алегу Елісеенкаву прачытаў паэт Міхась Пазнякоў. Больш за дзве гадзіны шматлікія прыхільнікі творчасці выдатных творчых асоб слухалі выступленні вядомых сучасных паэтаў, якія супрацоўнічалі з Алегам Елісеенкавым: Анатолія Аўруціна, Івана Юркіна, Уладзіміра Мазго, Міхася Пазнякова, Ірыны Тулупавай, Тамары Залескай, Тамары Кавальчук. Песні на іх вершы і на вершы Алега Жукава выканалі спевакі — заслужаны артыст Беларусі Алег Сямёнаў, Алеся Дзяржавец, Наталля Хадкевіч, студэнт БДПУ імя Максіма Танка Данііл Кульгавы. А ў аўдыёзапісу песні Алега Елісеенкава прагучалі ў выкананні народнага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі, заслужаных артыстаў Беларусі Валерыя Дайнекі, Аляксандра Саладухі, а таксама ў выкананні самога Алега Елісеенкава. Прысутныя паглядзелі і кароткія тэлефільмы пра Алега Жукава і Алега Елісеенкава. З экрана з відэазваротам да ўдзельнікаў вечарыны звярнуўся заслужаны артыст Беларусі, спявак Аляксандр Саладуха.



У канцы імпрэзы прысутныя з вялікай увагай слухалі выступленні жонак Алега Жукава і Алега Елісеенкава — Святлану Жукаву і Таццяну Елісеенкаву, якія шмат цікавага расказалі пра сваіх таленавітых мужоў, іх творчую дзейнасць, падзяліліся, якімі чулымі і клапатлівымі яны былі ў сям"і.

Павел Кузьміч.
Фота аўтара.
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


